Ахова птушак Бацькаўшчыны настойвае на прыпыненні небяспечнага для рэдкіх відаў змянення заканадаўства



Біёлаг і арнітолаг, дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі на прэс-брыфінгу ў Менску паведаміў, што на днях да адмыслоўцаў трапіў праект пастановы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, які змяняе і дапаўняе Тэхнічны кодэкс практыкі аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання, які існуе зараз. Паводле кіраўніка АПБ, абмеркавання зменаў, якія істотна скарачаюць ахоўныя зоны месцаў рассялення чырвонакніжных відаў птушак, звяроў, рыб і насякомых, не было ні з грамадскасцю, ні з навукоўцамі.

«Некаторыя пазітыўныя моманты новага дакумента перакрэсліваюцца тым негатывам для рэдкіх відаў», – сказаў Аляксандр Вінчэўскі.

– Напрыклад, у месцах гнездавання амаль трыццаці відаў птушак прапануецца адмовіцца ад забароны палявання, нават увесну. Прапануецца проста рэкамендаваць, увесці зоны пакою, гэта значыць неабавязковая забарона на паляванне. Па-другое, прамысловую лоўлю ў месцах пражывання такіх рэдкіх відаў як сцерлядзь, кумжа, сёмга, прапануецца абмежаваць толькі падчас нерасту.

Навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Валерый Дамброўскі адзначыў, што новым дакументам ахоўныя зоны мяркуецца скараціць практычна ў тры разы.

Працы ў лясах ля гнёздаў рэдкіх птушак можа пакінуць лясы ўвогуле без некаторых відаў, зазначыў ён.

– Калі высечка вядзецца ў гнездавы перыяд, хоць там і 200-300 метраў ад гнязда, птушка пакіне гэтае гняздо, адназначна. Для шматлікіх відаў, калі высечка за сто метраў ад гнязда, як тут прапануецца, то нават калі высякалася зімой, птушкі кінуць, таму што зменены гнездавы ўчастак. Бо ён становіцца адкрытым для чалавека, для драпежнікаў. Змены знешніх умоваў могуць прывесці да згубы гнязда. Гэта прывядзе да таго, што шмат гнёздаў проста будуць кінутыя, калі гэтыя рэкамендацыі будуць ужытыя.

Аляксандр Вінчэўскі плануе сустрэцца з кіраўніцтвам Мінпрыроды і прапанаваць грамадскае абмеркаванне зменаў закону. Змены могуць быць прынятыя на наступным тыдні.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя