Айцец Андрэй Крот: Незалежнасць – гэта адказнасць



Шэраг беларускіх культурных і палітычных дзеячоў лічаць, што «паглыбленне інтэграцыі», якое адкладзена на 20 снежня, можа прывесці да страты незалежнасці Беларусі.

На думку душпастара Гарадзенскай грэка-каталіцкай царквы айца Андрэя Крота, незалежнасць у першую чаргу – гэта адказнасць:

– Для  мяне незалежнасць – гэта адказнасць. Адказнасць за ўласны лёс, за лёс сваёй Бацькаўшчыны, сваіх блізкіх і ўсіх сваіх суграмадзянаў і суайчыннікаў. Бо калі нашая краіна незалежная, мы самі за сябе адказваем. Мы самі клапоцімся і пра сваю будучыню, вывучаем сваё мінулае, будуем свой сённяшні дзень. Калі ж незалежнасці няма, намі кіруюць, намі маніпулююць, за нас адказваюць. Таму незалежнасць – гэта нашая свабода і нашая адказнасць за нас і за нашых  блізкіх.

Заяву аб пагрозе незалежнасці яшчэ ў пачатку снежня падпісалі старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, старшыня ТБМ Алена Анісім, былы старшыня Вярхоўнага Савета 12-га склікання Станіслаў Шушкевіч, старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі, Вінцук Вячорка і Анатоль Лябедзька, сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, сустаршыня Руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая, выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Казлоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня