Агляд прэсы



Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Пачалося датэрміновае галасаванне, а разам з ім і грубыя парушэнні заканадаўства з боку самой улады. Што пішуць і што прагназуюць замежныя СМІ ў гэты аўторак?

Даведаемся ў аглядзе замежнай прэсы ад Кастуся Багушэвіча:

– Апошняя еўрапейская дыктатура можа пацярпець крах? „Мне надакучыла маўчаць і баяцца”. Беларускі аўтарытарны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка кіруе краінай ужо чвэрць стагоддзя. Аднак з’явілася жанчына, якую ўжо называюць беларускай Арлеанскай дзевай і якая сур’ёзна пагражае перашкодзіць дыктатару выйграць шостыя прэзідэнцкія выбары. Пра гэта ў спецыяльным рэпартажы з Менску перадае харвацкае выданне Dennik. Апошняя еўрапейская дыктатура, як Беларусь часта называюць заходнія СМІ, — цяпер тут пачатак стварэння больш свабоднага грамадства, працэс, які будзе доўжыцца не адзін выбарчы цыкл, а значна даўжэй. Яго найболей прыкметна распачала Святлана Ціханоўская, кандыдатка ў прэзідэнты. Матывам яе кандыдатуры з’яўляецца муж, вядомы блогер-апазіцыянер, арыштаваны і абвінавачаны ў сувязях з расейскімі наймітамі. Яна выступіла на такім масавым сходзе, якога не бачылі ў Беларусі пасля падзення Савецкага Саюза.

„Я не палітык і мне не патрэбная палітычная ўлада, але мой муж знаходзіцца ў турме. Я павінна хаваць сваіх дзяцей дзеля бяспекі. Я ахвяравала мірным жыццём на карысць усіх нас”, – сказала яна падчас выступу. „Мне надакучыла быць цярплівай, мне надакучыла маўчаць, мне надакучыла баяцца. А вы? Вы стаміліся ад цярпення? Вы стаміліся ад маўчання? Вы стаміліся ад страху?”, – спытала яна і атрымала гучныя пацверджанні прысутных. Яе кампанія зводзіцца да закліку вызваліць палітвязняў. Мітынгі апазіцыі гэтым разам перашкодзілі выпрабаванай тактыцы запалохвання з боку Лукашэнкі. У краіне напярэдадні мітынгу адбыўся арышт 32 расейскіх наймітаў. Масква адмаўляе любое дачыненне да затрыманых. (Тут варта нам зрабіць заўвагу, кажучы, што харвацкае выданне ў дадзеным сказе падае непраўдзівыя звесткі — насамрэч, Масква прызнала сваіх людзей, але цалкам адмаўляе іхную датычнасць да падрыхтоўкі тэрактаў у Менску). Dennik.hr працягвае: „Упершыню за 25 гадоў Лукашэнка сутыкнуўся з моцнай апазіцыяй і ціскам Расеі ў энергетычнай сферы і Захаду з нагоды парушэння правоў чалавека. Калі Лукашэнка атрымае шосты тэрмін у нядзелю, няма ўпэўненасці, што ён завершыць яго”.

Пра прэзідэнцкія выбары ў Беларусі піша і брытанская газета The Guardian. Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ва ўмовах жорсткага ціску, якога ніколі раней не адчуваў. За мінулы тыдзень у Беларусі адбыліся дзіўныя падзеі. Мітынг апазіцыі, названы найбуйнейшым з часоў распаду СССР, арышт расейскіх наймітаў, нібыта накіраваных туды для дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне, і прызнанне Лукашэнкі ў тым, што вынік здадзенага ім тэсту на наяўнасць віруса стаўся станоўчым. Цалкам верагодна, што прэзідэнт, які знаходзіцца ва ўладзе ўжо 25 гадоў, заявіць пра сваю перамогу на выбарах дзявятага жніўня і працягне кіраваць краінай. Але ён апынуўся ў вельмі складанай сітуацыі, сутыкнуўшыся з актыўна дзеючай апазіцыяй на фоне разлютаваных спрэчак з Расеяй з нагоды эканамічнай інтэграцыі і з Захадам адносна правоў чалавека. Гэта самы небяспечны момант у яго кар’еры. У гэтай частцы аналітыка брытанскага выдання цалкам супадае з харвацкай публікацыяй, якую мы цытавалі перад гэтым.

«Лукашэнка ўпершыню вядзе вайну на тры фронты, – кажа палітолаг Аляксандр Фядута, які ў 1990-я гады быў памочнікам Лукашэнкі. – Ён не ведае, як паступіць». Нават пры перамозе на выбарах у наступную нядзелю гэтыя баталіі не спыняцца — Лукашэнку давядзецца весці гэтую барацьбу і на працягу свайго новага прэзідэнцкага тэрміну. Апазіцыі далі ясна зразумець: добра падумайце, перш чым аспрэчваць вынікі выбараў. Але звычайная тактыка запалохвання аказалася не надта эфектыўнай і не прывяла да асаблівага скарачэння колькасці ўдзельнікаў мітынгаў апазіцыі, якія прыцягнулі шматтысячныя натоўпы нават у невялікіх гарадах, дзе звычайна бывае высокай яўка на выбарах дзейнага прэзідэнта. «Гэта ўсё для таго, каб запалохаць беларусаў, каб яны не пратэставалі. Але гэта не атрымліваецца, – кажа Фядута. – Чым больш ён спрабуе напалохаць іх, тым мацней зваротны эфект… Зараз ён спрабуе ўсіх пераканаць, што адкрые агонь. Калі не будзе стральбы, значыць, ён слабы. Але калі прагучаць стрэлы, для яго гэта будзе азначаць палітычную смерць». У адсутнасць вартых даверу апытанняў значная частка інфармацыі заснавана на тым, што кажуць прадстаўнікі грамадства.

Па словах лідараў апазіцыі, Лукашэнка пазбавіўся падтрымкі многіх людзей з-за сваіх скептычных выказванняў аб пандэміі каронавіруса і з-за таго, што ён проста ўжо не можа кіраваць краінай.

Беларускае Радыё Рацыя