Агляд прэсы: армянскае лобі і беларуская АЭС
Тэмы канфлікту ў Нагорным Карабаху і дыктатуры ў Беларусі займаюць цэнтральнае месца ў газетах свету. Падрабязнасці свежых артыкулаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.
Прадузятыя ацэнкі прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона па сітуацыі на Паўднёвым Каўказе дэманструюць, якім моцным з’яўляецца ўплыў армянскага лобі на пазіцыю афіцыйнага Парыжа. Пра гэта сказаў выданню Haber Global намеснік старшыні кіруючай Партыі справядлівасці і развіцця Турэччыны Нума Куртулмуш. Каментуючы выказванні французскага лідара адносна ўдзелу Турэччыны ў армяна-азербайджанскім канфлікце, Куртулмуш падкрэсліў, што ўсе заявы Анкары па Нагорным Карабаху з’яўляюцца выверанымі і адпавядаюць нормам міжнароднага права. Па словах намесніка старшыні кіруючай партыі Турэччыны, Анкара выступае ў падтрымку справядлівага ўрэгулявання канфліктаў на Паўднёвым Каўказе. Эманюэль Макрон мае каланіяльнае мысленне, яго заявы не маюць ніякай цаны, паколькі не аб’ектыўныя, падкрэсліў Куртулмуш. Праўда, на думку намесніка старшыні кіруючай партыі Турэччыны, заключаецца ў тым, што акупант — гэта не Азербайджан, а Арменія! Далей турэцкі чыноўнік прыцягнуў увагу да абстрэлаў мірных населеных пунктаў Азербайджана, якія, як заяўляюць у Анкары, працягваюцца армянскімі вайскоўцамі. «Чаму Макрон не спытае ў Арменіі за забойствы мірных грамадзян Азербайджана? Таму, што яго пазіцыя прадузятая», — яшчэ раз сказаў Куртулмуш. Макрон як ніхто іншы ў курсе ўплыву армянскага лобі на пазіцыю ўладаў Францыі, у тым ліку па пытанні перспектыў урэгулявання нагорна-карабахскага канфлікту. Прэзідэнту Францыі варта адмовіцца ад падтрымкі краіны-акупанта Арменіі, сказаў Куртулмуш. Армянскія выданні, у сваю чаргу, пішуць пра раскрыццё ілжывых навінаў з азербайджанскага боку. У прыватнасці, Арменпрес са спасылкай на Інфармацыйны штаб Арцаха, як у Арменіі называюць Нагорны Карабах, сцвярджаюць, што Азербайджан размясціў на шэрагу сваіх інфармацыйных крыніц звесткі аб тым, што Арменія стала выкарыстоўваць ракетныя комплексы „Кропка У”. Насамрэч, настойвае Арменпрес, фотаздымак азербайжанцы ўзялі з інтэрнэту, а рэальнае армянскае ўзбраенне мае ракеты „Смерч”, а не „Кропка У”.
Японскі журналіст Міцітака Хаторы ў выданні „Асахі сімбун” піша пра Беларусь. 23 верасня тут была праведзена інаўгурацыя Лукашэнкі, які лічыць сябе пераможцам на прэзідэнцкіх выбарах. Гэта была вельмі дзіўная цырымонія — пра яе не паведамлялася загадзя, і на ёй прысутнічала ўсяго некалькі соцень чалавек. Большасць беларусаў гэтую інаўгурацыю, натуральна, не прызнала. Больш за тое, ЗША, Канада, Вялікабрытанія і ЕЗ (уключаючы Нямеччыну, краіны Балтыі і Польшчу) наогул не лічаць Лукашэнку прэзідэнтам і збіраюцца ўвесці супраць яго санкцыі. Асабіста я ўпэўнены, што ўрад Японіі таксама павінен выраўняць крок з дэмакратычным лагерам і заняць цвёрдую пазіцыю. У гэтым артыкуле я хачу прааналізаваць праблему атамнай электрастанцыі, якая дапаможа зразумець бягучую сітуацыю ў Беларусі. У 1986 годзе гэтая краіна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У Беларусі ніколі не было атамных электрастанцый, аднак моцнае жаданне Лукашэнкі прывяло да будаўніцтва першай беларускай АЭС. Атамныя электрастанцыі ў вуглевадароднай сыравіне не маюць патрэбы. І калі не браць у разлік неабходнасць імпарту ядзернага паліва, то АЭС з’яўляюцца сродкам, які можа павысіць узровень самазабеспячэння энергетыкай. Цалкам натуральна, што адміністрацыя Лукашэнкі вырашыла абмеркаваць укараненне атамнай энергетыкі як адзін са сродкаў сыходу ад празмернай расейскай залежнасці. Але беларусы добра памятаюць наступствы аварыі на ЧАЭС — найбуйнейшай атамнай катастрофы. Нягледзячы на тое, што сама электрастанцыя размяшчалася ва Украіне, з-за напрамку ветру больш за 70% радыеактыўных рэчываў выпалі ў Беларусі. Таму Беларусі, якая пацярпела ад радыяцыі больш за любую іншую краіну, было няпроста выбраць шлях атамнай энергетыкі. Нягледзячы на гэта, у 2008 годзе Лукашэнка прыняў рашэнне аб будаўніцтве першай АЭС. Ён аддаў прыярытэт энергетычнай бяспецы, а не пачуццям народа, які хацеў трымацца ад радыяцыі падалей. Упершыню прэзідэнт Лукашэнка расказаў аб праекце будаўніцтва АЭС у 2006 годзе. У студзені 2008 года было прынята афіцыйнае рашэнне. Тым не менш для Беларусі стала поўнай нечаканасцю тое, што ўдзелам у гэтым праекце зацікавілася толькі расейская дзяржаўная кампанія «Расатам» (дакладней, яе даччынае прадпрыемства «Атамбудэкспарт», якое займаецца будаўніцтвам АЭС за мяжой), хоць прапанова была разаслана па ўсім свеце. Ідэя АЭС заключалася ў сыходзе ад расейскай залежнасці, аднак атрымалася наадварот. Праблема ў тым, што першапачаткова Беларусь збіралася экспартаваць залішнюю электраэнергію ў суседнія краіны і на заробленыя грошы акупіць будаўніцтва. Ад беларускай АЭС да мяжы з Літвой усяго 30 кіламетраў, і Літва была супраць будаўніцтва. Між тым Украіна, на якую Беларусь разлічвала ў якасці асноўнага пакупніка беларускай электраэнергіі, заняла праеўрапейскую пазіцыю і ўжо абвясціла, што, як і Літва, імпартаваць электрычнасць не будзе. А зараз вылілася шуміха вакол выбараў прэзідэнта. Балтыйскія краіны, Польшча і Украіна сталі першымі, хто абрынуўся з крытыкай на тыранію Лукашэнкі. Яны вельмі негатыўна ўспрымаюць беларускую АЭС — праект Лукашэнкі. Раней краіны Балтыі ставіліся да беларускай АЭС па-рознаму, аднак цяпер і Латвія, і Эстонія цалкам падтрымліваюць пазіцыю Літвы. Хутчэй за ўсё, магчымасць экспарту электраэнергіі ў суседнія краіны можна выключыць. То бок, гэта азначае, што Беларусь разлічвае пакласціся на Расею і ў галіне паставак залішняй электраэнергіі? Але ў той электрычнасці ў лішку. Ці застанецца Лукашэнка ва ўладзе, ці яго зменяць дэмакратычныя сілы, але яго спадчына ў выглядзе інвестыцый у АЭС ляжа велізарным цяжарам на будучыню Беларусі, — піша „Асахі сімбун”.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.