Агент КДБ з Гомеля раскрыўся ў Польшчы
Агент КДБ з Гомеля прызнаўся ў Польшчы ў супрацы з органамі і рэдагаванні антыапазіцыйнага сайта.
Сяргей Васільеў (Фота belsat.eu)
Камп’ютаршчык Сяргей Васільеў апублікаваў у інтэрнэце відэа, якія даказваюць ягоную датычнасць да працы рэсурса gomelbest.info.
Праваабаронца Леанід Судаленка заўважае, што 10 год шукаў адміністратара гэтага сайта:
– Гэтага Васільева звыш дзесяці год шукаў, бо акрамя тых паклёпніцкіх артыкулаў у дачыненні да мяне, ён нават быў перайшоў да здзяйснення крымінальнага злачынства. Ён пагражаў асабіста мне і маім дзецям забойствам. Чаму я павінен прабачаць яго?
Гомельскі палітык Уладзімір Кацора таксама з’яўляўся фігурантам многіх тэндэнцыйных публікацый сайта. Аднак ён не лічыць патрэбным зводзіць рахункі з Васільевым:
– Асабіста ў мяне да яго і да іншых, хто там гэту працу чорную рабіў, няма пытанняў, у суд я падаваць не буду. Я ведаю, што ёсць людзі, якія, скажам мякка, пакрыўдзіліся на інфармацыю, якая была. Яны падавалі нават у суд, падавалі ў міліцыю заяву, каб яны знайшлі, хто з’яўляецца адміністратарам. Вось адміністратар сам прызнаўся.
Паводле прызнання Сяргея Васільева, ён з’яўляўся пазаштатным супрацоўнікам органаў дзяржбяспекі з 1995 года.
У 2000-х гадах яго дзейнасць заключалася ў стварэнні і напаўненні сайтаў, якія дыскрэдытавалі апазіцыю. Фігурантамі паклёпніцкіх матэрыялаў сталі гомельскія палітыкі, актывісты і журналісты.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Відэа belsat.eu