Агляд прэсы: хто мацней?



Паліцыянты на баку беларускіх пратэстоўцаў?! СМІ шукаюць карані гвалту над жанчынамі ў Азербайджане. Сітуацыя ў Суэцкім канале. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

«Калі Святлана Ціханоўская заклікала сваіх суайчыннікаў выйсці на вуліцы, апазіцыі дапамагала арганізацыя BYPOL, якая аб’ядноўвае былых міліцыянтаў , якія не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі», – піша швейцарская газета Le Temps.

Выданне падкрэслівае, што пасля выбараў у праваахоўных органах пачалася хваля пераходаў на бок пратэстоўцаў, калі ў сацыяльных сетках здымалі, размяшчалі і распаўсюджваліся кадры пра тое, як былыя міліцыянты выкідалі свае значкі ў прыбіральні і спальвалі сваю форму.

«Высокапастаўленыя афіцэры надзвычай адданыя Лукашэнку, таму што яны і ёсць рэжым. І калі Лукашэнка прайграе, яны рызыкуюць як мінімум страціць працу ці нават быць асуджанымі за ўдзел у злачынствах. «Сілавікі» ніжняга звяна – гэта, як правіла, маладыя людзі з небагатых сем’яў. Для іх паступленне ў міліцыю ёсць пытаннем эканамічнай стабільнасці. Пераходзяць на бок пратэстоўцаў супрацоўнікі сярэдняга звяна, якія не знаходзяцца на перадавой, у якіх больш аналітычныя і тэхнакратычныя задачы, больш узважаныя меркаванні. Такім чынам, яны і склалі большасць удзельнікаў ініцыятывы BYPOL», – рэзюмуе швейцарскае выданне.

 

«У Азербайджане бацькі часцяком ставяцца да сваіх дзяцей, як да сваёй уласнасці. У выніку адбываюцца забойствы і суіцыды маладых жанчын. Рэжым прэзыдэнта Ільхама Аліева спрабуе знішчыць незалежны жаночы рух. Але ён не здаецца», – піша нямецкае выданне Die Tageszeitung.

Выданне прыводзіць словы ўдзельніц мітынгу жанчын ля будынку урада ў Баку пасля серыі жаночых суіцыдаў: «Калі маладая жанчына хоча жыць у гэтай краіне свабодна, яе бацька без ваганняў скажа, што заб’е яе, калі яна калі-небудзь зробіць памылку». «Не прайшло і пяці хвілін, як паліцыя адабрала ў пратэстуючых плакаты і разагнала мітынг», – перадае выданне і прыводзіць дадзеныя аб тым, што 70% пацярпелых ад гвалту жанчын наогул не паведамляюць пра падобныя дзеянні, з сораму або з-за страху зноў быць «пакаранымі» сваімі сваякамі. Да таго ж паліцыя часцяком бяздзейнічае , бо лічыць падобныя выпадкі «сямейнымі справамі». «І гэта дзіўна, бо яшчэ ў 1919 годзе Дэмакратычная Рэспубліка Азербайджан стала адной з першых краін у свеце, якія ўвялі жаночае выбарчае права. Сёння ў краіне ёсць толькі тры цэнтры дапамогі жанчынам, якія сталі ахвярамі гвалту. Да таго ж Азербайджан, разам з Расеяй і Турцыяй, з’яўляецца адзіным сябрам Рады Еўропы, які ўсё яшчэ не падпісаў Стамбульскую канвенцыю аб прадухіленні і барацьбе з гвалтам у адносінах да жанчын», – гаворыцца ў артыкуле.

 

Рух на Суэцкім канале спыніўся: у аўторак велізарны 400-метровы кантэйнеравоз Ever Given сеў на мель і перагарадзіў праход па канале. Нос судна упёрся ў бераг. У корках, якія ўтварыліся на поўдзень і поўнач ад канала, стаяць ужо больш за 200 караблёў. Як заявіла кіраўніцтва выратавальных работ, на тое, каб зняць судна з мелі і тым самым вызваліць канал, адзін з найважнейшых марскіх шляхоў планеты, могуць спатрэбіцца тыдні.

Калі ірландскія СМІ больш перажываюць за марскую флору і фауну ў Суэцкім канале, то французскае выданне Les Echos сканцэнтравалася вакол праблемы сусветнай уразлівасці да падобных выпадкаў.

«Для прадпрыемстваў і кампаній гэта яшчэ адна нагода задумацца пра тое, што ў плане кіравання рызыкамі варта зыходзіць з таго, што нішто не вечна пад Месяцам. Ніякіх жалезных гарантый наўпрост не існуе. Гэта тычыцца здароўя працоўнага калектыву, магчымасці вырабляць тавары ў адным месцы, а прадаваць іх у іншым, дастаўкі прадукцыі таго ці іншага пастаўшчыка, або фінансавання з боку таго ці іншага інвестара. У гэтым сэнсе назва судна, якое села на мель, нясе ў сабе немалую іронію: у перакладзе з ангельскай мовы «Ever Given» азначае «Адвечны дар». Відавочна, што нам яшчэ ёсць чаму павучыцца ў плане дынамічнасці, жыццястойкасці і крэатыўнасці».

 

Паўсюль, як у Еўропе, так і за яе межамі, каронакрызіс пагоршыў праблему беднасці, недахопу працоўных месцаў і сацыяльнай няроўнасці. Асабліва гэта закранула маладое пакаленне, а таксама тыя групы насельніцтва, якія і да пандэміі знаходзіліся ў хісткім становішчы. Сярод сектараў эканомікі, якія пацярпелі больш за ўсё: культура, гастраномія і турызм. Прэса канстатуе даволі змрочную карціну і патрабуе ад уладаў прыняць належныя меры.

Пісьменнік Стэфана Масіні на старонках італьянскай газеты La Repubblica піша пра тое, што сярэдні клас пазбавіўся ўсяго, чаго яму ўдалося дамагчыся з такой цяжкасцю:

«Здзіўленыя і спалоханыя, але спрабуюць захоўваць годнасць, прадстаўнікі сярэдняга класа стаяць на вуліцы ў доўгіх чэргах, чакаючы сваёй чаргі, каб атрымаць міску гарачага супу. Гэта сённяшні Мілан, але выглядае ён як Уол-стрыт 1929 года. Гэта не бамжы ці асацыяльныя элементы, а прадстаўнікі класа буржуазіі, людзі, якія дзякуючы сваёй працы выйшлі з гарадскіх нізоў і з гонарам пераадолелі сацыяльныя бар’еры. Але потым прыйшоў COVID-19 і ў момант усё разбурыў».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя