Агляд прэсы: ужо даволі?
Што перашкаджае змяніць сітуацыю ў Беларусі? Ці можна прадухіліць ліквідацыю Арменіі? Еўрапейскія СМІ сочаць за тым, як Чэская АЭС можа стаць аб`ектам будоўлі Расеі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
Балтыйскі бюлетэнь The Foreign Policy Research Institute адзначае, што: «Трыццаць гадоў таму распад Савецкага Саюза адкрыў дзверы для трох балтыйскіх дзяржаў на шляху да незалежнасці, дэмакратыі і росквіту. Але дзверы не адчыніліся самі сабой. Дапамаглі народныя паўстанні і падтрымка Захаду, які аспрэчыў геапалітычныя інтарэсы новай Расейскай Федэрацыі і прыняў Латвію, Літву і Эстонію ў абдымкі Еўразвязу і НАТА».
Выданне падкрэслівае, што ў 2020 годзе гісторыя ў пэўнай ступені паўтараецца. Постсавецкая краіна Беларусь, сігналізуе пра гатоўнасць пакінуць ззаду сваё камуністычнае мінулае, увасобленае ў рэжыме Лукашэнкі, і пачаць новую, дэмакратычную старонку ў гісторыі краіны. Як і ў Прыбалтыцы, складнік народных пратэстаў зноў дзейнічае, але на гэты раз значнай падтрымкі з Захаду няма, нягледзячы на беспрэцэдэнтны маштаб жорсткасці, які рэжым Лукашэнкі прад’явіў да мірных дэманстрантаў.
“Тым часам Расея, сутыкнуўшыся з далікатнасцю апошняй дыктатуры Еўропы і вятрамі дэмакратызацыі на яе мяжы, не шкадуе намаганняў, каб захаваць уладу расейскага мядзведзя на Беларусі. Таму крызіс у Беларусі вылучыў важны аспект прыняцця рашэнняў у краіне: значэнне суседства, якое найбольш закранае сам факт крызісу, мае вырашальнае значэнне. Малюсенькія краіны Балтыі могуць стаць маральным лакаматывам для буйных гульцоў, у рэшце рэшт узмацніўшы іх знешнепалітычны партфель і палітычны ўплыў на сітуацыю ў Беларусі. Паўночна-Балтыйская платформа (NB8) цалкам падыходзіць для такой рэгіянальнай каардынацыі”, – рэзюмуе балтыйскае аналітычнае выданне.
Армянская газета Zham перажывае пра страту ўплыву Арменіі. Выданне параўноўвае становішча справаў у 1998-2008 гадах і сённяшнія падзеі, пасля паразы Арменіі ў Нагорным Карабаху. На думку газеты, Ерэван страціў пазіцыі ў ключавых для армян напрамках знешняй палітыкі.
«Рэспубліка Арменія валодала у свеце суб’ектнасьцю па наступных прычынах. Па-першае, краіна перамагла ў 1-ай Арцахскай вайне. Па- другое, з’яўлялася стратэгічным партнёрам Расеі і мела расейскую ваенную базу у Гюмры. Па-трэцяе, выступала ў армяна-азербайджанскіх адносінах паўнавартасным бокам», – адзначае Zham.
Армянская газета наракае ў выніку на тое, што Арменія страціла сваю суб’ектнасць. Аліеў гаворыць з суседзямі толькі пагрозамі і хоча атрымаць тэрыторыю Арменіі. Бакамі перамоваў па канфлікце з’яўляюцца Расея, Турцыя, Азербайджан і Іран. Арменія моўчкі сочыць за чужымі таргамі і здае свае межы па GPS.
У цэнтры агляду нямецкага выдання Arbeitsgemeinschaft der öffentlich-rechtlichen Rundfunkanstalten апынулася лютая спрэчка ў Чэхіі пра будаўніцтва дадатковага блока на АЭС «Дукованы». Адныя палітыкі прапануюць запрасіць расейскі «Росатам», які ўжо паспяхова пабудаваў у Чэхіі некалькі энергаблокаў. А вось дэпутат ад хрысціянскіх дэмакратаў Ян Бартошэк лічыць гэта «здрадай».
„Чэхія плануе адмовіцца ад выкарыстання вугалю ў энергетыцы, таму на АЭС «Дукованы» вырашана пабудаваць дадатковы энергаблок. Але ці дазволяць расейскаму канцэрну „Расатам» прыняць удзел у будаўніцтве?”, – задаецца пытаннем нямецкае выданне і цытуе прадстаўніка партыі, які выказаўся днямі ў чэшскай Палаце дэпутатаў. «Запрашэнне расейскага «Расатама» можна параўнаць толькі са здрадай чэшскага народу, якая адбылася праз пісьмовую просьбу акупаваць краіну ў 1968 годзе. Такое запрашэнне абсалютна беспрэцэдэнтнае і пагражае суверэнітэту чэшскай дзяржавы».
Французская газета Le Figaro сочыць за сітуацыяй у Ліване, дзе ліванцы плацяць за вакцынацыю ад Covid-19 прыватным фірмам.
«Усё пачалося з таго, што расейская вакцына «Спадарожнік V» прыбыла ў Бейрут. Яе канкурэнт, кітайская Sinopharm, таксама на падыходзе. Каб атрымаць сваю дозу, няма ніякай неабходнасці належыць да прыярытэтнай групы ці ўрадавай кампаніі. Дастаткова проста запісацца ў спіс пэўнага прадпрыемства і заплаціць», – паведамляе карэспандэнт Le Figaro ў Бейруце Мюрыэль Розэлье.
Французскае выданне падкрэслівае, што Ліван – адна з нешматлікіх краін, якія адкрылі рынак вакцынацыі для прыватнага сектару. Гэта сталася вынікам таго, што першыя партыі вакцыны траплялі выключна да асобаў, якія пачалі даваць хабар супрацоўнікам Нацыянальнага камітэту Лівану, які адказвае за вакцынацыю ад Covid-19.
«Афіцыйна прыватны сектар кампенсуе дэфіцыт з боку дзяржавы, якая стаіць перад тварам беспрэцэдэнтнага крызісу і не можа прафінансаваць усю кампанію вакцынацыі», – піша Le Figaro. «На справе прышчэплена менш за 1% насельніцтва. Таму трэба паскарацца, перш чым варыянты штамаў каронавірусу не сталіся занадта шматлікімі».
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя