Агляд сусветнай прэсы
Выбары ў Беларусі — што азначае затрыманне „вагнераўцаў” пад Менскам? А таксама працяг ціску Пекіна на нацыянальныя меншасці.
Усё гэта — ў традыцыйным аглядзе замежнай прэсы ад Кастуся Багушэвіча:
– Кітай сур’ёзна ўзяўся за нацыянальныя меншасці і не спыняе ціск на іх, а таксама тэрыторыі, якія могуць канчаткова сысці з-пад наўпроставага ўплыву Кітайскай камуністычнай партыі. З гэтай восені ўрад Кітая мае намер стварыць сістэму адукацыі, арыентаваную на кітайскую мову, паслядоўна адмяніўшы мангольскую мову пад падставай двайнога навучання ў школах Манголіі ў аўтаномным рэгіёне Унутраная Манголія, дзе кампактна пражываюць людзі пераважна мангольскай нацыянальнасці, пра гэта сёння піша сайт Mongolhel.sakura. Такая палітыка, – працягвае партал, – можа выклікаць рызыку заняпаду мангольскай мовы. Пра гэта кажа прафесар факультэта гуманітарных і сацыяльных навук універсітэта Шыдзуока ў Японіі Ян Хайінг. Акрамя таго, закон парушае заканадаўства Кітая аб адукацыі і розныя пастановы аўтаномнай вобласці, а таксама пастановы адносна моўнай палітыкі, прынятыя Камісіяй па справах нацыянальнасцяў. Таму навукоўца просіць падпісвацца за яго ініцыятыву і патрабуе неадкладнага зняцця такога рашэння. Зараз прымаюцца подпісы, якія затым будуць дасланыя ў адпаведныя органы, адказныя за рашэнні па мове навучання.
Затрыманне ў Беларусі байцоў прыватнай ваеннай кампаніі „Вагнера”, якія прыбылі ў краіну ці то з мэтай паўдзельнічаць у дэстабілізацыі сітуацыі, ці то транзітам для дэстабілізацыі сітуацыі дзе-небудзь яшчэ, паказала, як далёка зайшла сітуацыя ў пякельнай гульні, якую вядуць паміж сабой Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. І стаўка ў гэтай „беларускай рулетцы” нават не ўлада. Стаўка ў гэтай рулетцы — сама Беларусь. Так у сваім артыкуле для парталу „Обозреватель” лічыць украінскі палітычны эксперт Віталь Портнікаў. Лукашэнку хочацца быць у моцнай пазіцыі і не мець ніякіх праблем з прадаўжэннем уласных паўнамоцтваў — толькі гэта дазволіць яму працягваць лавіраваць паміж Расеяй і Захадам і не згаджацца з паглынаннем Беларусі. Менавіта таму ён выцесніў з унутрыпалітычнага жыцця ўсіх, хто яшчэ ўспрымаў Беларусь як самадастатковую дзяржаву, як краіну пад бел-чырвона-белым сцягам, а не пад той пародыяй на савецкі сцяг, якую Лукашэнка стаў выкарыстоўваць пасля перамогі на выбарах прэзідэнта ў 1994 годзе. Яго галоўная суперніца — жонка адпраўленага ў турму апазіцыйнага блогера, якой дапамагаюць штабы адпраўленага туды ж былога кіраўніка „Газпромаўскага” банка і былога дыпламата, які з’ехаў у Маскву і які распавядае адтуль аб сумленных расейскіх выбарах у празрыстых урнах і несумленных беларускіх у непразрыстых. Чаму Лукашэнку патрэбныя менавіта такія супернікі? А таму што ён упэўнены — нават калі яны перамогуць на выбарах, ніхто не выйдзе абараняць іх перамогу. Бо раней выходзілі — за Беларусь. А цяпер за што — за Ціханоўскага? За Бабарыку? Смешна нават. Што людзі могуць выйсці проста супраць яго, Лукашэнку да апошняга часу нават і ў галаву не прыходзіла — чаго здзіўляцца, дыктатары жывуць у сваім уласным свеце. Затое гэта відавочна прыходзіла ў галаву Пуціну — вось навошта „вагнераўцы” ў Менску.
Пуцін хоча павязаць Лукашэнку крывёю — як хацеў у 2014 годзе павязаць крывёю Януковіча, бо Кіеў тады таксама кішма кішэў расейскімі агентамі і дарадцамі. І зусім не дзеля таго, каб зрынуць беларускага дыктатара, не. А каб Лукашэнку ў літаральным сэнсе слова не было куды больш бегчы, акрамя як у Растоў. Каб спыніліся любыя яго кантакты з Захадам і любыя памкненні па захаванні беларускай дзяржаўнасці. Каб Лукашэнка разумеў: цяпер толькі Расея зможа захаваць яму ўладу і жыццё. Захад яго не абароніць, беларусы — калі што, пасадзяць. А Уладзімір Уладзіміравіч забяспечыць ганаровую пенсію. Павязаўшы крывёю Януковіча, Пуцін атрымаў Крым і кавалак Данбаса — хоць, вядома, разлічваў на большае. Ад Лукашэнкі Пуціну патрэбная ўся Беларусь. І дыктатар павінен апынуцца ў бязвыхаднай сітуацыі, павінен сам зразумець, што без капітуляцыі на расейскіх умовах яму няма куды. Затое сама капітуляцыя — гэта спакойная старасць на Рублёўцы і запрашэнні на прыёмы на Дзень Расеі. А можна нават і пажыццёвым сенатарам стаць — зараз ёсць і такая опцыя. Трэба толькі далучыцца да Расеі абласцямі. Ну ці ў патрэбны момант аддаць уладу таму, хто будзе гатовы да аншлюсу. Вось, уласна, і ўвесь сэнс пуцінскай гульні. І вось чаму Лукашэнку прыходзіцца раз за разам пераходзіць „чырвоныя лініі” ў адносінах з галоўным саюзнікам і спонсарам. Ён вельмі не хоча паўтарыць лёс Януковіча.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: скрыншот з відэа