Айцец Іаан: Беларусы пакрытыя хрыстовымі колерамі



… Нібы, буравяць усяго праз апранахі мніха яго пранікнёныя вочы, у якіх Бяздонне і Дабрыня. Яго – параўнальна нядаўна Інака Мікалая, сёння айца Іаана, у літаратуры – паэтычнага Зніча, у свеце – 75-гадовага Алега Бембеля.

a1r

Акурат спагады і разумення  у мінулым, людскім жыцці ад навакольнага грамадства яму яўна бракавала. Бліскучы пачатак кар’еры таленавітага навукоўцы ў 80-х быў перарваны выгнаннем з Інстытута філасофіі і права АН БССР ды неабароненай дысертацыяй, што была прызнаная “нацыяналістычнай”. Пасля атрымаў ярлык “дысідэнта” за выдадзеную ў Лондане працу “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”. Чарговыя зборнікі вершаў “Малітвы за Беларусь”, “Агніва” ужо выйшлі ў праваслаўных выдавецтвах. У 1988 адстойваў Курапаты разам з Зянонам Пазьняком. Аж пакуль 18 год таму зышоў мніхам-паслушнікам у Свята-Успенскі Жыровіцкі кляштар. Дзе й зараз жыве і вядомы як айцец Іаан. Напярэдадні нашай сустрэчы выйшаў яго фаліянт больш чым на паўтысячы старонак з архіўнымі матэрыяламі ды выбранымі публікацыямі розных гадоў “Шляхам сумоўя”. Там і ягоныя геніяльныя – вызначэнне не маё – вершы. Зрэшты, хутчэй да яго – у Жыровічы.

a5

У сценах Свята-Успенскага кляштара я сустрэўся з айцом Іаанам (Знічам) у часе акафеста перад цудатворнай іконай Жыровіцкай Божай Маці. “Мы памаліліся і царыца нябесная скіруе нашу размову ў богаўгодным кірунку” – выказаў ён спадзеў.

a2

РР: Архірэй, што зараз служыў, перацягнуты бел-чырвона-белай лентай-ахоўніцай…

Айцец ІААН: Апранахі святароў упрыгожаныя колерамі плашчаніцы ўкрыжаванага і ўваскрослага богачалавека Хрыста. І калі ў мяне спытваюць, дзе “жыве Беларусь”, кажу – глядзіце на святочныя аблачэнні праваслаўных патрыярхаў ды архірэяў. Беларусы – адзінае племя на Зямлі, пакрытае хрыстовымі колерамі, як нацыянальным сцягам! Дзяржаўныя сцягі могуць мяняцца ў залежнасці ад палітычных варункаў. А пад нацыянальнымі плямёны пойдуць аж на Страшны суд. Мы гэтымі колерамі набліжаныя да Хрыста і павінны прайсці ўвесь яго зямны шлях – ад укрыжавання, ганення, знявагаў, пакут да хроснай смерці і Ўваскрасення.

РР: Але чаму ўсе знакі божыя – у тым ліку, процьма адмоўных – ідуць на Беларусь, якая гады і гады апынаецца гістарычна “крайняй”?

Айцец ІААН: Бел-чырвона-белыя колеры плашчаніцы і азначаюць, што мы ідзём на Галгофу ўслед за Хрыстом. З ім – і на фаворы, і на крыжы. Тая ж чарнобыльская Галгофа – праз нас знак усім зямлянам, прадказаны яшчэ ў эвангельскія часы – “зорка палын, якая пакрые амаль увесь свет”. Значыць, паводле пісання, набліжаецца другое прышэсце Збаўцы.

РР: Зараз шмат размоў пра тое, каб у Беларусі з’явілася свая аўтакефальная праваслаўная царква…

Айцец ІААН: Адкажу спачатку невялікім вершыкам:

Лаціна! Моваю імшы ты станеш зноў для Беларусі.

Хто адысці цябе прымусіў ад беларускае душы?

Ты – мова казачных радкоў боганатхнёнага Міколы

І – беларускага касцёлу ты станеш моваю ізноў.

Панове, не, гэта не шал, не водбліск летуценняў кволых

Жыві, Зяноне, кардынал аўтакефальнага касцёлу!

