Агульнабеларускі злёт інвалідаў-вазочнікаў
У Пінску падыходзіць да завяршэння агульнабеларускі злёт інвалідаў-вазочнікаў. Рэабілітацыйны лагер напрацягу дзесяці дзён дзейнічаў на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэту. У горадзе над Пінай удзельнікі займаліся адмысловай гімнастыкай, знаёміліся з мясцовай гісторыяй і вучыліся самастойна трымаць сябе ў добрай фізічнай форме. Галоўнае для людзей з абмежаванымі магчымасцямі – сустрэча, тым больш, калі гэта людзі з розных куткоў краіны і можна падзяліцца досведам, – адзначыла старшыня Пінскай арганізацыі інвалідаў-вазочнікаў Алена Макарчук:
– Прыцягваем увагу людзей, грамадства, дзяржаўных структур. Але мне здаецца, што гэта трэба рабіць лепш. Мы яшчэ не дасягаем той пазітыўнай высокай планкі, дзе ўсё добра, а трэба яшчэ працаваць над шматлікімі праблемамі. Усё ж такі людзі не сталі больш добрымі і спагадлівымі.
Аналагічны агульнабеларускі злёт інвалідаў-вазочнікаў у Пінску адбудзецца ў верасні. Арганізатары загадзя просяць, каб неабыякавыя адгукнуліся на прапанову стаць валанцёрамі. Для гэтага трэба звярнуцца ў Рэспубліканскую асацыяцыю інвалідаў-вазочнікаў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя