Айцец Андрэй Крот: Святар – гэта звычайны чалавек
Святар у жыцці можа быць вясёлым, ездзіць на ровары ды актыўна цікавіцца падзеямі.
Доказам гэтаму з’яўляецца грэка-каталіцкі святар з Гародні – айцец Андрэй Крот:
РР: Хацелася б дазнацца трошкі пра вас, як пра чалавека. Я ведаю, што вы як раз нарадзіліся на нашым Палессе, на Берасцейшчыне, калі не памыляюся ў Івацэвічах?
Андрэй Крот: Дакладней у пашпарце запісана, што месца майго нараджэння – гэта вёска Бабровічы, але паколькі ў Бабровічах не было на той час шпіталя, я нарадзіўся ў непадалёкім мястэчку Целяханы – гэта поўдзень Івацэвіцкага раёна, самае такое Палессе.
РР: Дзяцінства было такое сапраўднае вясковае?
Андрэй Крот: Дзяцінства было ўжо ў горадзе Івацэвічы, бо пэўна праз год пасля майго нараджэння бацькі пераехалі ўжо ў Івацэвічы. Але не скажу, што дзяцінства не было вясковым, бо мы жылі на ўскрайку горада ў такім прыватным доме. Я заўсёды казаў, што мы жывем у вёсцы, а мая бабуля, вось у дзяцей звычайна бабуля жыве ў вёсцы, а яны жывуць у горадзе, а ў мяне было наадварот. Бабуля жыла ў пяціпавярховым доме ў цэнтры Івацэвічаў. Я казаў, мы да бабулі ідзем у горад, а да сябе ідзем у вёску.
РР: У Івацэвічах колькі вы пражылі?
Андрэй Крот: Я скончыў школу і тады паступіў у Берасцейскі ўніверсітэт, і вось тады пачалося маё такое блуканне па свеце.
РР: Вы лічыце сябе такім палескім хлопцам?
Андрэй Крот: Я лічу сябе палескім хлопцам, толькі палескім, па-іншаму неяк. Я калі прадстаўляюся, то часамі жартую, кажу, што я па нацыянальнасці не беларус, а паляшук.
РР: А чым паляшукі адрозніваюцца ад іншых беларусаў?
Андрэй Крот: Не ведаю, унутраным адчуваннем напэўна хутчэй за ўсё.
РР: Скажыце, а першая мова якая ў вас была?
Андрэй Крот: Мне цяжка сказаць, бо ў хаце мама размаўляла па-расейску заўсёды. Тата размаўляў па-палеску хутчэй, бо гэта было нешта падобнае да беларускай мовы, але там своеасаблівыя канчаткі, экаюць у нас. Я не скажу, што калісьці я там пачаў размаўляць па-расейску, ці калісьці пачаў па-беларуску. Беларускую мову я заўсёды ведаў, у нас былі дзіцячыя кніжкі па-расейску і па-беларуску. Выпісвалі бацькі “Мурзілку” і “Вясёлку”. Вершык пра маленькага хлопчыка Лёню, які будуе з гліны домік, у дзяцінстве нам распавядалі, я яго таксама памятаю.
РР: То бок усе мовы: расейская, беларуская і трасянка арганічна з дзяцінства суіснавалі?
Андрэй Крот: Яны неяк суіснавалі ў дзяцінстве.
РР: А вяртаецеся ў сваю вёску, дзе вашыя карані?
Андрэй Крот: У вёсцы часамі бываю таму, што гэта вёска яшчэ для мяне важная не толькі як месца майго нараджэння, але яшчэ таксама месца майго духоўнага нараджэння. Калі я ўжо стаў грэка-каталіком, прыйшоў у парафію, мне было тады гадоў напэўна сямнаццаць ці васямнаццаць. Я даведаўся, што ў маёй вёсцы перад вайной з 1926 года да 1940 існавала грэка-каталіцкая ўніяцкая парафія. Яе парахам быў айцец Баляслаў Пачопка – стваральнік першай беларускай граматыкі, рэдактар першай беларускай каталіцкай газеты, аўтар першага беларускага малітоўніка. Таму неяк, хоць у дзяцінстве мы асабліва туды не ездзілі, бо там блізкіх не засталося, там цёця жыла ў вёсцы побач, туды мы часамі ездзілі, а ўжо калі я стаў семінарыстам, то некалькі разоў на год. Нават часамі так здараецца, што трапляю туды ў Бабровічы, каб ушанаваць памяць не толькі сваіх асабістых продкаў, але і айца Баляслава, і вернікаў грэка-каталіцкай парафіі, якая была знішчаная падчас Другой сусветнай вайны – яна была знішчаная, спаленая. Мы туды прыязджаем часам са святарамі, семінарыстамі, вернікамі, памаліцца за тых людзей, якія загінулі. Таксама наведваем айца Баляслава Пачопку ў Целяханах і там молімся, узгадваем яго.
РР: Яшчэ заўсёды хацела спытаць, адкуль у вас такі вясёлы, энергічны характар і такія аптымістычны настрой да жыцця?
Андрэй Крот: Я думаю, што па-іншаму і не выжыць у гэтым свеце. Хаця з другога боку, ведаеце, я неяк так нядаўна разважаў над тым, што калі ты сумны нейкі, такі загружаны жыццёвымі праблемамі, то і людзі вакол цябе становяцца сумнымі, загружанымі жыццёвымі праблемамі. Калі ты вясёлы і радасны, то і людзі вакол цябе становяцца вясёлымі і радаснымі. І зноў жа ў жыцці заўсёды ёсць нейкія рэчы, якія ствараюць нам радасць. Ёсць праблема, але праблемы можна вырашаць.
РР: Скажыце, а ўвас ёсць нейкія такія хобі, скажам не звязаныя з вашай асноўнай жыццёвай місіяй.
Андрэй Крот: Яны нейкія такія розныя з’яўляюцца, маё новае хобі – гэта ездзіць на ровары. Я святкаваў дзесяцігоддзе сваёй працы ў парафіі ў Гародні, і пра ровар я ўжо даўно марыў, і гаварыў шмат людзям. Але мяне заўсёды стрымлівала тое, што ў такім шматпавярховым доме няма месца, дзе яго трымаць. Але парафіяне ўсё ж такі падарылі мне ровар, і вось зараз я езджу на ровары, засвойваю новы від транспарту, які для мяне вельмі прыемны таму, што дазваляе трымаць сябе ў фізічнай кандыцыі, бо жыццё такое зараз святарскае, што больш сядзіш дзесьці там за камп’ютарам ці пры кніжках. А па-другое, ён дазваляе хутка перамяшчацца па горадзе, бо таксама ёсць шмат патрэбы наведаць аднаго, ці другога чалавека, ці пайсці ў парафію на службу, у бібліятэку, каб пазычыць кніжкі нейкія неабходныя для працы, або ў яшчэ нейкія іншыя месцы.
РР: Вы не шкадавалі, што трапілі менавіта ў Гародню? Не хацелі служыць на Берасцейшчыне.
Андрэй Крот: На пачатку неяк я хацеў напэўна больш, бо адразу пасля семінарыі мяне накіравалі ў Пінск, і там была такая сітуацыя, што парафія наша не была зарэгістраваная. Я займаўся рэгістрацыяй парафіі, але потым неспадзявана мяне накіравалі ў Гародню. Святар айцец Віктар Данілаў сышоў на пенсію, ён з’ехаў і парафія засталася без святара, я быў самы малады і кагосьці трэба было накіраваць, значыць такі лёс выпаў мне.
РР: Да гэтага не былі з Гародняй звязаныя?
Андрэй Крот: Не, не быў ніяк звязаны. Напэўна быў некалькі разоў толькі ў Гародні, і тое так можа праездам. Ну а з другога боку зараз я ўжо з Гародняй за дзесяць гадоў так звыкся, так зросся, што і не ўяўляю сабе жыцця ў іншым месцы.
РР: А які вы дома?
Андрэй Крот: Розны – бываю вясёлы, бываю задуменны, бываю злы часамі.
РР: Як ўсе людзі?
Андрэй Крот: Як і ўсе людзі, канешне, бо святар – гэта звычайны чалавек.
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя