Агляд прэсы: у Польшчы найгоршае паветра ў Еўропе



Польскія гарады найбольш церпяць ад атрутных рэчываў у паветры. А ўсе нормы Еўразвязу па чыстым паветры вытрымліваюць толькі тры краіны.

У Нью-Ёрку габрэі пасля забаронаў вырашылі праводзіць вяселлі ў сакрэтнасці, парушаючы закон. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– Аўтарка польскай газеты Rzeczpospolita Анна Слаеўская аналізуе лічбы забруджанасці паветра ў краінах Еўразвязу. Паветраны пыл штогод забівае 379 000 чалавек у Еўрапейскім Звязе. Кожная восьмая ахвяра — паляк. Пандэмія ачысціла паветра ў нашых гарадах. Але толькі часова.

Еўрапейскае агенцтва па навакольным асяроддзі апублікавала справаздачу аб стане паветра. Дадзеныя прыводзяцца з 2018 года, але агенцтва прызнае, што гэты год, безумоўна, быў часова лепшым. Папярэднія звесткі паказваюць на зніжэнне выкідаў некаторых забруджвальных рэчываў у паветра да 60% у многіх еўрапейскіх краінах. Пакуль няма звестак пра ўплыў гэтых абмежаванняў на здароўе чалавека. Аднак пасля заканчэння пандэміі цяперашні рытм жыцця і працы вернецца, і гэта не паспрыяе польскім гарадам. Амаль усе станцыі вымярэння якасці паветра паказваюць канцэнтрацыю пылу ў польскіх гарадах вышэйшую за еўрапейскія стандарты. Таксама кепскі стан паветра ў Балгарыі, Харватыі, Чэхіі, Румыніі і Італіі, але ў меншым маштабе, чым гэта мы назіраем у Польшчы. Толькі тры краіны уніі — Эстонія, Фінляндыя і Ірландыя —  зафіксавалі канцэнтрацыю цвёрдых часціц ніжэй за строгія значэнні, выкладзеныя ў базавых прынцыпах Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Еўрапейская камісія разглядае стандарты Еўразвязу ў рамках плану дзеянняў па ліквідацыі забруджванняў.

— Нам трэба яшчэ больш знізіць забруджванне паветра і больш дакладна ўзгадніць нашы стандарты якасці паветра з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Гэта будзе адлюстравана ў плане дзеянняў, сказаў упаўнаважаны па навакольным асяроддзі, акіянах і рыбалоўстве Віргініюс Сінкявічус.

Перавышаныя стандарты ў Польшчы ўключаюць у сябе не толькі судовыя працэсы Еўразвязу супраць краіны за парушэнне заканадаўства уніі, але перш за ўсё тое, што больш за 46 000 чалавек заўчасна паміраюць за год ад экалагічных праблем. Пыл — самы смяротны з атрутных кампанентаў паветра, якім мы дыхаем. Людзі таксама заўчасна паміраюць ад занадта высокай канцэнтрацыі дыяксіду азоту і прыземнага азону. Польшча таксама з’яўляецца найгоршай краінай Еўразвязу, калі гаворка ідзе пра ўтрыманне бензапірэну ў паветры. Гэтая канцэрагенная атрута ўзнікае ў асноўным з-за ацяплення дамоў дровамі і вуглём альбо смеццем, асабліва ў старых няякасных печах. Па гэтых прычынах ён атрутны ў асноўным зімой. У апошнія гады ў Еўразвязе назіраецца паляпшэнне якасці паветра, што з’яўляецца вынікам палітыкі па скарачэнні выкідаў парніковых газаў і ўзмацнення жорсткасці стандартаў чысціні паветра. З 2000 г. выкіды асноўных забруджвальных рэчываў паветра ад транспарту, уключаючы аксіды азоту, значна скараціліся, нягледзячы на павелічэнне мабільнасці. Забруджванне ад вытворчасці энергіі таксама зменшылася, у той час як прагрэс у скарачэнні выкідаў ад будынкаў і сельскай гаспадаркі ідзе павольна. Вось чаму Еўразвяз робіць акцэнт на гэтых сферах жыцця ў паслядоўных зялёных стратэгіях. Нядаўна Брусель прапанаваў уцяпліць 35 мільёнаў будынкаў да 2030 года. На будынкі прыпадае каля 40 адсоткаў энергаспажывання і 36 адсоткаў складаюць выкіды парніковых газаў. Аднак рэформа агульнай сельскагаспадарчай палітыкі павінна быць крыху менш зялёнай, чым планавалася першапачаткова, з-за супраціву сельскагаспадарчага лобі, піша Rzeczpospolita.

Сінагога хасідаў у Брукліне, штат Нью-Ёрк, ЗША, аштрафавана на 15 000 даляраў пасля таго, як у прэсу пранікла інфармацыя і шакавальныя відэа з сакрэтнага вяселля, праведзенага на вачах у 7000 чалавек. Пры гэтым ніводзін з іх не насіў маску. У Нью-Ёрку пачата расследаванне, і, як сказаў мэр Біл дэ Блазіа, у артадаксальных габрэяў быў рэальны намер схаваць свае паводзіны, што абсалютна недапушчальна, паведамляе Daily Mail.

„Ім было загадана неадкладна заплаціць штраф у памеры 15 000 даляраў, але гэта яшчэ не ўсё, імаверна, ім давядзецца сутыкнуцца з дадатковымі наступствамі”, — адзначыў дэ Блазіа. У гэтай сінагозе адбылося таемнае вяселле Ёэля Тэйтэльбаўма, унука рабіна Аарона Тэйтэльбаўма, на якое прыйшлі сем тысяч гасцей. У вясельным відэа заўважна, што ніхто не прытрымліваецца сацыяльнай дыстанцыі і не мае маскі. Пры тым, што Злучаныя Штаты найбольш пацярпелі ад пандэміі каронавірусу. Грамадскасць асудзіла гэты ўчынак, а губернатар Нью-Ёрка Эндру Куома рэзка раскрытыкаваў арганізатараў. „Гэта незаконна. Гэта таксама непавага да ўсіх іншых жыхароў Нью-Ёрка. Закон абараняе ўсіх. Ён абараняе вас, абараняе мяне. Я прашу мэра правесці расследаванне, каб адэкватна пакараць вінаватых”, — сказаў Куома. Таксама губернатар заявіў, што ў кастрычніку было загадана адмяніць вяселле яшчэ аднаго ўнука рабіна Аарона Тэйтэльбаўма — Залмана, на якім чакалася каля 10 000 чалавек, яшчэ больш, чым на вяселлі Ёэля. „Аказалася, што, з улікам таго, што мы спынілі гэтае вяселле, рэакцыя гэтай супольнасці была не той, якую мы чакалі, яны вырашылі далей трымаць усё ў сакрэце”, — сказаў Куома.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: fotolia