Велічэзны штраф за старую шыльду



Гарадзенскага актывіста, сябра Партыі БНФ Пятра Анісімовіча аштрафавалі на 100 базавых велічыняў за шыльду з Пагоняй, што 5 год правісела на яго доме.

Міліцыянты прыехалі да актывіста ў яго вясковы дом і прымусілі зняць нацыянальны cімвал.

Кажа Пётр Анісімовіч:

– Я прыехаў  дадому, мяне ўжо чакалі  міліцыянты, два ўчастковыя з начальнікам міліцыі Гарадзенскага раёна. Мне паказалі на шыльду, якая там вісела, пагоня з назвай вуліцы, рысачка была зверху. Яны прапанавалі мне самому зняць, каб не зламаць. Я зняў, і яны склалі пратакол.

Па словах Пятра Анісімовіча, суд над ім адбыўся толькі на наступны дзень, і суддзя спрабаваў яго весці згодна з законам:

– У мяне быў суд хвілін 50, можа, нават крыху больш ён цягнуўся. Яны выконвалі  нейкую літару закону іхняга. Спрабаваў даведацца, на якой падставе  – яны мне вось гэтую пастанову, якая прыйшла 1 сакавіка, не ведаю, закон гэта ці пастанова, мне ўсё сунулі. Што па пастанове гэтай яны мяне і судзяць. Што ўсялякая сімволіка забароненая. Я ім даказваў, што  гэта зарэгістраваная сімволіка.

Актывіст лічыць, што такі вялікі штраф ён атрымаў, таму што другі раз за год прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. У лістападзе 2020 года яго затрымалі па вядомым артыкуле 23.34 і “далі” штраф памерам 10 базавых велічыняў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча