Агракласы з’явяцца ў беларускіх школах у новым навучальным годзе



Агракласы з’явяцца ў беларускіх школах у новым навучальным годзе. Аб гэтым паведаміў першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Мікалай Раманюк.

„З новага навучальнага года ў беларускіх школах нараўне з педкласамі з’явяцца і агракласы. На гэты час у нас ёсць дамоўленасць аб стварэнні 10 такіх класаў. Мы падрыхтавалі практычна ўжо ўсю праграмную дакументацыю для настаўнікаў школ, якія будуць іх весці”, – сказаў Мікалай Раманюк.

Ён адзначыў, што агракласы плануецца адкрываць у вёсках і ў невялікіх гарадах па ўсёй краіне. „Агракласы будуць стварацца на базе 10-11-х класаў школ вялікіх вёсак, невялікіх гарадоў, некаторых раённых цэнтраў. Трапіць туды дзеці змогуць пасля гутаркі, улічвацца будуць і падагульняючыя балы”, – праінфармаваў першы прарэктар.

Паводле слоў Мікалая Раманюка, таксама пастаўлена задача стварыць школы ў лепшых гаспадарках краіны, дзе перспектыўныя студэнты сельгасспецыяльнасцей змогуць праходзіць вытворчую практыку. „Школы будуць створаны пры вялікіх базавых гаспадарках з добрым аснашчэннем. Там студэнты будуць вывучаць новую тэхніку, асвойваць сучасныя тэхналогіі. Работа па стварэнні школ вядзецца. Цяпер нашы студэнты праходзяць практыку на базе трох вучэбна-навукова-вытворчых цэнтраў пры СВК „Агракамбінат Сноў”, агракамбінатах „Дзяржынскі” і „Ждановічы”, – сказаў на заканчэнне ён.

belta.by