Айцец Зміцер Чарнэль: Чалавеку трэба вярнуцца да Бога



Хрысціяне розных канфесіяў рыхтуцца да Свята Раства Госпада Ісуса Хрыста.

Ужо на гэтым тыдні сканчаецца Піліпаўка і Адвэнт для каталікоў абодвух абрадаў. Беларусы мусяць пераадолець скруху і страхі, звязаныя сёлета з фізічнымі і маральнымі пакутамі. Асабліва праз распаўсюд каронавірусу і рэпрэсіі ўладаў да іншадумцаў. Адказы на гэтыя няпростыя пытанні дапаможа атрымаць наш Госць Рацыі – айцец Зміцер Чарнэль з Гародні, з якім гутарыць карэспандэнт Якуб Сушынскі.

РР: Гэты год, як і папярэдні, для большасці жыхароў Беларусі быў годам страсення. Гэта і грамадска-палітычныя і вірусныя праблемы, якія збілі з тропу многіх. У чым прызначэнне сённяшняга чалавека ў такім раздраі хваробаў і грамадскіх страсенняў?

Айцец Зміцер Чарнэль: Калі паглядзець на прысутнасць чалавека ў свеце ад самага пачатку, то пабачым, што цяперашні наш час – гэта не нешта надзвычайнае і асаблівае. Ва ўсе часы чалавек сутыкаецца з невырашальнымі праблемамі. Калі чалавек прыдумвае спосаб, як гэтыя праблемы вырашыць, абавязкова сутыкаецца з іншымі. Месца чалавека ў гэтым свеце прадыктавана нашай духоўнай гісторыяй. Чалавек быў створаны ў свеце Богам не для таго, каб пакутаваць, змагацца з праблемамі. А для таго, каб жыць і быць шчаслівым. Але перашкодай для гэтага жыцця і шчасця з’яўляецца падзел, які ўзнік паміж чалавецтвам і Богам. І сёння, у гэтыя дні падрыхтоўкі да свята Божага нараджэння, мы звяртаем погляд на Хрыста, Божага сына, Бога, які прыйшоў у целе ў свет людзей, каб гэты падзел знішчыць, адмяніць, каб аднавіць еднасць Бога і чалавека. Гэта сёння не многія хочуць вызнаваць, не многія, можа гэта гучыць сумнеўна, але праўда такая, што чалавеку трэба вярнуцца да Бога. Калі чалавек пачне вызнаваць Божыя прынцыпы жыцця, Божыя прынцыпы адносінаў да іншага чалавека, да свету, да свайго жыцця, тады нашае жыццё, нашае становішча ў свеце праявіцца ў новым аспекце, цалкам у іншай якасці.

РР: Калі мы глядзім на грамадска-палітычныя падзеі ў Беларусі, а яны не могуць закранаць людзей веруючых, то тут узнікае духоўная дылема, звязаная перадусім з тым, як дараваць, бо найважнейшай з’яўляецца гэтая сутнасць даравання ворагам, сябрам, людзям, якія саступіліся, вядуць няслушны лад жыцця. У чым на вашую думку сутнасць даравання? Як гэтага дасягнуць?

Айцец Зміцер Чарнэль: Дараванне – гэта рэч не такая простая, як здаецца. Калі сказаць сходу, ты хрысціянін і павінен дараваць, то гэта так не працуе. Дараванне, або прабачэнне, звязана з адносінамі паміж людзьмі. Калі ёсць правіна чыясьці, то чалавек, перад кім правініліся, каму зрабілі крыўду, можа дараваць. Лягчэй, калі гэты чалавек у гэтым раскаяўся. Праблема ўзнікае глыбейшая, калі чалавек не раскайваецца, або нават не вызнае сваёй правіны. Тут з боку пакрыўджанага цяжка іншым староннім асобам вымагаць нейкага прабачэння, або даравання. Гэта яго духоўная справа да гэтага дарасці. Але тое, на што чалавек можа разлічваць, тое, на што ён можа знайсці ў сабе сілы, – гэта гатоўнасць прабачыць, або не чыніць крыўду ў адказ. Прыкладам гэтага з’яўляецца Хрыстос, які будучы ўсемагутным Богам зменшыў сябе і прыняў на сябе ўсе ўдары, якія нанеслі яму яго крыўдзіцелі. Ён не карыстаўся сваёй веліччу і ўсемагутнасцю. Прыняў гэтыя ўдары, ведаючы, што за ім большая праўда.

Цалкам размова:

Размаўляў Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя