Агляд прэсы: адзіны шлях



Ці атрымаецца ў беларускай апазіцыі даціснуць сітуацыю ўнутры і за межамі краіны? У Францыі забаранілі ўльтраправы рух. Іранскія СМІ аналізуюць, ці не з`яўляецца «Спадарожнік V» старой савецкай бактэрыялагічнай распрацоўкай. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Аўстралійскае выданне The Conversation лічыць, што важным кампанентам стратэгіі апазіцыі для дасягнення рэальных, трывалых зменаў у Беларусі з’яўляецца зварот да тых, хто ўтрымлівае Лукашэнку пры ўладзе. А менавіта да чыноўнікаў, якія працуюць у дзяржаўных структурах, асабліва праваахоўных. «Пакуль сілы бяспекі на месцах дэманструюць нястрымны энтузіязм па жорсткаму падаўленню пратэстаў. Аднак цяпер ёсць прыкметы некаторага парушэння рангаў, асабліва сярод старэйшых дзяржаўных служачых», – адзначае выданне.

Паводле матэрыялу, «нават калі апазіцыя дасягне перамогі, яна, верагодна, сутыкнецца з яшчэ адной, яшчэ больш страшнай перашкодай у форме Расеі. Перспектыва расейскага ваеннага ўмяшальніцтва з’яўляецца галоўным гарантам улады Лукашэнкі. Гэта таксама тлумачыць напружанасць намаганняў Ціханоўскай утрымліваць Беларусь у цэнтры сусветнай увагі. Апазіцыя ў Беларусі павінна мець магутных сяброў, калі яна хоча пераканаць Лукашэнку сыйсці і каб Расея дазволіла гэтаму адбыцца».

 

Міністр замежных спраў Францыі Жэрар Дарманэн абвясціў аб роспуску ультраправай арганізацыі Generation Identitaire. Яе абвінавацілі ў дыскрымінацыі і гвалце, а таксама стварэнні ваенізаваных атрадаў. Аднак французская газета Le Monde запэўнівае, што аднаго роспуску партыі недастаткова.

У афіцыйным дакуменце аб роспуске пазначана, што дзейнасць Generation Identitaire не адпавядае дэкларуемым мэтам французскіх і еўрапейскіх каштоўнасцяў. Так, адзначаецца, што яе прадстаўнікі распаўсюджваюць нянавісць у дачыненні да прадстаўнікоў асобных рас і рэлігійных канфесій, у асаблівасці мусульман.

Выданне Le Monde падкрэслівае, што карані разагнанай партыі ідуць ад радыкальнага адзінства, распушчанага ў 2002 годзе пасля спробы нападу на прэзідэнта Жака Шырака. «Пасля роспуску партыі, дзейнасць актывістаў не спыніцца, і можа нават радыкалізавацца праз сетку баевікоў», – адзначае французская газета.

 

Амерыканскае выданне Bloomberg спрагназавала глабальны крызіс з-за уразлівасці праграмнага забеспячэння Microsoft. Паводле выдання больш за 60 тысяч арганізацый па ўсім свеце падвергліся ўзлому, пры гэтым хакеры працягваюць заражаць як мага больш кампутараў, перш чым кампанія зможа цалкам засцерагчы ўсіх сваіх кліентаў.

«У выпадку павелічэння колькасці узламаных карыстальнікаў можна будзе казаць аб глабальным крызісе ў сферы кібербяспекі», – папярэджвае Bloomberg і цытуе Белы дом, дзе ўсур’ёз успрымаюць гэтую пагрозу, якая не толькі захоўваецца, але і развіваецца. Амерыканскае выданне звязвае ўзлом папулярнага паштовага серверу Microsoft Exchange Server з хакерскай групоўкай Hafnium, якая звязаная з урадам Кітая. У сваю чаргу Microsoft выпусціла экстранае абнаўленне, але па стане на 5 сакавіка яго ўсталявалі толькі на 10% прылад, якія падвергліся нападу.

 

Іранская газета Hamshahri адсочвае выраб вакцыны ад каронавірусу ў расейскім цэху, які ў савецкія часы спецыялізаваўся на бактэрыялагічнай зброі, і разважае пра «вакцыну Пуціна».

На старонках выдання размешчаны рэпартаж з пасёлка гарадскога тыпу Вольгінска Уладзімірскай вобласці, дзе ў мясцовым НДІ яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму савецкія навукоўцы праводзілі даследаванні ў галіне бактэрыялагічнай зброі. А зараз гэты ж НДІ ператварыўся ў адзін з сямі заводаў, якія вырабляюць «Спадарожнік V». Hamshahri падкрэслівае, што калі «Вакцыну Пуціна» ахвотна раскупаюць, краіны, якія развіваюцца, кшталту Аргентыны ды Філіпінаў, то ў самой Расеі толькі 38% расейцаў маюць намер прайсці вакцынацыю.

«Ірану важна і надалей займаць месца ў лагеры скептыкаў і лічыць, што вакцына была як мага хутчэй атрыманая дзеля выратавання падаючага рэйтынгу Пуціна. Прычынай падазрэнняў з`яўляецца паспешлівае ліцэнзаванне вакцыны да праходжання ўсіх неабходных стадый выпрабавання на добраахвотніках», – паведамляе іранскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя