Агляд прэсы: смеласць супраць газу



Беларускія пенсіянеры не збіраюцца здавацца. Пуцін атакуе ўжо Нарвегію. Перу адыходзіць ад каронавіруса, але толькі дзеля аднаго турыста. Падрабязнасці свежых артыкулаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

ПС: „Нядаўна Лукашэнка паводзіў сябе так, быццам гатовы да дыялогу. Але пры гэтым ён ужо даўно так жорстка не процідзейнічаў пратэстоўцам — у тым ліку старым”, — піша нямецкае выданне Die Zeit, якое па дзіўнай завядзёнцы працягвае называць Лукашэнку „прэзідэнтам Беларусі”.

„Гэтыя кадры сталі ўжо амаль звычайнай з’явай: танкі, вадамёты, дубінкі, аўтазакі. Практычна на кожных выходных пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня сотні тысяч людзей выходзяць у Беларусі на вуліцы, выступаючы за правядзенне новых выбараў, спыненне гвалту з боку міліцыі і вызваленне палітвязняў. Іх суправаджаюць ваенныя аўтамабілі, калючы дрот і міліцэйскі гвалт. Але калі ў панядзелак у маршы ў Менску ўзялі ўдзел каля тысячы пенсіянераў, у тым ліку шмат жанчын, супраць іх былі ўжытыя светлашумавыя гранаты і слезацечны газ”, — піша журналістка газеты Сімонэ Брунэр. „З гранатамі супраць бабуль — чарговае парушэнне табу ў барацьбе беларускіх сілавых ведамстваў з мірнымі пратэстамі. Тое, што міліцыя сярод белага дня абстрэльвала групу мірна пратэстуючых пенсіянераў, а затым апраўдвала гэта „агрэсіяй у адносінах да сілаў бяспекі”, падкрэслівае тую жорсткасць, з якой зноў гатовая дзейнічаць дзяржаўная ўлада — а таксама яе бездапаможнасць на фоне пратэстаў, якія, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі, не збіраюцца сціхаць”, — адзначае выданне. „Гвалт ўпісваецца ў логіку эскалацыі апошніх тыдняў, кажа палітолаг Кацярына Шмаціна з Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў: „Спачатку мы думалі, што яны не будуць забіваць людзей на вачах усіх, але менавіта гэта яны зрабілі”. Потым меркавалася, што жаночыя маршы будуць праходзіць мірна — але ўжо даўно прыніжаюць, пагражаюць і арыштоўваюць і жанчын, — кажа Шмаціна. „Рэжым з усё большай жорсткасцю процідзейнічае свайму насельніцтву, зараз і бабулям”, — расказвае палітолаг. А пенсіянеры? „Нам напляваць на гранаты і слезацечны газ, — упарта заявіла адна пажылая жанчына. — Тады мы проста надзенем маскі і акуляры”, — перадае Die Zeit.

Пуцін нясе адказнасць за кібератакі на нарвежскі парламент. Толькі ў 2015 годзе расейскія хакеры атакавалі Меркель, а цяпер гэта адбылося і з нарвежскім парламентам, — паведамляе нямецкі таблоід Bild. Сістэмы электроннай пошты нарвежскага парламента падвергнуліся нападу 24 жніўня 2020 года. Цяпер міністр замежных спраў Нарвегіі Інэ Эрыксен Сэрэйдэ паведаміла: расследаванне паказала, што адказнасць за атаку нясе Расея. Гэта азначае, што шэф Крамля Уладзімір Пуцін чарговы раз атакаваў еўрапейскую дэмакратыю. Мэтай атакі сталі электронныя лісты асобных парламентарыяў і супрацоўнікаў нарвежскага Стортынгу. Аналіз паказаў, што хакеры спампавалі вялікі аб’ём асабістых дадзеных. „Гэта сур’ёзнае здарэнне, якое ўдарае па важнейшым дэмакратычным інстытуце Нарвегіі”, — заявіла Інэ Эрыксен Сэрэйдэ. У размове з журналістамі міністр замежных спраў падкрэсліла важнасць прыцягнення Расеі да адказнасці. Паводле яе слоў, расейская амбасада ў Осла праінфармавана аб выніках расследавання, — перадае Bild.

У Перу пасля працяглага перапынку на каранцін аднавілі экскурсіі ў старажытны горад Мачу-Пікчу. Праўда, пакуль толькі для аднаго турыста з Японіі, які правёў у краіне сем месяцаў, чакаючы ўбачыць знакамітую імператарскую рэзідэнцыю, — піша амерыканскае выданне The Hill. Джэсі Катаяма прыбыў у Перу яшчэ ў сярэдзіне сакавіка, як потым аказалася, у самы няўдалы для падарожжаў час: у тым жа месяцы ў краіне абвясцілі каранцін у сувязі з пандэміяй каронавіруса, а таму абмежавалі замежныя авіярэйсы і зачынілі для наведвання папулярныя славутасці. Перу разам з Бразіліяй найболей пацярпеў ад хваробы, калі браць краіны Паўднёвай Амерыкі. З тых часоў Такаяма жыў у невялікім селішчы каля Мачу-Пікчу, марачы нарэшце пабадзяцца па старажытным горадзе. Калі ў краіне пачалі аслабляць абмежавальныя меры, мясцовы ўрад запрасіў японца на індывідуальную экскурсію, перш чым ён пакіне краіну. У выніку Такаяма, які набыў квіток яшчэ ў сакавіку і які планаваў правесці ў Перу ўсяго некалькі дзён, стаў першым наведвальнікам Мачу-Пікчу за апошнія сем месяцаў.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота TUT.BY