Агляд прэсы: якія краіны могуць знікнуць і колькі заробіць Месі ў Парыжы



Талібы захапілі 65% тэрыторыі Афганістана. Некалькі краін апынуліся пад пагрозай знікнення з-за пацяплення. Будучую зарплату Месі параўналі з даходамі алігархаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Антона Разумоўскага.

Радыкальны рух „Талібан” ўзяў пад кантроль 65% тэрыторыі Афганістана.

Пра гэта паведаміў Reuters са спасылкай на высокапастаўленага чыноўніка Еўразвязу. Паводле яго слоў, афганскія сілы бяспекі адступаюць у бок пустыні Келагі, дзе знаходзіцца буйная база афганскага войска. У аўторак вечарам талібам атрымалася заняць сталіцу паўночнай правінцыі Баглан. Горад стаў сёмай сталіцай рэгіёну, якая перайшла пад кантроль талібаў прыкладна за тыдзень. У сваю чаргу, у ААН заявілі, што поспехі, дасягнутыя ў галіне правоў чалавека за 20 гадоў, якія прайшлі з моманту адхілення радыкальных ісламістаў ад улады, знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Як паведамляе інфармагенцтва, у горадзе Айбак, сталіцы правінцыі Саманган баевікі „Талібану” ўрываліся ва ўрадавыя будынкі. Пры гэтым большасць урадавых сілаў бясьпекі сышлі. Ваенна-палітычная сітуацыя ў Афганістане пачала пагаршацца ў траўні на фоне таго, як па ўказанні прэзідэнта ЗША Джо Байдэна пачаўся вывад амерыканскіх войскаў з краіны. Яны павінны пакінуць афганскую тэрыторыю, за выключэннем аэрапорта Кабула і аховы дыпмісій, да пачатку верасня. Афганскі ўрад таксама страціў кантроль амаль над усім вучасткам дзяржаўнай мяжы з Іранам, Узбекістанам і Таджыкістанам. Па заявах саміх талібаў, яны кантралююць 90% мяжы.

Прэм’ер-міністр Грэцыі Кірыакас Міцатакіс прынёс выбачэнні жыхарам краіны.

Раней яго ўрад крытыкавалі за няздольнасць справіцца з маштабнымі ляснымі пажарамі, паведамляе Deutsche Welle. На другой па велічыні грэцкай выспе Эвія агонь бушуе ўжо сёмы дзень, пацярпелі і іншыя рэгіёны. Мэры некаторых гарадоў заяўлялі пра адсутнасць паветраных пажарных службаў, хоць у пачатку года на іх вылучылі значныя сродкі. У тэлезвароце прэм’ер-міністр паабяцаў пакараць вінаватых у «недастатковай рэакцыі» і выплаціць кампенсацыі пацярпелым. Ён абвясціў аб дадатковым бюджэце ў памеры 500 мільёнаў еўра на выплаты і на аднаўленне лясоў.

Глабальнае пацяпленне на 1,5 градуса па Цэльсіі стане катастрофай для некаторых астраўных дзяржаў Ціхага акіяна.

Пра гэта распавёў кіраўнік аддзела даследаванняў аўстралійскага філіяла Greenpeace Нікола Казуле. Як адзначыў эксперт у гутарцы з газетай The Guardian, краіны гэтага рэгіёну доўгі час пакутуюць ад моцных прыліваў, магутных цыклонаў, засух і засалення грунтовых вод. Акрамя таго, многія астравы паступова сыходзяць пад ваду з-за павышэння ўзроўню вады ў Сусветным акіяне. «Гэта прывядзе да таго, што такія месцы, як Кірыбаці, Вануату і Саламонавы выспы стануць непрыдатнымі для пражывання», – сказаў эксперт. Паводле яго слоў, тэндэнцыя будзе ўзмацняцца па меры награвання планеты, а таму ў канчатковым выніку іх чакае сумны канец.

Аргентынскі нападнік Ліянэль Месі, які заключыў кантракт з французскім футбольным клубам «Пары-Сэн-Жэрмэн», пасля пераходу будзе зарабляць у дзесяць разоў больш, чым многія вядучыя бізнесоўцы Францыі, якія ўзначальваюць прэстыжны біржавы спіс САС-40.

Пра гэта піша газета «Les Echos». Паводле некаторых дадзеных, гадавая зарплата Месі ў ПСЖ за вылікам падаткаў складзе каля 40 мільёнаў еўра – гэта значыць, у сярэднім Месі будзе атрымліваць у некалькі разоў больш, чым кіраўнік аўтавытворцы Stellantis, у падпарадкаванні якога знаходзіцца 400 тысяч чалавек, або дырэктар BNP Paribas , найбуйнейшага банка еўразоны. У «Барселоне» Месі па кантракце атрымліваў 60 мільёнаў еўра. А ўсяго за чатыры апошнія футбольныя сезоны даходы Месі без выліку падаткаў склалі 555 мільёнаў 200 тысяч еўра. У гэтую суму ўваходзяць як заробкі Месі ў футбольным клубе, так і платы за рэкламнае выкарыстанне яго вобраза, шматмільённыя прэміі за спартовыя дасягненні і розныя ганарары. Пераход Месі ў ПСЖ выгадны і самому клубу. Дзякуючы аргентынскаму гульцу ён павялічвае свае шанцы выйсці пераможцам Лігі чэмпіёнаў, што дазволіць клубу не толькі зарабіць больш за 50 мільёнаў еўра, але і атрымаць прэміяльныя выплаты ад спонсараў каманды.

Беларускае Радыё Рацыя