Аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова адпушчана на свабоду
Міжнародны аглядальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова позна вечарам 9 жніўня была адпушчана на свабоду пад абавязацельства аб яўцы.
„Пастанова аб вызваленні была падпісана каля 23 гадзін, і прыкладна ў 23.20 мяне адпусцілі. 10 жніўня ў 11 гадзін я павінна быць у Следчым камітэце для працягу допыту”, — паведаміла БелаПАН Каравянкова, якая знаходзіцца ў статусе падазраванай па „справе БелТА”, якая ўзбуджана па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі). Журналістка дала падпіску пра неразгалошванне тайны следства.
Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Следчага камітэта з’явіліся да Каравянковай ў яе вясковы дом у Смаргонскім раёне Гарадзенскай вобласці, дзе яна праводзіла адпачынак. „Гэта было каля 7 гадзін раніцы. Хтосьці пераскочыў праз плот, і спачатку я падумала, што гэта быў сусед, з якім у мяне нядаўна быў канфлікт. Як аказалася, гэта быў адзін з аператыўных супрацоўнікаў. Пасля вобыску, прыкладна ў 11.10, мне абвясцілі аб статусе падазраванай, і мы паехалі ў Менск. Я настойвала на сваім праве зрабіць званок, на што мне адказалі, што я змагу гэта зрабіць пасля вобыску. Аднак і пасля вобыску мне такую магчымасць не далі”, — сказала аглядальнік БелаПАН.
Ночы на 8 і 9 жніўня яна правяла ў ізалятары часовага ўтрымання ў завулку Акрэсціна, ад турэмнай ежы адмаўлялася з-за яе агіднага паху, таму ела толькі сухары і тое, што было ў перадачы, атрыманай 8 жніўня ад маці і сябровак.
Падчас першага допыту 7 жніўня Каравянкова адмовілася ад дачы паказанняў, бо не дапусцілі яе адваката, а прапанавалі дзяжурнага. 9 жніўня было два допыты. На першым яна зноў адмовілася адказваць — з-за дрэннага самаадчування, другі допыт адбыўся ў прысутнасці абаронцы, з якім у яе быў заключаны дагавор.
Вечарам 9 жніўня былі адпушчаныя на свабоду супрацоўнікі партала tut.by і газеты „Беларусы і рынак”.
У зняволенні застаюцца галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына (затрыманая 9 жніўня) і карэспандэнт „Нямецкай хвалі” Паўлюк Быкоўскі (8 жніўня).