Калі браты-каталікі пытаюцца ў мяне пра аўтакефальную царкву, кажу – стварыце такі касцёл! Дык адказваюць – у нас ёсць “папа”, і калі “дзеткі” пачынаюць балавацца, “тата” іх строга ўразумляе. Таму, кажу, калі вы, браты-каталікі, ў сіле зрабіць касцёл з літургічнай лацінкай, мы, праваслаўныя, паглядзім, што з гэтага атрымаецца і тады працягнем гаману на гэтую тэму.

РР: Наколькі Вы інфармаваныя сёння, наколькі абазнаныя пра падзеі ў Беларусі і свеце тут, у Жыровіцах?

Айцец ІААН: У кляштары мніхі мурам адгароджаныя ад “свету”, няма радыё, ТБ, газэтаў. Тут Вечнасць, як ты бачыў, рукі занятыя паслушаннем, малітва гучыць няспынная за ўвесь Свет. Людзі сюды прыходзяць у стане спавядальным, дзеля сустрэчы з Богам, каб ачысціцца ад грахоўнага бруду зямнога. І таму да нас АД ІХ найперш болем сэрца выпакутаваная інфармацыя ідзе – я лічу, самая глыбінная.

a9r

Таму, як я яе адчуваю:

Дарослыя дурэюць, гінуць дзеці – падманам пакрываецца падман.

Нешта не так ва ўсім славянскім свеце, калі славянаў б’юць рукой славян.

Наконт палітычных рэжымаў. Богачалавек Хрыстос сказаў на ўсе вякі – аддавайце цэсару цэсарава, богу богава. Цэсар – абагулены вобраз Правіцеля дзяржавы. Па- рознаму яны сабе называюць, але дзейнасць іх усіх грунтуецца на грахоўных чалавечых страсцях і хаценнях.

РР: Вы супраць дэмакратыі?

Айцец ІААН: “Дэман-кратыя” ! “Народаўладдзе” – адна з самых страшных спакус. За ёй стаяць прафесійныя рэвалюцыянеры-“дэманкраты”. Гэта і ёсць антытэза ўстаноўленай Богам гармоніі.

Роўнаапостальны Уладзімір праз люстру тысячы гадоў

Глядзіць на сумны твар Радзімы, на лёс аслепленых сыноў.

У вогнішчах і хмарах дыму ад месц святых і кніг святых

Згубілі мы сваю Радзіму – сляпыя, што вядуць сляпых…

Сёлета мы адзначаем не толькі 70-годдзе Перамогі над фашысцкай мадэллю глабалізацыі. Спаўняецца і 1700 год, як пачалося хрышчэнне роўнаапостальным Канстанцінам Эўропы. Шмат вякоў пасля правіцелі грунтавалі сваё свецкае заканадаўства на падставе запаведзяў Божых і канонах царквы. Прыкладна два вякі таму пачала набіраць моц другая мадэль глабалізацыі з апазнавальным знакам “даляр”. Утварылася фінансава-палітычная піраміда, што належыць вузкаму спадчыннапераемнаму хаўрусу асобаў, што яе ўтварылі ды ўзрасцілі. Адбылася “зачыстка” амерыканскага кантыненту ад карэнных жыхароў. “Піраміда” стварыла сабе падручную звышдзяржаву, якую яна кантралюе. Пачала няспынную, татальную вайну супраць хрысціянскай Еўропы. Пачаліся спецаперацыі, якія мы ведаем, як “рэвалюцыі”  – з разбурэннем хрысціянскіх дзяржаў. Пасля 1917-18 пад яе ўладарствам апынулася фактычна ўсё Паўночнае паўшар’е. Але ў сярэдзіне 30-х сцэнар далейшага захопу разбурыўся з-за таго, што называецца “роля “лычнасці” ў гісторыі”. Дзве вядомыя асобы – адна ў Берліне, другая ў Маскве – зблыталі карты “піраміды”. Паводле сакрэтнага пагаднення сама “цытадэль” – ЗША – мусіла быць падзеленая папалам. Удалося перайграць “лычнасці”, сутыкнуўшы іх у жахлівай другой сусветнай бойні з вядомым фіналам…

РР: Але ўжо пад хрысціянскімі мяноклічамі расейская імперыя вынішчае зараз украінскую  дзяржаўнасць, пагражае Беларусі “зялёнымі чалавечкамі”…

Айцец ІААН: Тое, што мы назіраем, гэта не сутыкненне Украіны з Расеяй. Хрысціянская дзяржаўнасць разбураная ўжо як два вякі – спачатку на Захадзе, у Францыі. У 20 веку пачалася вайна паміж двума найвялікшымі хрысціянскімі дзяржавамі – Нямеччынай ды Расеяй, дзе яны зруйнавалі сабе. Пачалося трэцяе тысячагоддзе хрыстовай эры. Па ўсіх законах “знічвы” – так па-тутэйшаму завецца дыялектыка – усё павінна адбыцца. Тут паўсюдна дражняць канцом свету – улады на гэтым зарабляюць. Дык вось, мы жывем пад д’яблавай спакусай глабальнага апакаліптычнага самагубства, якое за некалькі гадзін можа знішчыць  усе  вышэйшыя формы жыцця на Зямлі. Будзем маліцца, каб Гасподзь не дапусціў гэтым пальцам націснуць гэтыя кнопкі. Усё маё жыццё, як толькі ўзарвалі тыя дзве “бомбачкі”, прайшло пад пагрозай ядзернага апакаліпсіса. Як мая бабуля казала – “ахальныя бадародныя бомбы”.  Будзем спадзявацца, што Гасподзь не дасць зрабіць гэта Дэману. Зямныя Цэсары найбольш магутных цэнтраў сілы  – і добрыя, і нядобрыя – усе папушчаныя Госпадам. Альбо па добрых справах і малітвах нашых, альбо па грахах ды беззаконнях. Ён папускае зла не больш, чым для нашай карысці – каб агнём ачышчаць нашы грэшныя душы. Хай жа не больш папусціць!

Спакуса рогам і хвастом, і слодычы грахоў не кіне

між Хрыстом і ворагам яго ў пустыні.

Ад чашы горычы і болю, што на крыві – не на вадзе

Павінен выпіць сваю долю той, хто за Госпадам ідзе.

І калі п’еш без наракання, раскаянна, бо заслужыў

вянец уратавання, як той разбойнік на крыжы.

Я – суверэн сваёй сям’і, радзіўшы ў свет маленькіх чадаў

маёй малітвай і даглядам.

І хай ад здрадаў і нягод, як ад патоку свет загіне

З каўчэжку малага майго паўстане зноў мая РАДЗІМА!

РР: А ўсё-ткі Вы былі працяглы час гэтакім сталічным дэндзі – франтавата апранутым, вострым на язык, інтэлектуалам, якому прарочылі ледзь не Нобель. Наколькі цяжка і праз што давялося пераступіць, каб апынуцца не ў новым стане – новым вымярэнні?!

Айцец ІААН: У Жыровіцы прыехаў на мяжы 95-96, калі жыццё мяне з усіх бакоў прыціснула. Гасподзь ужо тады даваў мне яўныя знакі, што свет – не тваё месца. Прыйшоў на магілкі пачэсных тутэйшых старцаў Іераніма і Мітрафана. Там таксама сядзеў старац, які паглядзеў на мяне і, нічога не спытаўшы, прамовіў – “дзяржысь манастыра!”

РР: Як у жыцці ўжываюцца “Слава Госпаду” і “Жыве Беларусь”, айцец Іаан і Алег Бембель?

Айцец ІААН: Свецкія імёны, як і пашпарты, дзяржава, грамада ў нас застаюцца. А ў царкоўных імёнах пры пострыгу іначаскім, мніхаўскім мяняюцца нябесныя ахоўнікі. У свеце я быў грэшным Алегам 62 гады і 2 дні. Потым з’явіўся інак Мікалай, які пабыў з намі 12 гадкоў і 2 месяцы. А замест яго прыйшоў немаўлятка Іаан, якому ўсяго другі гадочак.

А, ўвогуле, у адным слупочку:

У Кіеве, Бэрліне і Маскве Еўропа хрысціянская жыве

Уваскрасае пакрысе,

А покуль у Менску хай жыве Канстантынопаль! Амінь!

a3r

На фота: трапезны стол мніхаў

a4r

На фота: магілы пачэсных мніхаў

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара