Агляд прэсы: новыя правілы гульні
Росгвардыя на парозе. Жыццё пасля Charlie Hebdo. Санкцыі для Турцыі. Прапушчаны лакдаўн Швецыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Сітуацыю, калі МУС Беларусі заключыў дамову з Росгвардыяй аб супрацы па барацьбе з «тэрарызмам і экстрэмізмам», расейскі бок змог патлумачыць толькі на ангельскай мове. Прынамсі англамоўная газета The Moscow Times размясціла артыкул пад назвай «Расейская нацыянальная гвардыя стане партнёрам беларускай міліцыі на фоне пратэстаў».
Выданне прызнае, што пагадненне заключаецца на фоне шматмесяцовых пратэстаў апазіцыі ў Беларусі супраць спрэчных прэзідэнцкіх выбараў у краіне. «Лукашэнка, якога падтрымлівае Масква, абвінаваціў апазіцыю ў падтрымцы Захаду і пасадзіў у турму некалькіх дзеячоў апазіцыі па абвінавачванні ў спробе захопу ўлады», – наўпрост напісана ў газеце.
Паводле дамоўленасці сілавікі Беларусі і Расеі будуць супрацоўнічаць у пытаннях аховы грамадскага парадку, а таксама кантролю за абаротам зброі, забеспячэння бяспекі паліўна-энергетычных аб’ектаў.
Прычыну, чаму ад гэтай дамоўленасці стала вядома толькі зараз, The Moscow Times не называе.
*** У Францыі вынесены прысуд па справе аб тэракце ў рэдакцыі сатырычнага часопіса Charlie Hebdo і нападзе на наведвальнікаў кашэрнага супермаркета ў Парыжы ў 2015 годзе. Па абвінавачванні ў гэтых злачынствах перад судом паўсталі 14 чалавек. Галоўнаму абвінавачанаму прызначана пакаранне ў выглядзе турэмнага зняволення тэрмінам у 30 гадоў. Ён лічыцца правай рукой аднаго з трох тэрарыстаў, застрэленых сіламі правапарадку падчас антытэрарыстычнай аперацыі. «Ці можна сказаць, што сёння, праз шэсць гадоў пасля тых тэрактаў, гэтая тэма для Францыі зачынена? Прынамсі з`явілася нагода задумацца. Гэты прысуд дае французскаму грамадству магчымасць паразважаць над сваёй ідэнтычнасцю”, – піша галоўны рэдактар газеты Libération Альфон Дов.
Штодзённае выданне падкрэслівае, што размова ідзе ні аб фінальнай жалобе, але аб відавочным расколе ў грамадстве і пакутлівым пытанні: “Хто ж мы цяпер, пасля Charlie Hebdo»?
*** ЗША прынялі рашэнне ўвесці санкцыі супраць Турцыі. Вашынгтон таксама спыняе супрацоўніцтва з Турцыяй у ваеннай сферы, як рэакцыя на закупку Анкарой расейскіх зенітна-ракетных комплексаў. На сваім апошнім саміце ЕЗ вырашыў пакуль ўстрымацца ад жорсткіх санкцый у дачыненні да Турцыі, якія да гэтага разглядаў у сувязі з палітыкай Анкары ў Міжземнамор’е. На думку балгарскага парталу news.bg, амерыканскія санкцыі ўжо нясуць на сабе адбітак новай адміністрацыі Байдэна, з якім Эрдагану не будзе так лёгка, як з Трампам. Артыкул журналіста Марціна Табакова так і нызваецца «Для Эрдагана Трамп быў меньшым злом».
Балгарскае выданне лічыць, што на змену асабістаму кантакту паміж Эрдаганам і Трампам прыйдзе камунікацыя на інстытуцыянальным узроўні. Змена кіраўніка Белага дома, аднак, паміж краінамі ніякай разрадкі не абяцае.
*** Нямецкая газета Handelsblatt звярнула ўвагу на публічнае прызнанне караля Швецыі Карла XVI Густава, які назваў стратэгію сваёй краіны ў барацьбе з пандэміяй каронавіруса, «правальнай». Журналіст Гельмут Штэуэр шукае карані несуцяшальнай высновы: Швецыя не здолела абараніць сталых людзей, а таксама вызначыць выразныя сферы адказнасці.
Урад Швецыі яшчэ ўлетку страціў магчымасць падоўжыць дзеянне закона аб надзвычайным становішчы, які дазволіў бы ўвесці локдаун. Зараз пра закон зноў загаварылі, але прыняць яго будзе магчыма толькі вясной, што на фоне бягучай сітуацыі занадта позна. «А ўсё з-за блытаніны ў кампетэнцыі і страху ўзяць на сябе адказнасць. Урад меншасці пад кіраўніцтвам сацыял-дэмакратаў з самага пачатку пандэміі хаваўся за спіной міністэрства аховы здароўя», – адзначае нямецкае выданне Handelsblatt.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя