Адзіночны пікет у Паставах памяці Рамана Бандарэнкі
Чалавек з інваліднасцю другой групы, вядомы краязнаўца, гісторык і пісьменнік Алесь Гарбуль зладзіў 15 лістапада ў Паставах адзіночны пікет.
Яго затрымала пастаўская міліцыя, склала на яго пратакол, суд над ім павінен адбыцца ў сераду, 18 лістапада.
Як кажа грамадская актывістка з Пастаўшчыны Ганна Федаронак, на акцыях па ўшанаванні памяці Рамана Бандарэнкі ў Паставах затрымалі разам з Алесем Гарбулем ужо 5 чалавек. Але, нягледзячы на вялікія штрафы і затрыманні, пастаўчане працягваюць выказваць сваё неабыякавае стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне.
– Па іншаму ўжо быць не можа. Гэта як выціснутую пасту ў цюбік назад не вернеш. Людзі ўжо ні за што не пагодзяцца. Як мы можам не перамагчы? Гэта мне ўжо здаецца проста справа часу. Каб толькі менш ахвяр. Таму што як у Менску плошчу Перамен зачышчалі, то гэта нармальная псіхіка ніяк не можа вытрымаць. Не ведаю, як можна з гэтым змірыцца.
Алесь Гарбуль жыве ў Лынтупах, што на Пастаўшчыне. Ён з’яўляецца ўнучатым пляменнікам знакамітага партызана Канстанціна Заслонава, які змагаўся з нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя