Агляд прэсы: беларусы ў трыванні канвульсій рэжыму
Як жыве Ціханоўская ў Вільні. Італьянскі погляд на беларускія пратэсты. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе.
Амерыканскі штотыднёвы дзелавы часопіс „Bloomberg businessweek” прысвяціў асобе Святланы Ціханоўскай артыкул пад назвай “Святлана Ціханоўская, хатняя гаспадыня, якая ператварылася ў лідара апазіцыі”.
Журналіст выдання Энтані Гальпін сустрэўся з нацыянальным лідарам у Вільні, дзе Ціханоўская праводзіць час у палітычным выгнанні, бо яе пачаткова малаверагодная кампанія ператварылася ў самую вялікую праблему для даўняга дыктатара.
У сваім артыкуле журналіст „Bloomberg businessweek” адзначае, што яшчэ да вясны мінулага года Ціханоўская вяла жыццё тыповай беларускай хатняй гаспадыні, засяроджваючыся ў асноўным на доглядзе за двума дзецьмі і вырашаючы непазбежныя праблемы выжывання ў постсавецкай рэспубліцы, дзе сярэднямесяцовая зарплата складае каля 500 даляраў. Але на працягу апошніх шасці месяцаў яна праводзіць дні, выступаючы на міжнародных канферэнцыях, размаўляючы з Ангелай Меркель і Эмануэлем Макронам, і ўзначальваючы найбуйнейшы дэмакратычны рух у гісторыі праблемнай краіны, заціснутай паміж Польшчай і Расеяй.
У размове з журналістам Святалана Ціханоўская прызнаецца, што стаць грамадскім дзеячам было няпроста. Святлана ўспамінае, як баялася, што забудзе тое, што яна збіралася сказаць падчас ранніх інтэрв’ю і выступаў. Але з цягам часу людзі пачалі зараджаць яе энергіяй.
„Я толькі пачала размаўляць ад душы”, – прызнаецца нацыянальны лідар. Ціханоўская адмаўляе меркаванне, што ўзначальвае апазіцыю ў Беларусі, заяўляючы, што беларускі рух самаарганізуецца.
У сваім інтэрв’ю „Bloomberg businessweek” Святалана Ціханоўская падкрэслівае, што людзі, якія выказваюцца супраць тактыкі Лукашэнкі, зусім не з’яўляюцца апазіцыянерамі: „Мы большасць”.
Дні Ціханоўскай у выгнанні напоўнены стратэгічнымі сустрэчамі з групамі, якія едуць у Беларусь. Сама яна вярнуцца на Радзіму не можа, пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе. Увечары яна супакойвае дзяцей, што сумуюць па бацьку, які дагэтуль зняволены ў турме. „Я не маю права плакаць, панікаваць. Я проста падтрымліваю халодны розум і раблю тое, што мне трэба рабіць” – цытуе на заканчэнне словы Ціханоўскай амерыканскі штотыднёвы дзелавы часопіс „Bloomberg businessweek”.
Італьянскі часопіс “Treccani” разважае над беларускімі пратэстамі ў артыкуле пад назвай “Беларусь: нацыянальная забастоўка працягваецца”.
Аўтарка тэксту Элеанора Фэб аналізуе сітуацыю, калі з пачатку лістапада пратэстоўцы ўдзельнічаюць у агульнанацыянальнай забастоўцы, дзе заўважаны ўсе слаі грамадства: ад старшакласнікаў да пенсіянераў, ад рабочых на заводах да ІТ-спецыялістаў.
На думку аўтара артыкулу, характар пратэсту ў Беларусі адрозніваецца ад іншых краін былога СССР, бо пратэстоўцы не ставяць пад сумнеў прывілеяваныя адносіны з Расеяй і не просяць істотнага збліжэння з ЕЗ.
Сцягі ЕЗ не праглядаюцца на акцыях пратэсту, як гэта было ва Украіне ў 2014 г. Цяжка назваць беларускі рух як пратэст інтэлектуальна-буржуазны, бо ў акцыях удзельнічаюць таксама рабочыя і пенсіянеры.
З іншага боку, ваеннае ўмяшанне Пуціна на карысць Лукашэнкі можа апынуцца контрпрадуктыўным.
Паміж патавым становішчам расейскай стратэгіі і слабымі дзеяннямі ЕЗ будучыня Лукашэнкі “вісіць на валаску”.
На сваіх старонках часопіс “Treccani” падкрэслівае, што Лукашэнка, у адпаведнасці з уласнай стратэгіяй цвёрдасці, здаецца, не прыслухоўваецца да патрабаванняў дэманстрантаў. Гвалт і арышты толькі нарастаюць, у тым ліку супраць журналістаў і студэнтаў. Лукашэнка па-ранейшаму лічыць, што крызіс беларускай эканомікі спыніць пратэсты. Аднак беларуская дыяспара за мяжой мабілізавала глабальны збор сродкаў для падтрымкі суайчыннікаў: на гэты момант сабрана амаль 3 мільёны еўра.
Аўтарка тэксту Элеанора Фэб не выключае, што Пуцін імкнецца падтрымліваць кантакт з беларускай элітай, рыхтуючы для Лукашэнкі “залатую пенсію” ў Расеі, як гэта ўжо адбылося з былым прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам, які збег у Маскву пасля пратэстаў Еўрамайдана.
Асобна італьянскае выданне “Treccani” адзначыла ролю суседзяў Беларусі, якія найбольш актыўна выказалі сваю падтрымку краіне і ўвялі санкцыі супраць Лукашэнкі і іншых блізкіх яму асобаў. Гэта Польшча, Эстонія, Латвія і Літва.
“Рэжым Лукашэнкі набліжаецца да кропкі невяртання” – адназначна падсумоўвае артыкул Элеанора Фэб.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка