Агляд прэсы
Расавая роўнасць у ЗША, беларускія выбары прэзідэнта, крамлёўскія выгнаннікі. Сёння менавіта такія тэмы ў цэнтры ўвагі сусветнай прэсы. Што ў панядзелак убачана вачыма і напісана рукамі замежных журналістаў, даведаемся з агляду Кастуся Багушэвіча.
ПС: Прычынай выключэння Расеі з G8 стала анексія Крыма і інтэрвенцыя на ўсходзе Украіны, і пакуль у Расеі няма шанцаў вярнуцца ў Вялікую сямёрку. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю Rheinische Post міністр замежных спраў Нямеччыны Хайка Маас. На думку палітыка, „сама Расея можа зрабіць найбольшы ўнёсак у адкрыццё дзвярэй”. „Вялікая сямёрка” і „вялікая дваццатка” – гэта два фарматы, якія цалкам адпавядаюць адзін аднаму, і нам пакуль не патрэбныя „вялікая адзінаццатка” ці „дванаццатка””, – растлумачыў Маас. Таксама, адказваючы на пытанне, ці не спісалі ў Еўропе крымскае пытанне, ён сказаў: „Мы працуем у нармандскім фармаце над рашэннем для Усходняй Украіны і рэалізацыі менскіх пагадненняў. Але мы не забываем, што Крым належыць Украіне. Мы не можам проста паціскаць плячыма, і пагадзіцеся, што ў 21 стагоддзі межы Еўропы проста перамалёўваюцца. Мы не пасылаем сігналаў Маскве: калі пытанне з усходняй Украінай будзе вырашана, тады будзе вырашана і з Крымам”. Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зеленскі заклікаў міжнародную супольнасць аказаць ціск на Расею і не пускаць яе ў Вялікую сямёрку, пакуль акупаваныя тэрыторыі не вернуцца Украіне. Прапанову вярнуць Расею ў клуб самых уплывовых краін свету раней высунуў прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп. А ў снежні мінулага года прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо жорстка адхіліў ідэю вяртання Расеі ў Вялікую сямёрку, растлумачыўшы, што „крамлёўскі гаспадар разумее толькі сілавую палітыку, і таму нельга казаць пра саступкі з боку Захаду”.
А цяпер публікацыя пра беларускія выбары. Як гэта бачаць у далёкай Аўстраліі, дзе, дарэчы, ёсць свая беларуская дыяспара? Мясцовае выданне The Conversation піша: У 2005 годзе дзяржсакратар адміністрацыі Буша Кандаліза Райс вынесла Беларусі безапеляцыйны прысуд, назваўшы яе апошняй дыктатурай Еўропы. З тых часоў краіне так і не ўдалося пазбавіцца гэтага іміджу. Але ці сапраўды Беларусь уяўляе сабой дыктатуру? 65-гадовы былы дырэктар саўгасу стаіць ля стырна ўжо больш за чвэрць стагоддзя і паклаў канец пачатку дэмакратычнага пераходнага працэсу, усё больш насядаючы на асабістыя правы. Па выніках рэферэндуму 1995 года ён аднавіў савецкую сімволіку. З тых часоў дзяржавы былога заходняга блоку ўпэўненыя, што Беларусь уяўляе сабой апошнюю камуністычную краіну ў Еўропе. Яна стала ізгоем ў міжнароднай супольнасці, што развязала рукі прэзідэнту ва ўнутранай палітыцы. Лукашэнка яшчэ большы праціўнік дэмакратыі, чым Орбан у Вугоршчыне і Вучыч у Сербіі? Гэта больш складанае пытанне. Намечаныя на 9 жніўня прэзідэнцкія выбары даюць магчымасць зразумець, што Беларусь на самай справе не так ужо моцна засела ў мінулым. Хоць наконт вынікаў выбараў 9 жніўня няма ніякіх сумневаў, мы ўсё ж маем справу з нечуванай сітуацыяй для Беларусі. Справа ў тым, што Лукашэнка ўпершыню сутыкаецца з падобным крызісам легітымнасьці. Вядома, беларусы ўжо даўно ў сварцы з прэзідэнтам, пра што сведчыць мноства анекдотаў, якія ўяўляюць яго дурным і самазакаханым чалавекам, цяпер гэта як ніколі прыкметна. Адмаўленне каронавіруснага крызісу і пагаршэнне ўмоў жыцця — дзве галоўныя прэтэнзіі насельніцтва ў адрас кіраўніка дзяржавы. Апазіцыянеры, у прыватнасці тыя, хто не былі часткай палітычнай сістэмы, змаглі стварыць цяперашні пратэстны рух. Як бы там ні было, нядаўняя гісторыя краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы паказала, што гэтага недастаткова. Прыклад Слабадана Мілошавіча ў Сербіі кажа пра тое, што для звяржэння аўтакратыі патрабуецца адзіная апазіцыя. У Беларусі гэтага няма. Лукашэнка, без сумневу, будзе пераабраны 9 жніўня. Ніхто не сумняваецца ў фальсіфікацыі вынікаў, і таму ў краіне напэўна пройдзе ўсяго адзін тур, за якім рушаць услед пратэсты. Тады апазіцыі трэба будзе дамовіцца, пераступіць праз эга і асабістыя амбіцыі, сфармаваць агульную стратэгію з прыцэлам на будучыя выбары 2025 года. Да таго моманту Лукашэнка будзе знаходзіцца ва ўладзе больш за 30 гадоў… – піша The Conversation свой погляд на беларускія падзеі з Аўстраліі.
Пасля чарговай хвалі сутыкненняў з федэральнымі агентамі актывісты руху „Чорнае жыццё мае значэнне” заявілі пра небяспеку таго, што іх асноўная ідэя можа быць забытая. Актывістка Ціл Ліндсэт наўпрост заявіла: «Я гляджу на гэты натоўп і бачу ў ім вельмі мала чарнаскурых, – паскардзілася 21-гадовая чарнаскурая актывістка. – Арэгон па-д’ябальску белы. Выбелены», – яе словы прыводзіць Guardian, чыю публікацыю мы цытуем. Портленд упершыню назвалі «маленькім Бейрутам» з-за масавых дэманстрацый супраць візіту Джорджа Буша-старэйшага 40 гадоў таму. У эпоху Трампа Портленд канчаткова замацаваў за сабой гэтую рэпутацыю: пратэсты перараслі ў начныя сутыкненні з сілавікамі, якіх прэзідэнт адправіў у гэты горад, каб пакласці канец таму, што ён назваў „анархіяй». Аднак за Портлендам замацаваўся і яшчэ адзін вобраз. Гэта вобраз самага белага горада Амерыкі, які знаходзіцца ў штаце, дзе ў мінулым чорнаскурым было забаронена жыць па законе. Закон, прыняты ў 1850-х гадах, прадпісваў раз у год «пароць» чарнаскурых, каб яны з’язджалі з Арэгону, а ў перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі гарадскі савет Портленда знаходзіўся ў руках у членаў Ку-Клукс-Клана. Беласкурыя і чарнаскурыя жылі ў розных раёнах горада. Прэзідэнт портлендскага аддзялення Нацыянальнай асацыяцыі садзейнічання прагрэсу каляровага насельніцтва містэр Мондэйн заявіў, што «прывілеяваныя белыя», якія маюць уласныя мэты, спрабуюць паглынуць рух Black Lives Matter ў гэтым горадзе. Паводле яго слоў, сутыкненні з сілавікамі, якіх прэзідэнт адправіў у Портленд, гэта ўсяго толькі «спектакль і спроба адцягнуць увагу, паколькі гэта не мае нічога агульнага з ідэяй роўнасці чорных». Афраамерыканцы складаюць усяго 6% насельніцтва Портленда, колькасць якога дасягае 650 тысяч чалавек. Між тым за апошнія тры гады ў 30% выпадкаў забойстваў, учыненых паліцэйскімі пры выкананні службовых абавязкаў, ахвярамі сталі менавіта чарнаскурыя. Паліцэйскі дэпартамент Портленда апынуўся настолькі агрэсіўным ў дачыненні да чарнаскурых, што адміністрацыі Абамы прыйшлося забраць яго пад кантроль федэральнай судовай сістэмы.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.
Беларускае Радыё Рацыя