Агульны спіс невыязных грамадзян Беларусі і Расеі з’явіцца да 1 сакавіка
Беларусь і Расія да 1 сакавіка плануюць завяршыць работы па фармаванні агульнага спіса грамадзян, якім абмежаванае права на выезд. Пра гэта, як паведамляе прэс-служба МУС Беларусі, заявіў начальнік дэпартамента па грамадзянству і міграцыі міністэрства Аляксей Бягун 7 лютага на пасяджэнні міждзяржаўнай міжведамаснай рабочай групы па выпрацоўцы рэкамендацый па правядзенні ўзгодненай міграцыйнай палітыкі.
„Інфармацыя пра гэтую катэгорыю асоб будзе знаходзіцца непасрэдна ва ўсіх пунктах пропуску на дзяржаўных межах дзвюх краін”, — сказаў Бягун. Паводле яго слоў, удзельнікі пасяджэння таксама абмеркавалі перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва ў сферы інфарматызацыі і абмене звесткамі не толькі паміж міністэрствамі ўнутраных спраў, але і шырокім блокам праваахоўных органаў.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па пытаннях міграцыі МУС Расіі Дзмітрый Дземідзенка заявіў, што дамоўленасці, дасягнутыя падчас сустрэчы, дадуць магчымасць вырашыць пэўныя праблемы больш эфектыўна з пункта гледжання практычнага ўзаемадзеяння.
Паводле інфармацыі прэс-службы МУС Беларусі, удзельнікі пасяджэння абмеркавалі ход рэалізацыі плана мерапрыемстваў па фармаванні адзінай міграцыйнай прасторы на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы на 2017—2020 гады, праект канцэпцыі міграцыйнай палітыкі Саюзнай дзяржавы і план яе рэалізацыі на перыяд да 2025 года.
У межах пасяджэння таксама ішла гаворка аб узаемадзеянні кампетэнтных органаў дзвюх краін па забеспячэнні ўезду замежных турыстаў падчас правядзення буйных спартыўных мерапрыемстваў: матча чэмпіянату Еўропы па футболе-2020 у Санкт-Пецярбургу і чэмпіянату свету па хакеі з шайбай у Мінску ў маі 2021 года.
Бакі праінфармавалі адзін аднаго пра змены заканадаўства ў галіне міграцыйнай палітыкі, абмяняліся вопытам і напрацоўкамі ў названай сферы.
Фота naviny.by