Агляд прэсы: вясеннія абвастрэнні



Cёння Беларусь – самы хворы чалавек Еўропы, і ўлады пакуль не робяць нічога, каб пачаць аздараўленне. Літоўскія СМІ разбіраюцца, што здарылася на Беларускай АЭС. Як мода стала ахвяраў парушэнняў правоў чалавека. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Літоўскае выданне Delfi.lt фіксуе, што палітычны крызіс у Беларусі пагаршаецца. «Улады ідуць па шляху эскалацыі канфлікту і выкарыстоўваюць спробы яго ўрэгулявання пры ўдзеле міжнародных пасярэднікаў для стварэння вобразу ворага», – піша літоўскае выданне і публікуе цытаты з інтэрв’ю з палітычным аглядальнікам Валерам Карбалевічам.

«Складана сказаць, як будзе развівацца сітуацыя ў Беларусі. Пакуль што ідзе працэс закручвання, улады не спрабуюць прапанаваць грамадству нейкі кампраміс. Вільня разам з Варшавай з’яўляюцца цэнтрамі, дзе абмяркоўваюцца беларускія праблемы. Праблема ў тым, што механізмаў уплыву на ўнутрыбеларускія працэсы – мала. Беларускія ўлады пакуль практычна ніяк не рэагуюць на ціск з боку Захаду і Еўропы», – адзначаецца ў матэрыяле.

Delfi.lt акцэнтуе ўвагу, што паралельна разгараецца беларуска-польскі дыпламатычны канфлікт. І вельмі верагодна, што ён скончыцца значна больш сур’ёзным дыпламатычным канфліктам – аж да разрыву дыпламатычных адносін.

 

Анульнаеўрапейскае выданне Euractiv.com прыводзіць меркаванне літоўскіх чыноўнікаў аб тым, што пасля меркаванага інцыдэнту на беларускай АЭС у Астраўцы ў пачатку сакавіка станцыі радыяцыйнага маніторынгу па ўсёй краіне прыпынілі працу, дзякуючы чаму агульнадаступныя дадзеныя радыяцыйнага маніторынгу ў Беларусі зніклі на некалькі гадзін.

Выданне аналізуе выпадак, калі 7 сакавіка беларускія каналы Telegram паведамілі пра паломку сістэмы астуджэння на БелАЭС, размешчанай прыблізна ў 50 кіламетрах ад Вільні. Для атрымання дадатковай інфармацыі літоўскія чыноўнікі звярнуліся да беларускіх калег.

«Мы не можам сказаць, у чым праблема, але станцыі назірання былі ўключаны толькім пазней і паказалі нармальны радыяцыйны фон, як заўсёды. Паколькі вецер дзьмуў на ўсход, у Літве не зафіксавана ўсплёску радыяцыі. Пры гэтым у сацыяльных сетках людзі дзяліліся фотаздымкамі, на якіх вымяраюць павышаны ўзровень радыяцыі, хаця афіцыйных дадзеных няма», – паведамляе Euractiv.com і цытуе меркаванне літоўскіх чыноўнікаў аб тым, што атамная станцыя, якую фінансуе Крэмль і пабудаваная расейскім дзяржаўным ядзерным агенцтвам «Расатам» пад Астраўцом, небяспечная і пабудавана з парушэннем міжнародных стандартаў бяспекі.

 

Шведскі вытворца адзення Hennes and Mauritz (H&M), роўна як і фірмы Nike і Adidas, сутыкнуліся з маштабнай кампаніяй байкоту ў Кітаі. Нагодай для падобнай рэакцыі кітайскіх уладаў стала зробленая кампаніямі яшчэ некалькі месяцаў таму заява пра тое, што яны не маюць намер больш закупляць бавоўну, вырабленую ў правінцыі Сіньцзян, з прычыны парушэння правоў чалавека ў дачыненні да уйгураў, якія пражываюць там.

Як адзначае нямецкая газета Die Tageszeitung, гэты выпадак найлепшым чынам ілюструе адваротныя бакі вядзення бізнесу з Кітаем і на яго тэрыторыі:

«Кожнай еўрапейскай кампаніі непазбежна прыйдзецца ісці на здзелку з сумленнем, калі яна мае намер удзельнічаць у спажывецкім рынку, які хутка развіваецца, з насельніцтвам 1,4 мільярда чалавек. Асноўны пасыл Пекіна такі: хто не скача пад нашу дудку, той адчуе на сабе наш эканамічны гнеў. Так, у маральных адносінах гэта вельмі і вельмі засмучае, але калі зірнуць на сітуацыю цвяроза, то такая рэальнасць па сутнасці. Тым не менш, еўрапейскія кампаніі павінны выразна ўсведамляць, у ва што яны ўвязваюцца. Прынамсі, пасля сёлетняй гісторыі з H&M ніхто ўжо не зможа сказаць, што ён нічога не ведаў».

 

Федэральны ўрад Германіі выступіў з ініцыятывай пачаць папярэднія перамовы аб закупцы Еўразвязам расейскай вакцыны ад COVID-19. Вакцына „Спадарожнік V» пакуль яшчэ не дапушчана Еўрапейскім агенцтвам па лекавых сродках, але, як гаворыцца ў заяве ўрада ФРГ, у выпадку іншых вакцынаў допуску таксама папярэднічалі папярэднія перамовы.

Нямецкая газета Handelsblatt падтрымлівае ініцыятыву: «Па-першае, закупка «Спадарожніка V» здыме напружанасць у адносінах ЕЗ і Расеі. Масква і яе палітычныя саюзнікі ў Еўропе больш не змогуць сцвярджаць, што ЕЗ варожы ў адносінах да Расеі. Па-другое, Спадарожнік V цалкам можна выкарыстоўваць для вакцынацыі многіх з тых, хто «заражаны вірусам Пуціна» і, насуперак усім довадам, верыць крамлёўскаму кіраўніку больш, чым эўрапейскім палітыкам».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя