Агляд сусветнай прэсы пра падзеі ў Беларусі



Святлана Ціханоўская заклікае да страйкаў. Праціўнікі Лукашэнкі збіраюцца правесці велізарную маніфестацыю супраць дыктатара. Падрабязнасці даведаемся ў аглядзе замежнай прэсы ад Кастуся Багушэвіча:

Святлана Ціханоўская просіць рабочых усёй Беларусі не спыняць, а толькі павялічваць страйкі. Улады затрымліваюць лідараў забастовак рабочых, а таксама выклікалі вядомых актывістаў апазіцыі на допыты ў пятніцу, каб далей спрабаваць спыніць рух пратэсту супраць Аляксандра Лукашэнкі. Лідар апазіцыі Святлана Ціханоўская заклікала рабочых працягваць страйк у відэазвароце, паведамляе тэлеканал „Еўраньюс”. Выступаючы з эміграцыі ў Літве, яна сказала, што забастоўкі заўсёды былі „зброяй” для прыняцця пераменаў. „Страйкі — абсалютна легальная і магутная зброя супраць рэжыму”, — сказала яна прыхільнікам. „Яны гэта ведаюць, і з-за гэтага яны хочуць вас запалохаць. Пакіньце страх перад дыктатурай. Памятайце, што вы не самотныя. Уся Беларусь з вамі. Вы баяліся дыктатуры, а яна дрыжыць ад страху перад вамі. Мы прымусім улады, якія заселі ў сваіх палацах, пачуць наш голас”.

Тым часам Генеральная пракуратура Беларусі пачала крымінальнае расследаванне супраць Каардынацыйнай Рады, якая выступае за мірную перадачу ўлады. Генеральны пракурор Аляксандр Канюк кажа, што на мэце ў Каардынацыйнай Рады стаіць захоп дзяржаўнай улады. На фоне гэтай заявы Аляксандр Лукашэнка зноў абрынуўся з крытыкай на замежных „лялькаводаў”, на гэты раз ён угледзеў пагрозу ў Злучаных Штатах, адкуль, на яго думку, кіруюць пратэстамі. Але людзей гэта не спыняе, і яны па-ранейшаму выходзяць на акцыі салідарнасці з рабочымі, а таксама на цэнтральныя плошчы сваіх гарадоў. Рабочы Менскага аўтамабільнага завода ў інтэрв’ю „Еўраньюс” заявіў, што „сотні супрацоўнікаў КДБ прыйшлі на заводы, каб дапытаць і адпудзіць рабочых, каб мы не рабілі страйк. Мы заклікаем да дыялогу, але ўлады рэагуюць на пагрозы і чыняць новыя рэпрэсіі”, — сказаў 53-гадовы інжынер. Старшыня Рады Еўропы Шарль Мішэль і старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен пацвердзілі, што іх арганізацыі адхіляюць вынікі прэзідэнцкага галасавання, паколькі выбары не былі „ні свабоднымі, ні справядлівымі”, і яшчэ раз асудзілі „непрапарцыйны і непрымальны гвалт” супраць удзельнікаў акцый пратэсту. У пятніцу міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу і яго латвійскі калега Эдгарс Рынкевічс выклалі свой намер уводзіць сумесныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, дадаўшы іх да чацвярговага рашэння Еўразвяза пакараць асобных беларускіх чыноўнікаў, якія ўдзельнічаюць у фальсіфікацыі выбараў і гвалце ў дачыненні да пратэстоўцаў. У сумеснай заяве кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Латвіі і Эстоніі напісалі: „Эстонія і Латвія падрыхтавалі спісы беларускіх чыноўнікаў. Санкцыі прадугледжваюць забарону на выдачу ім віз. Двухбаковыя дзеянні па ўвядзенні санкцый пройдуць у адпаведнасці з нацыянальнымі працэдурамі. Латвія і Эстонія будуць надалей спрыяць грамадзянскай супольнасці Беларусі”.

Іспанская газета El Confidencial змяшчае на сваіх старонках артыкул пад назвай „Лукашэнка спрабуе распусціць апазіцыйную раду па перадачы ўлады ў Беларусі”. Пракуратура распачала крымінальную справу супраць Каардынацыйнай Рады, якая правяла першае пасяджэнне на гэтым тыдні, і члены якой могуць быць прысуджаныя да 5 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула 361 Крымінальнага кодэкса. Згодна з гэтым артыкулам, заклікі ўзяць уладу караюцца, а таксама турэмным зняволеннем караецца факт звароту да іншых краін ці міжнародных арганізацый для правядзення дзеянняў, якія наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы. „Стварэнне гэтых органаў не прадугледжана заканадаўствам. І іх дзейнасць з’яўляецца неканстытуцыйнай. Разумеючы незаконнасць дзеянняў, некаторыя грамадзяне заявілі пра сыход з рады і нязгоду з яе дзейнасцю”, — дадаў пракурор Аляксандр Канюк. У сваю чаргу Лукашэнка звінаваціў Каардынацыйную Раду ў спробе разарваць усе адносіны з Расеяй, забараніць расейскую мову і ўступіць у Еўразвяз і НАТА. Сябра „прэзідыума” Рады Максім Знак адмаўляе парушэнне закона. „Рада працягвае сваю працу. Ні ў дакументах, ні ў дзейнасці Каардынацыйнай Рады няма ніякіх незаконных элементаў. Яна выражае пазіцыю грамадства”, — заявіў ён. У той жа час Знак прызнаў, што ва ўладаў ёсць „шматлікія інструменты”, якія перашкаджаюць працы Рады, і прызнаў, што адразу пасля таго, як Лукашэнка стаў пагражаць распусціць орган, некаторыя члены пакінулі яго „з улікам рызык”. Затое, як падкрэслівае іспанская газета, Каардынацыйную Раду не пакінула лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, перакананы вораг Лукашэнкі, якога яна заўсёды лічыла прыхільнікам сталінскіх метадаў. Таксама ў склад прэзідыума ўвайшлі былы міністр культуры Павел Латушка, апазіцыйная палітык Марыя Калеснікава і адзін з каардынатараў забастовак на дзяржаўных заводах Сяргей Дылеўскі. Тым часам захваляваліся іншыя чыноўнікі беларускага рэжыму. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што Беларусі патрэбныя перамены, але не рэвалюцыйным шляхам, і заклікаў краіны Еўразвязу не ўводзіць жорсткія санкцыі супраць лукашэнкаўскага атачэння. А міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што войска гатовае бараніць краіну ад усіх пагроз. Праціўнікі Лукашэнкі, якія на мінулым тыдні выйшлі на вуліцы ў колькасці большай за 200 тысяч, на гэты раз плануюць яшчэ больш маштабную маніфестацыю на выходных, зазначае El Confidencial.

Беларускае Радыё Рацыя