Агляд прэсы: „слабыя месцы” Еўропы
ЕЗ не пусцілі на БелАЭС. Вынікі Арабскай вясны. У Еўропе важна ўсё. Брытанская паласа звады. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
Амерыканскае выданне Bloomberg сфакусавала сваю увагу вакол сітуаюцыі з БелАЭС у артыкуле «Інспекцыя ЕЗ па атамнай станцыі ў Беларусі на гэтым тыдні адменена». Аўтары артыкулу Аляксандр Кудрыцкі ды Эва Крукоўская адзначаюць, што еўрапейскі блок вінаваціць беларускіх прадстаўнікоў, якія наўпрост заявілі, што не гатовы сустрэць афіцыйную камісію з Еўропы на БелАЭС. І папрасілі прыехаць пазней.
Візіт на станцыю ў Астраўцы, якая запрацавала толькі нядаўна, мусіў адбыцца пасля заявы суседняй Літвы аб праблемах бяспекі на 2400-мегаватнай станцыі. Расейская дзяржаўная кампанія Rosatom Corp. працгявае адмаўляць наяўнасць праблем з бяспекай станцыі, заяўляючы, што ўздымы і падзенні ўзроўню магутнасці, якія назірюцца ў апошнія тыдні, з’яўляюцца звычайнай часткай працэсу ўводу АЭС ў эксплуатацыю.
Амерыканскае выданне Bloomberg цытуе камісара па энергетыцы ЕЗ Кадры Сімсан, якая назвала затрымку “вельмі шкадавальнай”, аднак пры гэтым настойвае на арганізацыі візіту на БелАЭС як мага хучэй, бо «размова ідзе аб ядзернай бяспецы ўсяго еўрапейскага рэгіёну».
*** 17 снежня 2010 года туніскі гандляр садавінай Махамед Буазізі вырашыў звесці рахункі з жыццём праз самаспальванне – з адчаю і ў знак пратэсту супраць бяспраўя і немагчымасці пракарміць сваю сям’ю. У адказ на такі грамадзянскі акт хваля абурэння ахапіла Туніс ды іншыя краіны Паўночнай Афрыкі і Блізкага Ўсходу, дзе ўспыхнула серыя паўстанняў. «У тым, што большасць арабскіх краін знаходзіцца ў сітуацыі глыбокага эканамічнага і палітычнага крызісу, ёсць віна як ЗША, так і Еўропы», – падводзіць прамежкавыя вынікі Арабскай вясны нямецкая газета Handelsblatt:
Аўтар матэрыялу Маціяс Бругман адзначае, што пасля пераваротаў у Тунісе, Емене ды Егіпце, ЕС і ЗША не скупіліся на абяцанні, але рэчаіснасць апынулася ганебнай. Рынкі Еўропы так і не былі дастаткова адкрыты для тавараў з краін Паўночнай Афрыкі. Не заўважаны праграмы, якія б стымулявалі нямецкія альбо еўрапейскія фірмы інвеставаць сродкі ў арабскія краіны. «І зараз усё больш маладых тунісцаў і мараканцаў спрабуюць з рызыкай для жыцця дабрацца на лодках да берагоў Еўропы. Да таго ж, Эмманюэль Макрон, гэты Напалеон у мініяцюры, нядаўна ўручыў вышэйшую ўзнагароду Францыі «каірскаму мясніку» – прэзідэнту Егіпта ас-Сісі», – падсуоўвае нямецкая газета Handelsblatt.
***
Венгерскі парламент прыняў пастанову, які забараняе гомасэксуальным парам усынаўляць дзяцей. Як гаворыцца ў прынятым у аўторак дакуменце, «маці – гэта жанчына, а бацька – мужчына». Выключэння дапускаюцца толькі з санкцыі міністра па справах сям’і. Цяперашні забарона ўяўляе сабой чарговае звяно ў законатворчай дзейнасці час праўлення Орбана. Прэса Еўропы выказвае сваё абурэнне. Асабліва выдзяляецца матэрыял буйнейшай і аўтарытэтнай швецкай газеты Dagens Nyheter пад назвай «Віктар Орбан плюе ў твар ЕС новымі законамі».
На думку аўтара матэрыялу Гунар Джонсан Еўропа мае справу з чарговым здзекам. Пастанова выйшла праз усяго толькі некалькі дзён пасля саміту ЕС, на якім Польшча і Венгрыя заявілі пра сваю прыхільнасць да дэмакратыі і вяршэнства права. «Гэтымі новымі законамі Орбан проста паказвае Еўрасаюзу сярэдні палец. Для яго Еўрасаюз, як і ў часы міграцыйнага крызісу – праціўнік, якога неабходна задушыць, і, зразумела, банкамат. Венгрыя з’яўляецца часткай еўрапейскай супольнасці, але Віктар Орбан і іншыя робяць усё, каб даць зразумець, што асабіста іх гэта не тычыцца» – звяртае ўвагу швецкая газета Dagens Nyheter.
*** Планы па пашырэнні лонданскага аэрапорта Хітроў, якія выклікалі нямала дыскусій і мітынгаў, нарэшце атрымалі юрыдычную падтрымку. Вярхоўны суд Вялікабрытаніі вырашыў, што будаўніцтва трэцяй узлётнай паласы не супярэчыць Парыжскаму пагадненню аб абароне клімату. Аднак не ўсе брытанскія аглядальнікі лічаць такое рашэнне разумным. Выданне The Independent запэўнівае, што пашырэнне сукупнай магутнасці авіязносінаў краіны павінна ажыццяўляцца іншымі шляхамі. Журналіст Пол Макгінэс дзеліцца дзвюма важнымі думкамі. Па-першае, інстанцыя, якая кансультуе брытанскі ўрад з нагоды скарачэння выкідаў парніковых газаў, настойвае на тым, што агульная магутнасць аэрапортаў краіны не павінна павялічвацца.
А па-другое, пашырэнне Хітроў, размешчанага ў эканамічна паспяховым паўднёва-ўсходнім рэгіёне краіны, будзе адбывацца за кошт эканамічных магчымасцяў менш паспяховых рэгіёнаў. «Як вынік адбудзецца прамы удар па праграме «раўнання ўзроўню эканамічнага развіцця», пад якой падпісаўся наш палітычны клас», – папярэджвае The Independent.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя