Агляд прэсы: жанчыны і гвалт



Жанчыны Беларусі на пярэднім краі барацьбы за правы чалавека. Сусветныя СМІ разважаюць, чаму ў беднасці жаночы твар? Паліцэйскі як асаблівая каста Еўропы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Брытанскае выданне арганізацыі Amnesty International павіншавала жанчын Беларусі з Міжнародным днём праз аналітычную публікацыю. Паводле яе жанчыны Беларусі адыгралі важную ролю ў пратэстах, якія пракаціліся па краіне, за што і падвяргаюцца зараз рэпрэсіям і пагрозам. Выданне падкрэслівае, што за сваю грамадзянскую актыўнасць жанчыны Беларусі былі абвінавачаны ў тым, што яны «дрэнныя маці» і «дрэнныя жонкі», таксама ўлады пагражалі адабраць у іх дзяцей. Жанчыны Беларусі таксама сутыкнуліся з жорсткім абыходжаннем пры ўтрыманні пад вартай і турэмнымі прысудамі ў выніку неабгрунтаванага крымінальнага пераследу за ўдзел у пратэстах».

«У глыбока патрыярхальным грамадстве з эндэмічным хатнім гвалтам жанчыны ў Беларусі рызыкавалі ўсім, каб адстаяць свае перакананні. Улады Беларусі ў адказ прынялі меры, накіраваныя на жанчын-актывістак, іх арганізацыі і сем’і», – падкрэслівае брытанскае выданне.

 ***

8-га сакавіка, нягледзячы на пандэмію, па ўсёй Еўропе прайшлі мерапрыемствы ў гонар Міжнароднага жаночага дня. Тэме раўнапраўя полаў прысвяціла свае старонкі і прэса.

І калі турэцкія газеты радуюцца мажлівасці жанчын атрымліваць адукацыю і быць больш адарванымі ад рэлігійнага жыцця, то балгарская газета Duma канстатавала, што ва ўмовах каронакрызісу і без таго кепскае становішча жанчын у сферы працы стала яшчэ больш відавочным.

«Нагрузка на жанчын толькі ўзмацнілася, паколькі менавіта яны занятыя ў найбольш пацярпелых сектарах эканомікі на самых нізкааплочваемых працоўных месцах. Каля 80 адсоткаў медычных работнікаў – жанчыны, у сферы догляду за дзецьмі і старымі таксама занятыя ў асноўным жанчыны, а таму пагроза заражэння для іх асабліва вялікая. Карціну дапаўняе немагчымасць паўнавартасна сумяшчаць сям’ю і працу. Жанчыны нярэдка адсутнічаюць на працоўных месцах, паколькі не могуць адначасна выконваць і мацярынскія, і службовыя абавязкі. У наяўнасці фемінізацыя беднасці. Лагічны працяг гэтай тэмы – розніца ў памеры пенсій», – са шкадаваннем піша балгарскае выданне.

***

У нядзелю ў Афінах зноў прайшлі акцыі пратэсту супраць паліцэйскага самавольства і гвалту. Нагодай паслужыла відэа праверкі выканання каранцінных мераў, на якім зазняты паліцэйскі збівае чалавека дубінкай. Згодна з заявамі паліцэйскіх, якія ўдзельнічалі ў гэтым рэйдзе, праваахоўнік толькі абараняўся. Аднак прафсаюз работнікаў праваахоўных органаў прызнаў, што падобныя дзеянні недапушчальныя. «Грэцкая дэмакратыя ў небяспецы», – піша на партале TVXS Стэліяс Кулоглу, дэпутат Еўрапарламента ад левай партыі Сірызы:

«Ці самі паліцэйскія сталі настолькі распушчанымі, ці яны атрымалі загад паводзіць сябе падобным чынам? Верагодней за ўсё, і тое, і іншае. Несумненна адно: на фоне кадраў падобнага празмернага і некантралюемага гвалту напрошваюцца паралелі з Эрдаганам і іншымі антыдэмакратычнымі рэжымамі. На Захадзе з паліцыяй таксама жарты дрэнныя. Аднак пры гэтым тамтэйшыя паліцыянты дзейнічаюць паводле пэўных правілаў і пазбягаюць непатрэбных сутыкненняў з грамадзянамі», – адзначаецца ў матэрыяле. Грэцкае выданне падкрэслівае, што мясцовы міністр абароны грамадзянскіх правоў у паскораным парадку наняў на працу ў паліцыю некалькі тысяч супрацоўнікаў. Практычна ніхто з іх не прайшоў адпаведнага навучання, частка з іх –  прыхільнікі партыі Залатая Зара. А некаторыя, як высветлілася, нават маюць вопыт правапарушэнняў.

***

Швайцарская газэта Le Temps адзначае: «Касмічны сектар даследуе сваю ўласную гісторыю, каб выявіць вельмі важную, але непрызнаную ролю, якую адыгралі ў ёй жанчыны. Апошнія зараз набіраюць усё больш пазіцый, але для дасягнення роўнасці яшчэ трэба прыбраць тармазы».

Паводле матэрыялу, жанчыны складаюць толькі 11,5% касманаўтаў. З 543 чалавек, якія пабывалі ў космасе з 1960-х гадоў, толькі 10% – жанчыны. «Пры гэтым некаторыя жанчыны дамагліся поспехаў або ўсталявалі рэкорды. І іх імёны варта памятаць. Валянціна Церашкова, Салі Райд, Святлана Савіцкая, і Клод Эньерэ», – гаворыцца ў артыкуле.

Як вынік, памкненне дасягнуць роўнасці між поламі сёння можна выявіць у касмічных агенцтвах НАСА,  ЕКА; нават «Раскосмас» рыхтуе 100% жаночую каманду да наступнага палёту на Месяц, запланаваны на 2029 год.

«Аднак для дасягнення роўнасці ўсё ж неабходныя змены менталітэту, – піша Le Temps. Мы рухаемся наперад дробнымі крокамі, але робім гэта настойліва: праз адукацыю, напрыклад. Ці ведалі вы, што Маргарэт Гамільтан распрацавала бортавае праграмнае забеспячэнне для касмічнай праграмы «Апалон?!», –  рытарычна запытваецца ў чытачоў швайцарскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка