Агустоўскаму каналу патрэбна турыстычная інфраструктура
Да ўвядзення бязвізавага рэжыму для замежных грамадзян у раёне Аўгустоўскага канала засталося паўтара месяца. Пакуль застаецца вялікая праблема турыстычнай інфраструктуры, якая недастаткова развітая з беларускага боку канала. Бязвізавы статус прадугледжвае рост колькасці індывідуальных турыстаў. З якімі цяжкасцямі яны могуць сустрэцца, – разважае прадстаўнік аднаго з гарадзенскіх турыстычных бюро:
– Інфраструктура развітая слаба. Гэта і вы бачыце, і мы бачым. І прыдарожнага сервісу, і кавярняў, дзе можна пасядзець, падсілкавацца, – гэтага там няма. Адзінае што ёсць на гэты момант – гэты карабельчык, які там рухаецца паміж шлюзамі, а вось харчавацца турыстам там пакуль няма дзе. Я думаю, гэта трэба развіваць, каб выязны турызм развіваўся. Павінна быць як мінімум не адно месца харчавання.
У раёне беларускай часткі Аўгустоўскага канала ёсць шанец знайсці начлег – там працуе каля дзясятка агратурыстычных сядзібаў. З кропкамі харчавання – сітуацыя нашмат горшая, бары і рэстараны – тут адзінкавыя – адзначаюць тыя, хто займаецца пытаннямі турызму.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя