Агляд прэсы: адзін дзень волі



Беларуская апазіцыя рыхтуецца да мінскай вясны, каб „націснуць” на Лукашэнку. СМІ свету разбіраюць прычыны, чаму Кітай не баіцца Еўропы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

«Заявы, зробленыя беларускімі ўладамі напярэдадні дэманстрацый, запланаваных на Дзень Волі 25 сакавіка , выклікаюць сур’ёзную занепакоенасць тым, што адказ міліцыі зноў будзе адзначаны жорсткім гвалтам» – адзначае ў свежым матэрыяле афіцыйнае выданне Amnesty International і заклікае да міжнародных дзеянняў па абароне правоў мірных пратэстоўцаў Беларусі. Выданне друкуе заклік праваабаронцаў свету да дыпламатычных прадстаўнікоў у Беларусі сачыць за пратэстамі і падзеямі ў прамым эфіры, выкарыстоўваючы свой дыпламатычны імунітэт для выкрыцця чаканага гвалту з боку міліцыі. Amnesty International таксама заклікае ўсе прадпрыемствы, якія працуюць у Беларусі, правесці тэрміновую праверку, ці не спрыяюць яны парушэнням правоў чалавека ў Беларусі.

«Калі тэлекамунікацыйныя кампаніі не могуць прадухіліць адключэння Інтэрнэту або мабільнай сувязі ў Беларусі, яны павінны па магчымасці аслабіць усе негатыўныя наступствы», – падкрэслівае праваабарочнае выданне.

 

З прычыны ціску, якому падвяргаецца з боку кітайскіх уладаў уйгурская меншасць у Кітаі, Еўразвяз увёў у дачыненні да Пекіна санкцыі, упершыню за апошнія 30 гадоў. Санкцыі ўводзяцца ў дачыненні да чатырох прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Кітая ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне, а таксама арганізацыі, адказнай за кіраванне выпраўленчымі лагерамі па «перавыхаванні» гэтай мусульманскай меншасці. Меры ў адказ ад Пекіна не прымусілі сябе чакаць.

«Мяркуючы па ўсім, заявы ЕЗ не зрабілі асаблівага ўражаньня на Пекін», – адзначае французская газета Le Monde: «Газета Global Times, друкаваны орган Камуністычнай партыі Кітая, не турбуе сябе тлумачэннямі, чаму Пекін накладвае санкцыі на ЕЗ, але устрымліваецца ад падобнай меры ў адрас ЗША. Прычыну лёгка прачытаць паміж радкоў: правы чалавека – гэта, маўляў, усяго толькі зброя ў руках Еўразвязу, «які спрабуе існаваць, не маючы ні фінансавай, ні ваеннай моцы ЗША». Кітай ведае, пра што кажа: выконваючы патрабаванні палітыкі эканоміі, на якой настойвала Германія, краіны паўднёвай Еўропы прадалі Кітаю свае парты і інфраструктуру з мэтай выплаты запазычанасцяў пасля еўракрызісу 2009-2010 гадоў. Гэта значыць, у цяперашнім спрэчцы гаворка ідзе менавіта пра ўладу. І рэакцыя Кітая павінна паслужыць Еўропе урокам», – падсумоўвае французскае выданне.

 

Паводле інфармацыі нямецкай газеты Der Spiegel, атака на SolarWinds падвергла небяспецы большую колькасць нямецкіх установаў, чым было вядома раней. «Гэтая аперацыя абмяркоўвалася і ў ведамстве канцлера», – паведамляе выданне. «Ужо толькі складанасць гэтай атакі сведчыць пра тое, што за аперацыяй стаяць дзяржаўныя хакерскія групоўкі. Аб’ектамі атакі сярод іншых сталі Дзярждэпартамэнт ЗША, буйныя канцэрны, напрыклад, Microsoft, а таксама нямецкія ўстановы, у прыватнасці Федэральнае ўпраўленне крымінальнай паліцыі і Інстытут Роберта Коха», – гаворыцца ў публікацыі.

Der Spiegel цытуе экспертаў па бяспецы, якія змаглі выявіць сляды, што вядуць у Расею. Почырк хакераў часткова адпавядае хакерскай групоўцы Turla, якая, як мяркуюць эксперты, дзейнічае па даручэнні Расеі і ФСБ. Амерыканскі ўрад таксама ўскладае адказнасць за атаку на расейскіх хакераў. Па звестках ФБР, мэтай хакераў быў шпіянаж ўнутры сетак ды збор інфармацыі.

 

Вакцыны ад COVID-19 ў Еўразвязе па-ранейшаму ў дэфіцыце. У сувязі з гэтым старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен папярэдзіла аб мажлівай забароне на экспарт вакцыны за межы супольнасці. Паводле дадзеных Брусэля, з лютага з краін Еўразвязу было вывезены па меншай меры 41 мільён дозаў вакцыны. Дзесяць мільёнаў з іх былі закуплены Вялікабрытаніяй. У сваю чаргу брытанска-шведскі канцэрн Astrazeneca за першы квартал гэтага года паставіў у Еўразвяз толькі 30 адсоткаў абумоўленага аб’ёму прэпарата.

«Замест таго каб ладзіць сваркі, краінам ЕЗ варта было б засяродзіць сваю ўвагу на пошуку рашэнняў», – падкрэслівае швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung.

«Краіны ЕЗ павінны забыць пра ідэю кантролю над экспартам. Такім спосабам не кампенсаваць ўласных промахаў у справе замовы вакцыны ў мінулым годзе, яе допуску ў гэтым годзе, а таксама паўсюдныя недахопы ў правядзенні кампаніі вакцынацыі . У любым выпадку, усю гэтую энергію было б больш разумна накіраваць на тое, каб задумацца над іншай глабальнай праблемай: як павялічыць вытворчыя магутнасці», – лічыць швейцарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя