Агляд прэсы: культавасць фатаграфій Багінскай



Расея дае Турэччыне падставы павялічваць свой уплыў на Каўказ. Ніна Багінская стала гераіняй публікацыі ў Фінляндыі. Падрабязнасці свежых артыкулаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

Ізноў, як і ў папярэднім аглядзе, сочым за думкай журналістаў адносна Нагорнага Карабаху і вайны там. Аўтар польскай газеты Rzeczpospolita Анджэй Ламаноўскі ў сваёй калонцы піша: Вайна ў Нагорным Карабаху ўжо паказала абмежаванасць Расеі і, як следства, памяншэнне яе ўплыву на т.зв. постсавецкія дзяржавы. Пасля трох дзён баёў паміж Арменіяй і Азербайджанам, якія маюць моцныя, хаця і змяшаныя сувязі з Крамлём, Расея працягвае абмяжоўвацца звычайнымі заклікамі да спынення агню. Аднак яна мала што можа зрабіць з абодвума палітычна незалежнымі суседзямі. Акрамя таго, Азербайджан, які нават не ўваходзіць у ваенны саюз постсавецкай Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), кідае эканамічны выклік Маскве, выцясняючы яе з турэцкага энергетычнага рынку. З іншага боку, Арменія пасля таго, як Нікол Пашынян узяў уладу, пачала дыстанцыявацца ад Расеі, да гэтага часу яе галоўнага саюзніка. Перш за ўсё таму, што ўзамен бяспекі Масква патрабавала правоў на глыбокае ўмяшанне ва ўнутраныя справы краіны — палітычныя і эканамічныя. З-за адсутнасці актыўнай палітыкі Крамля на Паўднёвым Каўказе гэтая дзірка запаўняецца Турэччынай, што пачынае чарговы канфлікт з Масквой, пасля Сірыі, Лівіі і акупаванага ўкраінскага Крыма (дзе яна стаіць на баку татараў). Цяпер мы бачым, наколькі блізка Анкара і Баку супрацоўнічаюць на працягу доўгага часу ў ваеннай сферы — да гэтага часу такая прэрагатыва раўніва ахоўвалася ў постсавецкіх краінах Расеяй. Такім чынам, Турэччына часткова вяртаецца да ідэй, якія спрабавала рэалізаваць у першай палове 1990-х гадоў, цесна супрацоўнічаючы з цюркамоўнымі краінамі Цэнтральнай Азіі. Потым яна саступіла ў суперніцтве Расеі. Сёння яе палітычныя амбіцыі (пакуль?) не выходзяць за межы Каспійскага мора, таму Закаўказзе становіцца полем для новай сутычкі з Масквой. Крэмль, які затрымаўся ў двух канфліктах з Захадам — з нагоды атручвання Навальнага і з дыктатурай у Беларусі, — ужо не мае сіл для трэцяга канфлікту, з Турэччынай. Ён яшчэ не прымае выклік. Таксама таму, што ў яго інтарэсах максімальна аслабіць абедзве занадта незалежныя ад яго краіны — Арменію і Азербайджан. Калі іх сілы скончацца, мы ўбачым, ці гатовая Анкара падтрымаць Баку сваёй рэгулярнай арміяй. І з’яўленне турэцкіх войскаў у рэгіёне будзе непрымальным для Расеі, — піша журналіст Rzeczpospolitej.

Фінскае выданне MTV сёння піша пра Ніну Багінскую, называючы яе бясстрашным супернікам Лукашэнкі. Ніна Багінская ўжо звыш 30 гадоў удзельнічае ў мітынгах, а ўсе апошнія гады яна актыўная ўдзельніца выступленняў супраць дыктатуры Лукашэнкі. Амапаўцы рэгулярна намагаюцца адабраць у яе гістарычны беларускі бел-чырвона-белы сцяг, і часта ім гэта ўдаецца. Але 73-гадовая жанчына шые сцяг ізноў і зноўку выходзіць на вуліцы горада з нацыянальным сімвалам. Яшчэ адна фішка Ніны Багінскай — спробы сарваць з амапаўцаў балаклавы і перашкодзіць затрыманням мітынгоўцаў. Пару тыдняў таму на «Маршы жанчын» яна спрабавала спыніць машыну з затрыманымі жанчынамі і сарвала з аднаго амапаўца маску. На відэа чуваць, як людзі на вуліцы крычаць „Ніна, Ніна!» Ніну Багінскую затрымлівалі на мітынгах шмат разоў, яна стала кумірам маладых актывістаў. Жанчына кажа, што нават не ведае, колькі штрафаў ёй трэба аплаціць. Аўтарка фінскай кнігі «Чароўныя жанчыны, якія ўвайшлі ў гісторыю» Марыя Пэтэрсан лічыць, што папулярнасць Багінскай грунтуецца, у тым ліку, і на эфектных фотаздымках. «Фотаздымкі з ёй сталі культавымі. Маленькая сівая жанчына, якая ў адзіночку ідзе на буйных міліцыянтаў. І строга іх адчытвае». Багінская ўдзельнічае ў пратэстах ужо некалькі дзесяцігоддзяў. Яна выходзіла на мітынгі супраць СССР, потым — супраць Лукашэнкі і ягонай улады. «Яна назвала сваім кумірам Спартака — гладыятара, які вёў рабоў да свабоды. Яна сказала, што не спыніць змагацца, пакуль Беларусь не стане вольнай».

Марыя Пэтэрсан кажа, што трапныя каментары Багінскай прыцягваюць да яе асобы яшчэ больш увагі. «Калі яе пытаюць:« Паважаная, чаму Вы выступаеце супраць Лукашэнкі?» Яна заяўляе: «Ну ён жа адсюль не сыдзе, калі яго ніхто не прагоніць». На пытанне „Чаму вы, мама і бабуля, тут, а не дома?» яна адказвае: «Я гуляю», піша ў матэрыяле фінскі сайт MTV.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.