Агучаны прысуд менчукам, якія скінулі з балкона дзверы на міліцыянтаў
Трох менчукоў, якія скінулі з балкона дзверы на міліцыянтаў падчас затрымання пратэстоўцаў, прыгавораныя да двух і трох гадоў калоніі.
У судзе Фрунзенскага раёна 11 лістапада вынеслі прысуд менчукам, якія 11 жніўня мінулага года падчас акцыі пратэсту ў двары дома каля станцыі метро „Каменная Горка” скінулі драўляныя дзверы з балкона 11-га паверха на супрацоўнікаў міліцыі.
Як паведамляе пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, 24-гадовы Яўген Коржаль і 23-гадовы Цімафей Мажанкоў асуджаныя на два гады калоніі агульнага рэжыму, а 23-гадовы Аляксей Ігнаценка — на тры гады і адзін месяц калоніі агульнага рэжыму. Такое рашэнне вынес суддзя Дзмітрый Лукашэвіч. Менавіта такое пакаранне запрасіла дзяржабвінаваўца Аксана Саковіч.
Паводле версіі абвінавачвання, 11 жніўня мінулага года ў Менску па вуліцы Прытыцкага абвінавачаныя скінулі з агульнага балкона вышыннага паверха на міліцыянераў драўляныя дзверы. Адзначалася, што „ў той вечар у раёне станцыі метро „Каменная Горка” ўспыхнулі масавыя беспарадкі”, а „праваахоўнікі з мэтай спынення супрацьпраўных дзеянняў затрымлівалі ўдзельнікаў, якія спрабавалі схавацца ў дварах і пад’ездах шматпавярховак”. Пры затрыманні аднаго з парушальнікаў за некалькі метраў ад міліцыянтаў з вышыні зваліліся дзверы, ніхто не пацярпеў.
Дзеянні абвінавачаных кваліфікаваныя па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса як „пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці з помсты за выкананне службовай дзейнасці”.
Абвінавачаныя былі затрыманыя 11 жніўня гэтага года.
Аляксей Ігнаценка на судзе распавёў, што 11 жніўня мінулага года каля 21 гадзіны сустрэўся з Коржалем і Мажанковым, каб пагутарыць. Паводле яго слоў, ён не браў удзелу ў масавых беспарадках, працаваў да 20 гадзін. „Вельмі шмат людзей было. Мы вырашылі, каб нас не затрымалі, сысці ў бяспечнае месца. Я прапанаваў падняцца на 11-ты паверх, дзе жыве мая жонка. На [агульным балконе] 11 паверха сталі назіраць, што адбываецца ля метро „Каменная Горка”. У 21:40 з’явілася шмат супрацоўнікаў. Яны пачалі выбягаць з аўтазакаў і затрымліваць людзей. Супрацоўнікі, прыкладна 15 чалавек, пачалі забягаць у двары. У гэты час спускаўся мужчына ў белай майцы з другога пад’езда. Супрацоўнікі пачалі яго збіваць. Дакладна не памятаю, што было, але памятаю, што мы схапіліся за дзверы. Мы нічога не крычалі, крычалі людзі з суседніх дамоў. Дзверы стаялі каля сцяны на агульным балконе. Былі знятыя, чырвонага колеру, драўляныя, не вельмі цяжкія. Скінулі”.
На судзе ён заявіў, што гэта „было зроблена з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўнікаў, бо яны збівалі мужчыну”.
„Супрацоўнікі паглядзелі ўверх. Мы прыселі на кукішкі. Прапанаваў забегчы ў кватэру да жонкі. Хвілін 30-40 там праседзелі. Дакладна не памятаю, што распавядаў жонцы, але пра тое, што дзверы скінулі, распавёў. Праз пару дзён пасля гэтых падзей жонка скінула відэа здарэння”, — далей распавёў ён.
Як паведаміў у судзе адзін з пацярпелых сілавікоў, 11 жніўня паступіла інфармацыя, што ў раёне дома 150 па вуліцы Прытыцкага збіраюцца грамадзяне на несанкцыянаваныя мітынгі. У раёне 21 гадзіны прыехалі туды: „Была пэўная колькасць грамадзян. Яны ўбачылі нас і пачалі ўцякаць у двары дамоў. Мы пабеглі за імі. Пачалі затрыманне аднаго грамадзяніна, які стаяў і выкрыкваў лозунгі. Пачалі ўжываць фізічную сілу, і пачуў, як зверху нешта гучна ўпала. Убачыў, што дзверы ўпалі на пад’езд, а затым на зямлю. Адразу даў каманду адыходзіць”.
Паводле слоў пацярпелага, мужчыну затрымалі каля пад’езда. Як адзначыў супрацоўнік міліцыі, „невядома, што магло яшчэ ўпасці там, таму вырашылі адступаць”. Ён заявіў, што баяўся за сваё жыццё і за жыццё сваіх падначаленых. Пры гэтым іскавыя патрабаванні заяўляць не стаў.
Коржаль падчас суда прынёс прабачэнні міліцыянеру: „Паважаны супрацоўнік міліцыі, я хацеў бы асабіста ў вас папрасіць прабачэння за свой учынак. Шчыра раскайваюся і прашу мне дараваць”. Выбачыўся перад пацярпелымі і Ігнаценка.