Айцішніка Дзмітрыя Падрэза асудзілі за зліў дадзеных пра сілавікоў



Судовая калегія па крымінальных справах Менскага гарадскога суда 15 сакавіка вынесла прысуд пра справе палітвязня і IT-спецыяліста Дзмітрыя Падрэза.

Яго абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), арт.364 (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 365 (Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Старшынствуючы ў судзе суддзя Сяргей Хрыпач.

Дзмітрый Падрэз – мастар, IT-спецыяліст, быў затрыманы15 ліпеня 2021 года за перадачу дадзеных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў тэлеграм-каналу „Чорная кніга Беларусі”. Да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Менска.

Прысудам суда абвінавачаны Падрэз быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб, і на падставе ч.6 арт. 16, ч. 3 арт. 130 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 7 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Прысудам суда з абвінавачанага Падрэза на карысць траіх пацярпелых, прозвішчы якіх пакуль невядомыя, спагнана матэрыяльнае пакрыццё маральнай шкоды ў памеры 11 000 рублёў.

Апроч таго, у адпаведнасці з ч. 1 арт. 46-1 КК ужытая спецыяльная канфіскацыя да мабільнага тэлефона «Хіаомі Redmi 6″, які належыць абвінавачанаму, які з’яўляецца сродкам учынення злачынства.

spring96.org