Агляд прэсы: У вайны жаночы твар
«Каралевы прыгажосці» са зброяй заклікаюць дзяўчат у войска, каб абараняць саюзніка Пуціна – Лукашэнку. Славакія на парозе парламенцкіх выбараў. Гішпанія: ці ўдасца сфарміраваць урад? Кліматычны баталіі ў судзе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Большая частка прапагандысцкай вайны ў Расеі і Беларусі была накіравана на хлопчыкаў, але цяпер яна пераключылася на дзяўчынак. Негатыўную рэакцыю ў інтэрнэце выклікала спроба Расеі навучыць школьніц змагацца за Уладзіміра Пуціна. Прыкладам можа служыць Прыморскі край, дзе ўпершыню на «ваенна-патрыятычнае выхаванне» прыцягнуты школьніцы 15 і 16 гадоў.
«У суседняй Беларусі ўдзельніц конкурсу прыгажосці набіралі, каб «натхніць» дзяўчат і жанчын аб’яднацца і змагацца за саюзніка Пуціна і дыктатара, які фальсіфікуе галасы, Аляксандра Лукашэнку», – піша брытанская газета Dailymail.
„У Прымор’і – у далёкім рэгіёне Расеі – каля 75 школьніц прайшлі навучанне па ваенным «асновам», уключаючы страявую, тактычную, агнявую і фізічную падрыхтоўку, а таксама інструктаж па радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароне. А ў Беларусі ўдзельніцы конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь» наведваюць ваенны палігон, каб «натхніць» дзяўчат і жанчын аб’яднацца і змагацца за дыктатара Аляксандра Лукашэнку. Удзельніцы з гонарам пазіравалі падчас піяр-акцыі, закліканай натхніць маладых жанчын і дзяўчат далучыцца да ваенных дзеянняў. Жанчын правяралі падчас апранання ваеннай экіпіроўкі ў піяр-ходзе, прыдуманым для маладых дзяўчат. Гэта быў першы «жаночы занятак» у цэнтры ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі «Авангард». Да канца года яшчэ 300 дзяўчынак і 1000 хлопчыкаў будуць залічаны на інтэнсіўныя пяцідзённыя курсы, якія лічацца папярэднікамі ваеннай кар’еры або мабілізацыі. Такія крокі адбываюцца на фоне вайны Пуціна супраць Украіны. Гэта адбываецца ў той час, калі колькасць пуцінскай Юнарміі, або Маладой арміі, падобнай да Гітлерюгенду, павялічылася: да 1,4 мільёна чалавек», – б’е трывогу брытанскае выданне.
***
У суботу ў Славакіі пройдуць парламенцкія выбары, якія могуць вярнуць ва ўладу Роберта Фіцо, які ўжо займаў пасаду прэм’ер-міністра. Папуліст, якога юстыцыя абвінавачвае ў злачыннай дзейнасці, рашуча выступае супраць падтрымкі Украіны. Паводле дадзеных апытанняў, партыя Фіцо „Курс – сацыяльная дэмакратыя” лідзіруе ў гонцы, апярэджваючы ліберальную партыю Прагрэсіўная Славакія, якую ўзначальвае дэпутат Еўрапарламента Міхал Шымечка. «Гэтыя выбары могуць прывесці да дэмантажу дэмакратыі ў краіне», – такія асцярогі выказвае венгерскі партал hvg.
«З перамогай Фіцо шмат што можа змяніцца. Для яго перамога стала экзістэнцыяльным пытаннем. У прававой дзяржаве, якая функцыянуе, ён не зможа абараніць сваіх карумпаваных саўдзельнікаў, саюзнікаў і спонсараў, якія забяспечваюць яго выжыванне. Барацьба Фіцо не з’яўляецца ідэалагічнай, гэта не барацьба правых супраць левых, лібералаў супраць кансерватараў. Гэта – карумпаваная алігархічная сістэма, якая мае намер вярнуцца да ўлады, разлічваючы на тое, што ліберальная дэмакратыя перажывае не лепшыя часы. Калі Фіцо пераможа, то ён можа пачаць рухацца ў бок змены рэжыму ў орбанаўскім стылі», – піша венгерскае выданне.
***
У сераду лідэр апазіцыі ад кансерватыўнай Народнай партыі Альберта Нуньес Фейхоа не змог атрымаць дастатковай колькасці галасоў для фарміравання ўрада. Другая спроба, прызначаная на пятніцу, напэўна таксама пацерпіць няўдачу. На гэтым фоне лідэр сацыялістаў Педра Санчэс спрабуе заручыцца падтрымкай малых рэгіянальных партый, у тым ліку збольшага сепаратысцкіх, з тым каб атрымаць мандат на працяг працы сваёй левай урадавай кааліцыі. У абмен на свае галасы малыя каталонскія партыі патрабуюць амністыі для арганізатараў рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі 2017 года. Дзюсельдорфская газета Handelsblatt насцярожана.
«Адным з кур’ёзных бакоў гішпанскай палітыкі з’яўляецца той факт, што малыя партыі часта гуляюць у ёй непрапарцыйна важную ролю. Прыкладам таму – кааліцыя «Разам за Каталонію», якая на сёлетніх выбарах атрымала ў сярэднім па краіне цэлых 1,6 працэнты галасоў! Прычынай вышэйпаказанага раскладу з’яўляецца варожасць, якая склалася гістарычна, паміж дзвюма галоўнымі масавымі партыямі краіны, і варожасць гэта робіць немагчымым стварэнне вялікай кааліцыі па нямецкім узоры. Такім чынам, усё кажа пра тое, што будзе палітычная нестабільнасць, а ў доўгатэрміновай перспектыве гэта адаб’ецца і на эканоміцы», – папярэджвае нямецкае выданне.
***
Шасцёра маладых людзей з Партугаліі, якія паставілі сабе за мэту дабіцца прыняцця 32 еўрапейскімі краінамі стражэйшых мер па абароне клімату, звярнуліся ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Яны абвінавачваюць палітыкаў у тым, што тыя сваёй бяздзейнасцю прывялі чалавецтва да кліматычнай катастрофы. Турынская газетаLa Stampa піша пра тое, што моладзь ідзе ў суд за лепшай будучыняй.
«Іх пакаленне будзе пакутаваць, у той час як цяперашнія пакаленні гэты цяжар абміне. Магчыма, будзе вынесенае судовае рашэнне, якое стане яшчэ адным дакументам высокай якасці, які падкрэслівае сур’ёзнасць і неадкладнасць праблемы. З’яўляецца новы голас – на гэты раз судзейскі, хай і з абмежаваннямі, уласцівымі для рашэння суда. Такі падыход дэманструе недавер да палітыкаў, і гэты пазоў, пададзены прадстаўнікамі партугальскай моладзі – найлепшае таму пацверджанне», – канстатуе італьянскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя