Агляд прэсы: час расплаты яшчэ не надышоў
Як у Беларусі пажылыя людзі пацярпелі ад дзяржаўных рэпрэсій. СМІ свету сочаць, як краіны ўздоўж турэцкага «Сярэдняга калідору» падтрымліваюць Кітай, каб атрымаць інвестыцыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
Афіцыйнае выданне Amnesty International паведаміла, што ўлады Беларусі паставілі пад пагрозу здароўе пажылых удзельнікаў акцый пратэсту, якія падвяргаюцца больш высокай рызыцы заражэння COVID-19, праз перавозку іх у перапоўненых міліцэйскіх аўтобусах і праз размяшчэнне ў перапоўненых турэмных камерах.
«Людзі ўсіх узростаў удзельнічалі ў акцыях пратэсту супраць усё больш рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі. І незалежна ад узросту, ўлады Беларусі адказалі такім жа гвалтам. Напрыклад, 83-гадовага мужчыну прымусілі 90 хвілін стаяць тварам да сцяны з паднятымі рукамі. Стаўленне да мірных дэманстрантаў было жахлівым, і абыходжанне з людзьмі ў 80-м узросце ізноў паказвае, наколькі непрапарцыйным быў адказ міліцыі», – паведамляе выданне і падкрэслівае, што «каса дзяржаўных рэпрэсій у Беларусі высякае ўсіх на сваім шляху: і маладых, і старых, і мужчын, і жанчын». Amnesty International заклікае сусветных лідэраў прыняць значныя меры па абароне жыхароў Беларусі і супрацьстаяць жахліваму нападу на правы і жыццё чалавека.
«Пасля таго, як восенню мінулага года Азербайджан пры падтрымцы Анкары здабыў перамогу ў вайне за Нагорны Карабах, Турцыя прыкладае актыўныя намаганні па заваяванні сімпатый краін, размешчаных уздоўж «Шоўкавага шляху», – лічыць амерыканскае выданне Eurasianet.
«Вырашальная роля Турцыі ў пераможнай вайне Азербайджана супраць Арменіі ў мінулым годзе дазволіла заявіць пра сябе, як пра ваенную дзяржаву на постсавецкай прасторы. У траўні 2019 года турэцкі парламент ратыфікаваў пагадненне аб экстрадыцыі паміж Турцыяй і Кітаем, што ўзмацніла засцярогі з нагоды дэпартацыі кітайскіх мусульман на радзіму, дзе яны сутыкнуцца з рэпрэсіямі. А ўжо ў наступным месяцы Пекін выдзеліў для Турцыі 1 мільярд даляраў», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
Паводле Eurasianet, нягледзячы на тое, што рэпрэсіі, якія здзяйсняюцца ў непасрэднай блізкасці ад іх усходніх межаў, ставяць цэнтральнаазіяцкія рэспублікі (якія, дарэчы, таксама не з’яўляюцца заўзятымі прыхільнікамі правоў чалавека) у падначаленае становішча, улады Турцыі адкрыта падтрымліваюць Пекін.
Урад Славакіі мае намер справіцца з крызісам, правёўшы ракіроўку: прэм’ер-міністр Ігар Матовіч і міністр фінансаў Эдуард Хэгер памяняюцца месцамі. Прычынай крызісу стала закупка Матовічам расейскай вакцыны «Спадарожнік V» у абыход дамоўленасцяў з урадам. Партнёры кіруючай партыі па кааліцыі спачатку патрабавалі адстаўкі Матовіча, але ў выніку пагадзіліся на варыянт ракіроўкі.
«Змена кіраўніцтва наўрад ці што-небудзь зменіць», – адзначае славацкая газета Pravda: «Сутнасць праблемы з самага пачатку заключалася ў стылі кіраўніцтва Матовіча, незахаванні дамоўленасцяў і пастаянным правакаванні канфліктаў. І той факт, што замест урада Матовіч цяпер будзе ўзначальваць міністэрства фінансаў, нічога ў гэтым сэнсе не зменіць. Перамены, якія здарыліся, нацэленыя не на дасягненне стабільнасці, а на палітычнае выжыванне і захаванне ўлады. Расплата па рахунках перад грамадствам для гэтага ўрада яшчэ не наступіла, яна пакуль што адкладзеная на больш позні тэрмін».
Швейцарская газета Le Temps атрымала копію скарочанага варыянту фінішнага 400-старонкавага дакладу, складзенага місіяй СААЗ, якая пабывала ў Кітаі сёлета пасля некалькіх месяцаў перамоваў з кітайскімі ўладамі. Даклад яшчэ патрабуе адабрэння Пекіна. Таму пытанне адкрытае: ці атрымалася даведацца больш аб паходжанні SARS-CoV-2, ад якога загінула больш за 2,7 млн чалавек ва ўсім свеце?
«У дакладзе адзначаецца, што кажаны, пангаліны, норкі і каты вельмі ўспрымальныя да новага каронавірусу і, магчыма, служаць рэзервуарнымі жывёламі. У 31 правінцыі Кітая былі ўзятыя пробы ў лятучых мышэй і амаль у 80 тысяч дзікіх жывёл, буйной рагатай жывёлы, птушкі. Ні ў адной з іх не выяўлены антыцелы або нуклеінавыя кіслоты, звязаныя з Covid-19. Таксама не выключаецца перадача вірусу праз замарожаныя прадукты», – гаворыцца ў артыкуле.
З іншага боку, аварыю ў такой лабараторыі, як Уханьскі інстытут вірусалогіі, група экспертаў лічыць «вельмі малаверагоднай». Такі быў адзін з аргументаў, вылучаны адміністрацыяй Трампа.
Цытуемы швейцарскім выданнем генеральны дырэктар СААЗ Тэдрос Гебрэісус пацвердзіў, што: «Усё гіпотэзы знаходзяцца на разглядзе і заслугоўваюць далейшага і ўсебаковага вывучэння таго, што бачна на дадзены момант».
«Галоўнае пытанне заключаецца ў тым, дзе канкрэтна пачалася пандэмія, якая цяпер руйнуе ўсю планету», – рэзюмуе Le Temps .
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя