Агляд сусветнай прэсы



Санкцыі для Беларусі. “Мядзвежы” рынак нафты. Вынікі змрочнага года Еўропы. Прынцып COVID –даміно. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе СМІ.

Газета Euobserver прасвяціла чарговы матэрыял Беларусі пад назвай «Дробны шрыфт ЕЗ пралівае святло на рэпрэсіі ў Беларусі. Аўтар Эндру Рэтман разглядае падрабязнасці новых санкцый ЕЗ для Беларусі, увядзенне якіх на мінулым тыдні зрабіла відавочным тое, якім чынам рэжым спрабуе здушыць мірнае паўстанне.

Акрамя асобаў – супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта, суддзяў, міністраў у “чорным спіс” патрапілі і арганізацыі, якія вырабляюць спецабсталяванне і тэхніку для падаўлення пратэстаў.

Газета Euobserver падкрэслівае, што санкцыі ЕЗ таксама прыадкрываюць  карупцыйныя схемы Лукашэнкі. Прынамсі выданне цытуе Валерыя Цапкалу, які ўхваліў унясенне ў санкцыйныя спісы кампанію Dana Holdings: “Гэта добрая навіна, бо Dana Holdings належыць бізнес-дынастыі Карычаў у Сербіі, мае даччыную структуру на Кіпры і непасрэдна ўдзельнічае ў схемах атрымання грошай Лукашэнкам”. Валер Цапкала дадае, што зараз ЕЗ мусіць унесці ў спісы і кампанію “Табакерка”, якая належыць беларускаму бізнесмену Аляксею Алексіну.

Заходняя дзелавая прэса практычна ў адзін голас прарочыць трэнд на спад рынкаў, звязваючы праблему наўпрост з цэнамі на нафту.

Асабліва песімістычна на пытанне глядзіць рэдакцыя The Wall Street Journal. Падзенню рынкаў тут прысвечана ажно шэсць матэрыялаў. Аглядальнікі выдання адзначаюць, што пасля невялікага аднаўлення чорнае золата зноў вярнулася да перспектываў падзення

Крытыкуюць аналітыкі і стратэгію Расеі, адзначаючы, што рост здабычы нафты ў краіне сёння вядзе да звужэння магчымасцяў у будучым. Адзін матэрыял наўпрост паведамляе пра тое, што нізкія цэны на нафту пагражаюць амбіцыям Уладзіміра Пуціна ў знешняй палітыцы. Пры гэтым кампанія «Лукойл» ужо заявіла пра тое, што не будзе пярэчыць супраць магчымага зніжэння аб’ёмаў расейскай здабычы.

 Брытанскі часопіс The Economist  падводзіць вынікі “самага змрочнага году ў Еўропе пасля заканчэння Другой сусветнай вайны”, які, здаецца, можа скончыцца трыўмфам.

Выданне рэзюмуе, што бюджэт будучага году зацверджаны. Што яшчэ больш важна, ЕЗ упершыню дамовіўся, што гэтыя грошы будуць сабраны шляхам выпуску сумесна гарантаваных аблігацый. Аднак па-за межамі ЕЗ карціна не такая прыгожая. “Вайна за Нагорны Карабах і яшчэ бліжэй да дома, фактычна на самай мяжы саюзу, шматмесячныя акцыі пратэсту і крывавыя разгоны ў Беларусі. Тое, што галоўная суперніца Лукашэнкі знаходзіцца ў выгнанні  ў Літве, з’яўляецца асноўным папрокам для ЕЗ, які павольна і нямоцна дзейнічаў у гэтым пытанні”, – піша The Economist.

Выданне канстатуе, што такім жа слабым з’яўляецца і адказ ЕЗ Уладзіміру Пуціну, які падтрымлівае дзеянні Лукашэнкі і дазваляе апарату бяспекі праводзіць замахі на галоўнага палітычнага канкурэнта – Аляксея Навальнага.

 Еўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў мае намер дапусціць выкарыстанне вакцыны канцэрнаў Biontech / Pfizer пасля адабрэння з боку Еўракамісіі. Аднак гэта лічыцца ўжо справай вырашанай. Еўрапейскія СМІ сочаць, ці паспее ЕЗ прыступіць да вакцынацыі насельніцтва яшчэ да канца года.

“Еўропа абавязана дзейнічаць разам”, – піша галоўны рэдактар ​​газеты La Repubblica Марыё Малінары.

Перад Еўрапейскім звязам паўстала задача гістарычнага маштабу. На працягу шасці-сямі месяцаў трэба будзе прышчапіць ад COVID-19 сотні мільёнаў людзей. «Калі мы зможам справіцца з гэтай задачай, то распаўсюд віруса ўдасца прыпыніць, што паскорыць аднаўленне эканомікі ў асобных краінах. У выніку рэалізацыі сумеснай стратэгіі Еўропа выйдзе з гэтай сітуацыі сур’ёзна ўзмоцненай. Калі ж мы правалім задачу, то негатыўныя наступствы – пачынаючы са сферы аховы здароўя і заканчваючы эканомікай – удараць падобнымі эфекту даміно – з наступствамі для ўсіх нас», – адзначае італьянская выданне La Repubblica.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка