Агнешка Рамашэўская: Пры такім вялікім градусе тэрору не ўдалося забараніць людзям чытаць альтэрнатыўныя СМІ
Госця „Рацыі” – Агнешка Рамашэўская, дырэктарка тэлебачання „Белсат”.
РР: 12 дзён застаецца да заканчэння 2021 года, можна ўжо зрабіць некаторыя высновы і ацэнкі. Які ён быў, адыходны год для журналістаў у Беларусі, калі глядзець з-за мяжы? Які ён быў для журналістаў „Белсату”?
– Думаю, што гэта быў адзін з найбольш цяжкіх гадоў за ўвесь час існавання „Белсату”. Нам цяпер 14 год, 10 снежня ўласна кажучы было 14 год існавання „Белсату”, і з усіх 14 гадоў думаю, што гэты быў найцяжэйшы.
РР: Можна прыгадаць, што „Белсат” выходзіў у эфір і свет якраз у дзень правоў чалавека.
– Мы выбралі гэты дзень наўмысна. Аказалася, што гэта мае шмат значэння аж да сённяшняга дня. Ну і так, як я казала, у гэтым годзе я думала над падвядзеннем вынікаў гэтага году: з нашых журналістаў велізарная колькасць выехала. У гэты момант мы лічылі, колькі цягам апошняга году супрацоўнікаў „Белсату”, бо гэта не толькі журналісты, гэта таксама фатографы, аператары, мантажысты. Людзі, якія працавалі ў тэлебачанні, больш за 50 асобаў выехалі з Беларусі, і яны ў гэты момант альбо ў Польшчы, ва Ўкраіне, Грузіі, ці ў Летуве. У гэты канкрэтны момант, здаецца, яшчэ больш, выязджаюць чарговыя асобы. Але перадусім трох нашых калегаў сядзіць у турме. Акрамя гэтага, наш сябра ад некалькіх год, Уладзімір Мацкевіч, таксама сядзіць. Чатыры асобы, якія звязаныя з „Белсатам”, у гэты момант сядзяць у турме. Дзве нашы дзяўчыны – Дар’я Чульцова і Каця Андрэева на гэты момант сядзяць ужо 2 гады.
РР: Гэта былі ў той момант самыя жорсткія і гучныя прысуды для журналістаў.
– Так, і тады яшчэ, калі быў суд над Кацяй і Дашай па падзеях лістапада 2020 года, пасля забойства Бандарэнкі, усім яшчэ здавалася, што ўжо не можа быць намнога горш, што гэта ўжо найгоршы момант, але сталася, што не. Як кажуць палякі „byliśmy już na dnie, ale od dołu ktoś zapukał” (польск., здавалася мы дасягнулі дна, але знізу пагрукалі). І аказалася, што аднак можа быць яшчэ горш: летам было паляванне на журналістаў, іх масава затрымлівалі, пасля чаго аказалася, што ў гэты момант, ужо ад двух месяцаў сядзіць нашая калега, даўняя нашая працаўніца, якую я добра ведаю, мы разам шмат працавалі ад пачатку функцыянавання каналу, бо яна адна з першых працаўнікоў „Белсату”. Ірына Слаўнікава ў дадзены момант ужо 2 месяцы сядзіць у турме ў Менску. Такім чынам мушу сказаць, што гэты год быў для журналістаў годам незвычайна складаных выпрабаванняў. І я сама здзіўленая, што гэта ўсё далей робіцца.
РР: Пра гэта я і хачу запытацца. Ці ўскладняе працу той факт, што журналісты з’язджаюць з Беларусі? Раней мы бачылі на экранах журналістаў „Белсату”, дзе яны з камерамі працуюць з вуліцаў гарадоў Беларусі. Цяпер гэта немагчыма?
– Безумоўна, ускладняюць. Дакладна так. Але, як аказалася, няма такіх рэчаў, якія ўвогуле немагчымыя. Маю на ўвазе тое, што заўсёды знаходзіцца нейкі спосаб пераказаць інфармацыю. Канешне, журналісты ўжо не могуць выступаць з адкрытымі тварамі, бо гэта ўжо рызыка турмы. Мала хто ў гэты момант вырашыць выступіць з тварам. Увогуле, таксама пасадзіць могуць і за інтэрв’ю для „Белсату”, і гэта ўжо праблема. Так сталася ў моманце, калі Белсат стаў у Беларусі «экстрэмісцкім», гэта вельмі дзіўная канцэпцыя, а менавіта нават не сам інстытут, не сам „Белсат”, рэдакцыя. Але за экстрэмісцкую арганізацыю палічылі ўсіх нашых гледачоў. То бок, калі нехта глядзіць „Белсат”, то ён чалец экстрымісцкай групы.
РР: І за гэта пагражае канкрэтнае пакаранне?
– Ужо не памятаю, колькі год даюць за гэта. Але гэта проста крымінальная адказнасць, за гэта садзяць у турму. Тое, што людзі далей глядзяць і чытаюць, што мы вельмі шмат атрымліваем матэрыялаў ад гледачоў, гэта сапраўды здзіўляе. Пры так вялікім градусе тэрору не ўдалося забараніць людзям чытаць, высылаць нам матэрыялы і здымкі.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя