Агнешка Рамашэўская-Гузы: Наша мэта – пераехаць некалі ў Менск
„Белсату” – 10 гадоў. Спадарожнікавае тэлебачанне, якое не пускаюць у кабельныя сеткі ў Беларусі, нягледзячы на цяжкасці, знайшло сабе масу прыхільнікаў у Беларусі. Так, паводле сёлетніх даследаванняў, марку «Белсат» распазнае кожны трэці жыхар нашай краіны.
Пра тое, як запускаўся «Белсат», у эфіры нашага радыё напярэдадні юбілею ўзгадвае дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы:
– Мы пачыналі гэтую працу яшчэ ўлетку 2006 года, то бок 11 з паловай гадоў таму мы атрымалі першыя грошы на трэнінг журналістаў і падрыхтоўку тэхнічнага праекту тэлебачання. Тады гэта ўсё пачалося. Мы ўсе тады не ведалі, як гэта робіцца – я ніколі не будавала тэлеканал. У той час я была дырэктарам, пазней віцэ-дырэктарам каналу «Палонія», і гэта мне шмат дало. Дапамог мне наш фінансавы шэф, які ў прынцыпе давёў да таго, што ўсё гэта было ў стане дайсці да жыцця, фармальна пачаць існаваць. Памятаю людзей, якія мне дапамаглі, без якіх я б нічога не збудавала.
Памятаю той момант, калі змяніўся ўрад – у 2007 годзе. Праект задумваўся яшчэ падчас першага ўраду «Права і Справядлівасці» (тады гэта быў кааліцыйны ўрад), а потым да ўлады прыйшла «Грамадзянская Платформа», і было пытанне, ці гэта праект не спыняць. Памятаю, як мае сябры ў «Платформе», якія падтрымлівалі гэты праект, казалі: «хутчэй, хутчэй пачынайце, каб вы былі, каб гэта ўжо сталася пост-фактум». І мы сапраўды вельмі спяшаліся. І 10 снежня 2007 года нам удалося выдаць першую гадзіну. Увогуле, умовы, у якіх мы гэта рабілі, абсталяванне – гэта светлавыя гады ў параўнанні з тым, што цяпер.
Таму, магу зазначыць, што першае пачуццё, якое ў мяне ёсць, гэта пачуццё недаверу, што ўсё гэта ўдалося. Немагчыма!
РР: Доўгія гады Вас не пускалі ў Беларусь, менавіта праз Вашую дзейнасць. Але сёлета Вы былі ў Беларусі. Ці адчулі Вы, як кажуць па-ангельску feedback, пачулі меркаванні ад беларусаў наконт «Белсату»?
Агнешка Рамашэўская-Гузы: Меркаванне наконт «Белсату» я пачула з вельмі кампетэнтных вуснаў. Мы правялі вялікія даследаванні ў Беларусі, як колькасныя, на рэпрэзентатыўнай групе 3000 чалавек, так і фокусавыя – 18 групаў ва ўсёй Беларусі – распытвалі нашых гледачоў. Мы знайшлі іх паўсюль. Мы мелі іх у вялікіх і маленькіх гарадах. Гэта было надзвычай цікавае пачуццё, паглядзець на нашых гледачоў, пачуць, пра што яны гавораць. Я была з трыма групамі, і гэта было незвычайнае перажыванне, я магла пабачыць, як выглядае наш рэальны глядач.
Наогул, я люблю ездзіць у Беларусь. Беларусь – гэта нялёгкая краіна, яе трэба пазнаць, на маю думку. Але, калі я не бываю ў Беларусі раз на год, то маю адчуванне, што я адрываюся ад зямлі. Пры тым, я 9 гадоў наогул не ўязджала ў Беларусь. Але аказалася, што людзі, якія гэта рабілі ў Беларусі, настолькі сэнсоўна працавалі, што мая прысутнасць у Беларусі не была так патрэбна.
РР: Маем сёлета рэкордны прагляд «Белсату» ў Беларусі, і адначасова рэкордныя рэпрэсіі. Сёлета журналіст «Белсату» нават адседзеў 15 содняў за кратамі з-за свае дзейнасці, практычна штотыдзень чуем з рэгіёнаў і Менску, што журналістаў караюць штрафамі. З чым Вы звязваеце такую атаку на «Белсат»?
Агнешка Рамашэўская-Гузы: Звязваю яе з дзвюма справамі. Перадусім, з падзеямі сакавіка гэтага года, калі былі гэтыя «маршы недармаедаў». Вялікія грамадскія пратэсты, якіх раней не было бачна, а мы старанна іх асвятлялі. Гэта раззлавала ўлады. Другая справа, тая няпэўнасць адносна будучыні нашага тэлеканалу, якая панавала ў Польшчы, пагоршыла нашую сітуацыю на міжнародным узроўні. У выніку беларускія ўлады паставіліся да нас горш, чым маглі б – не будучы пэўным, ці мы ператрываем.
РР: З аднаго боку рэпрэсіі, а з іншага і новыя феномены. Гэтак напрыклад «Белсату» дазволілі арганізаваць канцэрт «Народнага Альбому» у Менску, што само па сабе незвычайна для Беларусі. Як гэта патлумачыць? Што гэта за адносіны беларускіх уладаў: недзе ціснуць, а недзе дазваляюць і не перашкаджаюць?
Агнешка Рамашэўская-Гузы: Шчыра кажучы, я сама гэтага да канца не разумею. Думаю, што гэта аргумент на адсутнасць рашучасці рэжыму. Па-першае, ёсць розныя асяродкі, якія прымаюць рашэнні, альбо розныя асяродкі, якія даходзяць з аргументамі да вушэй тых, хто прымае рашэнні. Тут відавочна няма маналітнай лініі. Але яна не была маналітнай ад пачатку. Я пераканана, што ў нас ёсць скрытыя сімпатыкі ў структурах, звязаных з рэжымам. У кожным разе, не ўсе там нашыя ворагі.
Тое, што раз дамінуюць рэпрэсіі, а раз – адліга, гэта таксама рэфлекс беларускае палітыкі, якая ідзе няспынным сінусоідам. Мароз – адліга, мароз – адліга, людзей саджаюць – людзей выпускаюць. І з гэтага зроблена сістэма. Вялікае абвастрэнне, і ўсе моцна нярвуюцца, а потым усе задаволеныя з палёгкі. І потым гэтаксама. Думаю, што гэта такое функцыянаванне беларускай палітыкі.
РР: 10 гадоў – гэта ўсё ж такі вялікі тэрмін. Хацеў бы ў Вас запытацца пра планы, як кароткачасовыя, а ведаем, што на наступны год «Белсат» ужо будзе мець фінансаванне, але таксама доўгатэрміновую перспектыву, умоўныя 10 гадоў. Што будзе, калі ў Беларусі ўсё ж такі зменіцца рэжым, і ў Польшчы адпадзе неабходнасць падтрымаліваць дэмакратычныя працэсы?
Агнешка Рамашэўская-Гузы: Калі казаць пра кароткатэрміновыя планы, то мы маем планы розных праграмных зменаў. Хочам дастасоўвацца да нашага гледача, прывабліваць новага гледача, дастасоўвацца да тэхналагічных зменаў, бо ўвесь час тэхналогія ідзе наперад надзвычай хутка, і каб дагнаць гэта, трэба планаваць з выпярэджваннем на крок, бо інакш будзем увесь час ззаду. Увогуле, цэлыя тэхналагічныя пакаленні змяняюцца кожныя тры гады. З іншага боку плануючы задалёка наперад, можна памыліцца, але будзем спрабаваць дастасоўвацца.
Хочам таксама ў нейкай ступені развіць інфармацыйны плацдарм увогуле шырэй на Усход. Маем перакананне, што Беларусь як частка былой прасторы Савецкага Саюзу з’яўляецца ахвярай расейскай прапагандысцкай агрэсіі. Будзем спрабаваць гэтаму супрацьстаяць, будзем працаваць над гэтым у бліжэйшы год. Калі ж гаворка ідзе пра дзесяцігоддзе, то ніхто не ведае, што здарыцца, тут патрэбна варажбітка. Але мы працуем для таго, каб некалі пераехаць у Менск. Не ведаю, ці са мной. Магчыма, я ўжо застануся ў Польшчы. Але думаю, што калегі павінны будуць пераехаць.
Мы ствараем кадры для беларускага тэлебачання, будучых беларускіх медыяў. Я ў гэтым глыбока ўпэўнена. Зрэшты, ужо цяпер частка нашых супрацоўнікаў працуе ў іншых медыях.
Агулам жа лічу, што пераезд у Менск – гэта наша мэта. Магчыма, мы будзем функцыянаваць у іншых варунках, можа, на вольным рынку. Трэба мець такую ідэю.
РР: Каб марка «Белсату» была захавана.
Агнешка Рамашэўская-Гузы: Сапраўды, бо гэта ўжо марка!
РР: Дзякуй Вам за размову, спадарыня дырэктар, і ад імя калектыву Беларускага Радыё Рацыя дазвольце Вас павіншаваць з гэтым юбілеем!
Сімвалічна, што тэлеканал «Белсат» пачаў сваю працу 10 снежня 2007, у Дзень правоў чалавека.
Агнешка Рамашэўская-Гузы падкрэсліла, што некалі тэлеканал павінен будзе пераехаць у Менск. Пакуль жа рэдакцыя «Белсату» знаходзіцца ў Варшаве, а журналісты, якія працуюць у Беларусі, пастаянна зазнаюць на сабе ціск уладаў, штрафы, а часамі нават і турэмнае зняволенне за сваю прафесійную дзейнасць.
Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара