Агрэсіўная палітыка ўладаў у дачыненні да інтэрнэт-СМІ
Блакаванне сайта „Беларускі партызан”, узламаны твітар „Радыё Свабода” і атака на Belarus security blog Андрэя Паротнікава – звёны аднаго ланцуга ці выпадковасць? На гэтую тэму разважае стваральнік сайта „Моцныя навіны” Пятро Кузняцоў у размове з Міколам Бянько.
Пятро Кузняцоў, фота gomel.today
РР: Як, на вашую думку, стасуецца дэкларацыя ўладаў пра тое, што мы хутка пяройдзем да лічбавай эканомікі? З другога боку, мы назіраем нейкія агрэсіўныя дзеянні дзяржавы ў дачыненні да інтэрнэт-СМІ. Напрыклад, «Беларускі партызан».
Пятро Кузняцоў: Першае, што можна дакладна сказаць, – гэта тое, што беларускія ўлады ніколі не вызначаліся вялікай паслядоўнасцю. Часам бывае даволі цяжка зразумець. Так і тут: цяжка зразумець, чаму яны так дзейнічаюць. Бо, з пункту гледжання здаровага сэнсу, гэта проста нелагічна і нават парадаксальна. З іншага боку, адна з версій – гэта якраз узаемазвязана. Бо можна ўзгадаць, што галоўны разлік гэтай лібералізацыі ў ІТ-сектары будуецца на тым, што пасля падпісання дэкрэта ў гэты тэхнапарк прыйдуць фірмы, кампаніі-рэзідэнты, а дзякуючы гэтаму прыбытак, грошы будуць заставацца ў краіне. Можа тут быць сувязь такая, што яны якраз-такі, зыходзячы са сваёй звыклай парадыгмы, імкнуцца ўзяць пад кантроль, ці навязаць самацэнзуру, ці ўвогуле закрыць тыя СМІ, якія пішуць цалкам незалежную інфармацыю ў разліку на тое, што, калі кампаніі, якія збіраюцца прыйсці, будуць гугліць пра Беларусь, атрымаюць менш негатыўнай інфармацыі.
РР: Яны так своеасабліва зразумелі фразу «Вялікія грошы любяць цішыню».
Пятро Кузняцоў: Можа быць. Гэта толькі здагадкі. Нейкага рацыянальнага тлумачэння тут знайсці нельга.
РР: А ўсё ж ці ёсць сувязь паміж гэтымі падзеямі: спробай заблакавання «Беларускага партызана», пасля ўзломам твітара «Радыё Свабода» і атакай на сайт, які займаецца асвятленнем пытанняў бяспекі Belarus security blog? Ці ёсць тут сувязь? Ці гэта абсалютна выпадковыя рэчы?
Пятро Кузняцоў: Я не веру, што гэта выпадковасць. Але я хачу падкрэсліць, што сапраўдныя сувязі пралічвае той, каго мы не ведаем. І таму мы можам толькі гадаць, у чым гэтыя сувязі і якія тут агульныя мэты. Бо гэта такія лагічна незвязаныя падзеі, але яны адбыліся фактычна адначасова. І яны нагадваюць ці то пэўныя манеўры, каб адцягнуць увагу ад чагосьці важнага, што адбываецца ці будзе адбывацца, каб людзі засяродзіліся на чымсьці, ці проста справакаваць нейкі хаос у інфармацыйнай прасторы, каб кагосьці дзесьці ў чымсьці дэзарыентаваць.
РР: Як выглядае сітуацыя з сайтам «Моцныя навіны» на фоне ўсіх апошніх скандалаў?
Пятро Кузняцоў: Я б сказаў, што таксама даволі складаная сітуацыя. Гэта быў дзявяты год нашага існавання, і цягам мінулага года мы тройчы траплялі пад пэўную атаку. На пачатку года два папярэджанні нам выносіла Міністэрства інфармацыі, потым была хваля судовых позваў летам, а зараз мы літаральна цягам двух дзён сутыкнуліся з тым, што мы класіфікуем як правакацыі. Па-першае, зусім нечакана з’явілася публікацыя на рэсурсе Onliner.by, нібыта наш сайт майніць крыптавалюту, хоць ніколі гэтага не было. Мы спачатку гэта кваліфікавалі як выпадковасць, бо Onliner.by спасылаўся на чытача, але на наступны дзень у нашым мясцовым выданні «Гомельская праўда» з’явіўся вельмі дзіўны артыкул у наш бок, які дакладна інакш, як правакацыя, нельга лічыць. Там мясцовы аўтар Раман Старавойтаў называў качкай нашую публікацыю пра тое, што ўлады аб’явілі тэндар на падрыхтоўку забудовы пад мікрараён «Лес». Вялікі артыкул з’явіўся з каментаром афіцыйных асоб. І ў мяне зараз ёсць уражанне, што гэтыя рэчы звязаныя, маючы ўжо досвед гэтых летніх падзеяў: менавіта пасля такіх публікацый пачынаюцца пэўныя судовыя позвы.
Заснавальнік грамадска-палітычнага сайта „Моцныя навіны” Пятро Кузняцоў адзначае, што ўлады імкнуцца насаджаць самацэнзуру на незалежных сродках масавай інфармацыі. І для гэтага выкарыстоўваюцца розныя метады ўздзеяння.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель