Агляд прэсы: сэксізм у Беларусі і вайна ў Нагорным Карабаху



У Беларусі Лукашэнку з яго сістэмай працягвае знішчаць іх уласны сэксізм. У Нагорным Карабаху справы ідуць да паўнавартаснай вайны. На гэтых тэмах цяпер засяроджана ўвага замежных журналістаў. Падрабязнасці свежых артыкулаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

Марта Шчарбакова, затрыманая на мітынгу, ганарыцца ўпартасцю беларусаў, але ў той жа час моцна занепакоеная. 20 верасня колькасць удзельнікаў акцый пратэсту супраць улады знізілася да некалькіх дзясяткаў тысяч. На думку Марты Шчарбаковай, актыўнае правядзенне пратэстаў ускладняецца тым, што тры апазіцыйныя лідары былі затрыманыя або збеглі з краіны. Святлану Ціханоўскую, якая выступіла супраць Аляксандра Лукашэнкі, вымусілі бегчы ў Літву неўзабаве пасля правядзення выбараў, якія лічацца фальсіфікаванымі. Вераніка Цапкала збегла ў Польшчу. Пазней справа дайшла і да Марыі Калеснікавай — яе арыштавалі ў пачатку верасня. Шчарбакова лічыць, што Калеснікава магла б весці за сабой народ і ў далейшым, піша фінская газета Keskisuomalainen. Людзі віталі яе крыкамі «ўра», калі яна з’яўлялася на мітынгах. Калеснікава натхняла і матывавала пратэстоўцаў.

«З іншага боку, мы можам абысціся і без лідара, таму што гэтыя перамены павінны адбыцца ў любым выпадку», — распавяла Шчарбакова, якая ўдзельнічае ў акцыях пратэсту з падлеткавых гадоў. Яна спадзяецца, што з’явяцца і іншыя лідары. Дзяўчына ўпэўненая: пасля актаў гвалту з боку ўладаў ніхто не зможа вярнуцца да ранейшага жыцця. «Калі нешта ведаеш, забыцца ўжо не зможаш. Веды нельга адмяніць». І ўсё ж вялікі ціск мае месца. Многія баяцца за сваю працу. На людзей ціснуць і ім пагражаюць. Марта Шчарбакова, якая жыве ў Амерыцы, лічыць, што многія беларусы знаёмыя з гэтым ціскам па савецкім часе. «У нейкай ступені гэта рэвалюцыя жанчын. Жанчыны ўпершыню гуляюць такую сур’ёзную ролю ў гісторыі гэтай краіны. Беларускіх жанчын нельга недаацэньваць. Лукашэнка сэксіст і ён не мог нават уявіць такую моцную жаночую сілу. Мы ў Беларусі часта гаворым, што Лукашэнку губіць сэксізм». Канкурэнтам Лукашэнкі таксама была жанчына. Першапачаткова Святлана Ціханоўская нават не планавала вылучаць сваю кандыдатуру, але яе мужа не дапусцілі да ўдзелу ў выбарах. «Цяпер мы гаворым толькі пра Беларусь і аб’яднанні беларусаў. Калі Лукашэнка і яго прыхільнікі пакінуць свае пасады, беларусы змогуць свабодна гаварыць пра свае патрэбы. Думаю, можа адбыцца раскол: адны пачнуць разважаць пра збліжэнне з Еўразвязам, іншыя — пра збліжэнне з Расеяй, трэція — пра тое, што Беларусі трэба стаць максімальна незалежнай. А пакуль усе кажуць пра тое, што ва ўладзе знаходзіцца злачынец, і нам трэба з гэтым нешта зрабіць», — цытуе Шчарбакову фінскае выданне.

Амерыканскае выданне Eurasianet піша пра вайну ў Нагорным Карабаху ў артыкуле пад загалоўкам „Азербайджан і Арменія рушаць да паўнавартаснай вайны”. Баі пачаліся раніцай 27 верасня. Армянскі бок паведаміў аб масіраваных ракетных ударах з боку Азербайджана па ваенных і грамадзянскіх пазіцыях у Нагорным Карабаху, уключаючы дэ-факта сталіцу Сцепанакерт. Да другой паловы дня Арменія паведаміла пра 16 забітых і больш за 100 параненых. Азербайджан не паведаміў дакладных лічбаў, але, паводле слоў прэзідэнта Ільхама Аліева, ёсць ахвяры як сярод жаўнераў, так і сярод грамадзянскага насельніцтва. Аліеў таксама сказаў, што напад быў контрнаступам «у адказ на ваенную правакацыю», але не ўдакладніў, што гэта была за правакацыя. Міністэрства замежных спраў Азербайджана апублікавала спіс правакацыйных крокаў, якія армянскі бок нібыта распачаў пасля прыходу да ўлады ў Арменіі прэм’ер-міністра Нікола Пашыняна ў 2018 годзе. На наступны дзень Аліеў запатрабаваў, каб Арменія прадставіла графік вываду сваіх войскаў з Нагорнага Карабаха і прылеглых тэрыторый, загадзя ведаючы, што армяне адмовяцца гэта зрабіць. Пытаннем паміж дзвюма краінамі з’яўляецца Нагорны Карабах — тэрыторыя, якая прызнаецца міжнароднай супольнасцю часткай Азербайджана, але якая знаходзіцца пад кантролем армянскіх сіл з пачатку 90-х гадоў. Азербайджан імкнецца вярнуць сабе кантроль над тэрыторыяй, а таксама некалькімі прылеглымі раёнамі, акупаванымі армянскімі сіламі. У Азербайджане абвешчана ваеннае становішча ў некалькіх гарадах, у тым ліку каменданцкая гадзіна з 21:00 да 6:00. За выключэннем афіцыйных заяў, інфармацыі з Азербайджана паступала мала, бо там увесь дзень назіраліся сур’ёзныя праблемы з доступам у інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.

Мяркуючы па рэакцыі Арменіі, яна лічыць, што на коне лёс Карабаха. У прыватнасці, як у Арменіі, так і ў Нагорным Карабаху была абвешчаная ўсеагульная мабілізацыя людзей, якія раней служылі ва ўзброеных сілах. «Армянскі народ гатовы да гэтай вайны, таму што заўсёды цвяроза разумеў, што армянафобія, варожасць і нянавісць, якімі азербайджанская дыктатура сілкуе свой народ на працягу дзесяцігоддзяў, не маглі прывесці ні да якога іншага выніку, апрача вайны», — сказаў Пашынян у сяміхвілінным звароце да нацыі. Адказваючы на пытанне лідара апазіцыі Эдмона Марукяна, Пашынян таксама даў зразумець, што зараз не выключана прызнанне Арменіяй незалежнасці Нагорнага Карабаха. Да гэтага часу Ерэван устрымліваўся ад гэтага кроку. У сваім звароце да нацыі Пашынян асабліва вылучыў ролю Турэччыны ў канфлікце: «Захаванне такой небяспечнай пазіцыі з боку Турэччыны багата самымі разбуральнымі наступствамі для Паўднёвага Каўказу і суседніх рэгіёнаў».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.