Афіцыйныя экскурсаводы ў Беларусі абапіраюцца на савецкую спадчыну
„Экскурсійныя маршруты ў Беларусі абапіраюцца на тэксты, зацверджаныя яшчэ за савецкімі часамі”, – кажа гід-перакладчык Яўген Меркіс.
Атэставаны экскурсавод прыводзіць прыклад, што ўніфікаваны тэкст па Гомелі напісалі яшчэ ў пачатку 80-х гадоў. Яўген Меркіс гаворыць, што атэставаныя экскурсаводы мусяць прытрымлівацца гэтых тэктаў. Але, па вядомых прычынах, так ніхто не паступае:
– Там увесь тэкст насычаны тым, што: „Вось зараз мы выходзім на плошчу Леніна. Тут у нас самая галоўная адметнасць – гэта помнік Леніну, у яго такі-та метраж увышыню, архітэктар вось такі-та чалавек”. Увесь тэкст насычаны камуністычнымі вуліцамі, камуністычнымі дзеячамі. Тэкст трохі карэктавалі ў 1990-х гадах, і ўсё роўна вельмі дзіўна глядзіцца, калі ты распавядаеш: „Зараз Гомель магутны горад, у якім працуюць такія і такія заводы”. Калі ты будзеш пра гэта распавядаць, то будзеш хлусіць, бо гэтыя заводы даўно не працуюць.
Зацвердзіць кананічныя тэксты для экскурсаводаў прапанаваў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. Паводле гіда-перакладчыка Яўгена Меркіса, такія ўніфікаваныя экскурсійныя тэксты ўжо існуюць.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель