Аэраэкспрэс з Менска ў аэрапорт будзе ісці 30-35 хвілін



На аэраэкспрэсе з Менска ў аэрапорт можна будзе дабрацца за 30-35 хвілін, праект папярэдне ацэньваецца ў $150 млн, паведаміў міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка ў Савеце Рэспублікі.

«Што датычыцца будаўніцтва чыгункі ў Нацыянальны аэрапорт Менск, то мы прыступілі да падрыхтоўкі тэхніка-эканамічнага абгрунтавання праекта. Мяркуецца, што электрычка звяжа чыгуначны вакзал сталіцы з Нацыянальным аэрапортам Менск. Плануецца, што аэраэкспрэс будзе ў дарозе да аэрапорта 30-35 хвілін», – распавёў Аляксей Аўраменка.

Па словах міністра, папярэдне аб’ём інвестыцый у праект можа скласці каля $150 млн. «Больш дакладная лічба будзе ў сакавіку 2020 года пасля падрыхтоўкі тэхніка-эканамічнага абгрунтавання праекта», – дадаў ён.

Сёння прэмʼер-міністр Беларусі Сяргей Румас на сустрэчы з першым віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Юргенам Рыгтэрынкам прапанаваў ЕБРР удзел у праекце. Раней аналагічную прапанову ўрад зрабіў Сусветнаму банку.

Аляксей Аўраменка ўдакладніў, што адпрацоўваецца магчымасць удзелу ў праекце розных банкаў. Які з банкаў у выніку дапаможа звязаць сталіцу і аэрапорт, будзе залежаць ад умоў, на якіх яны будуць гатовыя супрацоўнічаць. З кожным банкам будзе абмяркоўвацца і доля праекта, якую яны гатовыя былі б прафінансаваць.

zviazda.by Фота: railwayz.info