Агляд прэсы



Да выбараў прэзідэнта Беларусі застаецца тыдзень. У традыцыйным аглядзе замежнай прэсы ад Кастуся Багушэвіча мы даведаемся, якія тэмы, звязаныя з кампаніяй, закранаюць нашы суседзі — палякі і ўкраінцы.

– Сёння ў беларускай апазіцыі лідзіруюць тры жанчыны. Такога натоўпу, як збірае на мітынгах Святлана Ціханоўская, ніколі не было ў Менску, – піша польскае выданне Wiadomosci. Сёння яна з’яўляецца галоўным канкурэнтам Аляксандра Лукашэнкі, хаця выпадкова трапіла ў палітыку. Аднак і сам яе муж Сяргей Ціханоўскі яшчэ летась не быў звязаны з палітыкай. Па адукацыі яна мовазнаўца і перакладчыца, хаця апошнім часам не працавала па прафесіі і была хатняй гаспадыняй. Яна выхоўвае дваіх дзяцей, якіх адправіла за мяжу для бяспекі, бо балатавалася ў прэзідэнты. Брунэтцы 38 гадоў, яна паходзіць з невялікага мястэчка на поўдні Беларусі, скончыла Дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт у Мазыры, недалёка ад роднага горада. Яна працавала перакладчыцай, сярод іншага, для замежных дабрачынных арганізацый. І калі яна абвясціла пра свой удзел у выбарах, яна захапіла натоўпы людзей.

– Святлана кажа пра сябе, што яна не палітык, а сімвал сёлетніх пратэстаў. Вось так я ўспрымала яе характар з самага пачатку, – распавядае Юлія, прыхільніца Ціханоўскай, у якой узялі каментар польскія рэпарцёры. – Яна незвычайная жанчына, якая здзіўляе ўжо некалькі месяцаў. Можна лёгка прасачыць, як гэта развівалася падчас выбарчай кампаніі. Яе прамовы цяпер больш упэўненыя і смелыя. Ці ёсць у Беларусі шанец на рэальныя змены і ці можа Лукашэнка страціць уладу? Эксперты скептычна ставяцца да гэтага, але адзначаюць, што беларусы ніколі не казалі так гучна пра сваё незадавальненне. Тым не менш, яны прагназуюць перамогу Лукашэнкі з наступным складаным тэрмінам, у якім ён будзе змагацца з ростам незадаволенасці насельніцтва. Прыхільнікі Ціханоўскай мяркуюць, што ў Беларусь прыйдуць перамены. – Я буду ўважліва сачыць за тым, як аб’яднаны калектыў будзе рэагаваць на вынікі выбараў. Але насамрэч усё будзе залежаць ад саміх беларусаў, – рэзюмуе Юлія.

Выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць у нядзелю, 9 жніўня. Цяжка ацаніць рэальную падтрымку кандыдатаў. Адзін з лозунгаў апазіцыі абвяшчае, што Аляксандр Лукашэнка мае ўсяго 3 адсоткі падтрымкі. Аднак гэта толькі лозунг, бо падтрымка на роўні 25 адсоткаў больш верагодная ў Менску і 30% у правінцыі, – так завяршае польскае выданне свой артыкул пра сітуацыю ў Беларусі.

Украінскія медыі не маглі застацца ўбаку пасля арышту супрацоўнікаў ПВК „Вагнер” пад Менскам. Тым больш, што сярод арыштаваных адразу некалькі чалавек, якіх шукае Украіна за ўдзел у вайне на Данбасе. Выданне „Одесский курьер” піша пра беларускага палітыка Валерыя Цапкалу. Цытуем: не паспеў гэты дзеяч распакаваць валізкі ў сталіцы Украіны, як пачаў рэтрансляваць крамлёўскія наратывы. У эфіры тэлеканала „Прамый” Валерый Цапкала заявіў, што арышт расейскіх наймітаў у Беларусі — гэта пастаноўка і клаўнада. Па сутнасці, Валерый Цапкала вымавіў у эфіры ўкраінскага тэлеканала крамлёўскі наратыў, які стаў распаўсюджвацца адразу пасля таго, як быў праведзены арышт баевікоў, а спроба назваць іх „украінскай ПВК”, а потым „транзіцёрамі” ў Судан, правалілася з трэскам. Прасцей кажучы, чаго яшчэ чакаць ад крамлёўскага афіліянта? А вось чаго. У эфіры „Украіна 24”, практычна ў той жа дзень, гэты самы дзеяч распавядаў пра непазбежны Майдан у Беларусі, надзею ўсёй Беларусі – кандыдатку ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую і катастрафічна нізкі рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі. Тым самым Валерый Цапкала адным махам ахапіў: і „ўкраінскі сцэнар” для Рэспублікі Беларусь, з прымешкам заходняга, а зусім не расейскага следу; прарэкламаваў Ціханоўскую, якая да гэтага часу не вызначылася са статусам Крыма і аточанай піяртэхнолагамі ГРУшнага выгляду. І ўсё гэта, увага, у эфіры ўкраінскіх тэлеканалаў! А таму Украіна ператвараецца не проста ў кропку збору „беларускай апазіцыі”, як анансаваў два тыдні таму яшчэ адзін гулец гібрыднай каманды, які хаваецца ва Украіне – Вадзім Пракоп’еў. Украіна ператвараецца ў пляцоўку для інфармацыйных нападаў супраць Беларусі ў інтарэсах Расеі. Прычым Расея, відавочна, не мае намеру дарыць Аляксандру Лукашэнку і адзінага шанцу на яшчэ адзін прэзідэнцкі тэрмін, бо да завяршэння, магчыма, апошняй дэкады Пуціна, Крамлю стратэгічна важна паглынуць Беларусь. І гэта паглынанне будзе выраблена не з дапамогай гібрыднай арміі, але з дапамогай гібрыдных апазіцыянераў. І ў кантэксце ўсяго вышэйпададзенага, усё ж застаецца актуальным пытанне, якую ролю і на чыім баку ў гэтым „паглынанні” згуляе Украіна?

Беларускае Радыё Рацыя