Агульнабеларускі экалагічны форум пачаў працу на Гомельшчыне



Мерапрыемствы адбываюцца ў шасці раёнах вобласці, але цэнтрам форума стаў Мазыр. Менавіта сюды з’ехаліся 400 удзельнікаў – навукоўцы, прадстаўнікі прыродаахоўчых устаноў, арганізацый, адмыслоўцы па экалагічным турызме. Галоўная мэта форума: кансалідацыя грамадства ў рашэнні праблем аховы навакольнага асяроддзя. Сярод удзельнікаў – дырэктар Дзяржаўнага прыродаахоўчага заказніка “Сярэдняя Прыпяць і Простыр” Віктар Бяленка.

– Я лічу, што ездзіць да нас будуць менавіта аматары. Таму што, заказнік – гэта спецыялізаваная зона, якая будзе цікавіць людзей, якія любяць прыроду, якія любяць чысты экалагічны турызм, а менавіта – ровар, байдаркі, пешыя прагулкі. У нас гэта ўсё распрацавана. Адзінае што сервіс… мы не можам, напрыклад, прадставіць байдаркі патрэбнага класа, ровары.

Форум завершыцца ў нядзелю. За гэты час адбудуцца фэсты, канферэнцыі, конкурсы экалагічнага напрамку. Выстава „Сучасныя тэхналогіі ў вобласці рацыянальнага прыродакарыстання” ды раённы фестываль-кірмаш „Залатыя рукі майстроў Мазыршчыны”.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя