Агляд прэсы
Чэхі пра беларускія выбары, унікальны індзейскі знак на хакейным швэдры. Пра што піша ў аўторак сусветная прэса, даведаемся з агляду Кастуся Багушэвіча.
ПС: Галасаванне павінна прайсці ў «лепшых» беларускіх традыцыях… Гэта добра пацвярджае той факт, што галоўным апанентам рэжыму цяперашняга прэзідэнта не далі зарэгістраваць сваю кандыдатуру. Галоўны канкурэнт Віктар Бабарыка трапіў за краты па абвінавачванні ў падатковых махінацыях у Белгазпрамбанку. Іншаму вядомаму кандыдату, Валерыю Цапкалу, які, як і Бабарыка, таксама паходзіць з былой эліты, таксама адмовілі ў рэгістрацыі, паколькі не прызналі сапраўднасць усіх подпісаў у падтрымку яго кандыдатуры. Трэцім апанентам быў блогер Сяргей Ціханоўскі, якога не зарэгістравалі з-за адсутнасці яго ўласнаручнага подпісу, хаця ў яго проста не было магчымасці паставіць яе на патрэбным дакуменце з-за адміністрацыйнага арышту, – піша журналіст Карэл Свобада з чэшскага выдання Info. З аднаго боку, Лукашэнка казаў пра тое, што Беларусь не дапусціць паўтарэння ўкраінскага Майдана, а з другога, яго апанент Бабарыка працаваў у банку, які належыць расейскаму Газпрому. Для Лукашэнкі гэта амаль ідэальная магчымасць паднесці сябе ў ролі двайнога абаронцы беларускай незалежнасці: ад Захаду і ад Масквы. Памятаючы вопыт мінулых гадоў, можна выказаць здагадку, што падчас уласна выбараў нам паведамяць пра вялікую колькасць датэрмінова прагаласаваўшых, а акрамя таго, верагодна, галасаваць будуць за межамі выбарчых участкаў, і пракантраляваць гэты працэс будзе практычна немагчыма. Што б ні адбылося на выбарах, з рук Лукашэнку ўсё спусцяць «назіральнікі» з СНД і іншых куткоў постсавецкай прасторы. Хоць усё круціцца вакол унутранай палітыкі, у перадвыбарнай сітуацыі ў Беларусі ёсць і міжнародны аспект. Беларускія эліты асцерагаюцца любых выступленняў супраць Лукашэнкі, бо баяцца рэакцыі Крамля. Прэцэдэнты ўсім добра вядомыя. Узброены захоп Крыма ў 2014 годзе Уладзімір Пуцін патлумачыў папярэднім гвалтоўным пераваротам у Кіеве, які нібыта каардынаваў Захад. Аднак Лукашэнка не хоча адмаўляцца ад улады, па меншай меры па выніках выбараў. Дарэчы, менавіта лавіраваць паміж інтарэсамі Масквы і Захаду, а таксама шараговых беларусаў, у цяперашняга прэзідэнта атрымліваецца якасна. Маскву ён палохае тым, што калі не ён будзе пры ўладзе, краіна радыкальна разгорнецца ў бок Захаду. Таму Расея надае Лукашэнку падтрымку, фінансавую і палітычную, тым самым падтрымліваючы яго рэжым. Беларусаў жа прэзідэнт пераконвае ў тым, што калі пераможа не ён, Расея паглыне іх краіну і разбурыць іх лад жыцця. Пакуль абодва бакі вераць у гэтай гульні Лукашэнку, – такую выснову робіць чэшскі журналіст.
Тэма павагі да карэнных народаў застаецца ў фокусе замежнай прэсы. Канадскія СМІ са спасылкай на блог Let`s go Oilers пішуць пра ўнікальны момант у спартовым свеце, які будзе мець месца ў бліжэйшы час. Абаронца хакейнай каманды, што выступае ў наймацнейшай лізе свету „Эдмантан Ойлерз”, Этан Бэар арыгінальным спосабам падтрымае культуру карэнных народаў тым, што згуляе ў выставачным матчы дзвюх каманд з правінцыі Альберта ў швэдры з сілабічным пісьмом на спіне. 23-гадовы Этан па нацыянальнасці індзеец з роду Ахапавачаў. Ягоны жэст будзе адрасаваны ўсім карэнным амерыканцам, якія гулялі ў хакей і марылі трапіць у НХЛ. Этану гэта ўдалося, і ён хоча падзякаваць сваёй нацыі за гэта. Правадыр мясцовых індзейцаў Уілтан Літлчайлд лічыць гэты жэст выдатным спосабам паказаць разнастайнасць культур Амерыкі, таму выказвае падзяку клубу „Эдмантан” і Нацыянальнай хакейнай лізе, у якой выступаюць клубы Канады і Злучаных Штатаў. Колішні член канадскага парламента ад правінцыі Альберта, правадыр заявіў:
„Клуб выкарыстоўвае сілу спорту, каб наладзіць добрыя адносіны паміж усімі нацыямі, плямёнамі і народнасцямі. Пачынаючы з Маскваціса (Мядзведжага пагорка), у нашай культуры мы праводзім цырымонію найменняў, у якой абапіраемся на самаідэнтыфікацыю і станоўчую самаацэнку: нам спатрэбілася шмат гадоў у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, каб забяспечыць права карыстацца нашымі праграмамі, пісьменства Кры і выкарыстоўваць нашу мову для ўласных імёнаў для супольнасцяў, месцаў і асоб. Імя духу Кры для Маскваціса таксама з’яўляецца часткай аднаго з нашых сакральных вучэнняў пра мужнасць, яго паказвае мядзведзь. Этан прыносіць усім нам вялікі гонар сваёй сілай і натуральнай здольнасцю пераадольваць праблемы. Гэта важна, што людзі пабачаць на плячах Этана наш знак смеласці, гэты знак пакажа, што ён хоча быць упэўненым і адважным”, цытуюць публікацыю канадскія СМІ.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.
Беларускае Радыё Рацыя