АГП падала 10 заявак на правядзенне пікетаў у Берасці
Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі падалі ў берасцейскі гарадскі выканаўчы камітэт дзесяць заявак на правядзенне пікетаў.
Большасць пікетаў актывісты плануюць правесці ў цэнтры горада. Заяўкі пададзеныя на 22-га лістапада – распавёў адзін з ініцыятараў Уладзімір Вуек:
— Мэта пікетаў — прыцягнуць увагу грамадскасці да стварэння новых працоўных месцаў у Беларусі. На хвалі крызісу, менавіта сёння, гэта адно з актуальных пытанняў, якое мы будзем падымаць у нашай грамадскасці. З гэтым пасланнем мы і прамылі ўдзел у так званай выбарчай кампаніі. Наша мэта — стварэнне мільёна новых працоўных месцаў.
Падача заявак на пікет — працяг працы па папулярызацыі альтэрнатывы для выхаду Беларусі з крызісу.
Мяркуецца, што кожны з пікетаў будзе доўжыцца гадзіну (першы пачнецца ў 10.00, апошні — у 20.00).
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце