АГП пачала кампанію „Вернем маршруткі людзям!”
Аб’яднаная грамадзянская партыя пачала кампанію „Вернем маршруткі людзям!”. Пра гэта сказана ў заяве палітрады АГП, апублікаванай 16 сакавіка на сайце партыі.
На думку чальцоў арганізацыі, уваходжанне ў сілу новых норм закона „Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках” — гэта „спроба заарганізаваць і ўзяць пад дзяржаўны кантроль рынак міжгародніх перавозак, якая ўнесла сумятню і блытаніну ў пасажырскія перавозкі ў нашай краіне”.
„Усё гэта адбылося таму, што папраўкі, якія ўносяцца ў закон, не адпавядаюць інтарэсам спажыўцоў — грамадзян краіны. Прызначаныя дэпутаты чарговым разам не параіліся з зацікаўленымі асобамі — з пасажырамі і з прыватнымі перавозчыкамі, а зноў сталі на бок чыноўнікаў”, — гаворыцца ў заяве.
У сувязі з гэтым АГП пачала збор подпісаў пад электроннай петыцыяй з патрабаваннем адмены змен у заканадаўства, а таксама плануе праводзіць збор подпісаў у рэгіёнах.
Як паведамлялася, змены ў закон „Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках” запрацавалі 26 лютага. Цяпер прыватныя перавозчыкі абавязаныя заключаць дагаворы з дзяржаўным аператарам на ажыццяўленне рэгулярных рэйсаў. Каб абслугоўваць маршруты, яны павінны ўдзельнічаць у конкурсах, плаціць перонныя зборы, усталёўваць сістэмы навігацыі і выконваць шэраг іншых умоў. Улады тлумачаць неабходнасць новаўвядзенняў у першую чаргу клопатам пра бяспеку пасажыраў.
Прыватныя перавозчыкі адрэагавалі на новаўвядзенне па-рознаму. Некаторыя адмянілі рэйсы і накіравалі кіраўніку Мінтранса Анатолю Сіваку калектыўны зварот за подпісам 200 чалавек, у якім просяць растлумачыць, як ім далей працаваць. Дзеянні ўладаў перавозчыкі расцэньваюць як спробу манапалізаваць рынак. Яны прагназуюць з’яўленне шэрых перавозчыкаў і істотнае падаражанне паслуг. Іншая частка прыватных перавозчыкаў новаўвядзенні падтрымлівае, абвінавачваючы сваіх апанентаў у несумленнай канкурэнцыі і парушэнні заканадаўства.