Ахова птушак Бацькаўшчыны пашырае шэрагі



Ахова птушак Бацькаўшчыны плануе на траціну павялічыць колькасць сяброў арганізацыі за кошт Магілёўскай і Гомельскай абласцей

Зараз усходнія рэгіёны краіны амаль не ахоплены АПБ, хаця ў Гарадзенскай і Берасцейскай абласцях папулярызаваць еўрапейскую модную тэндэнцыю па назіранні і дапамозе птушкам не трэба – тут філіі АПБ ёсць амаль у кожным раёне.

Таму Ахова птушак Бацькаўшчыны пачынае рэалізацыю праекта «Аб’ядноўваючыся вакол прыроды».

Праца па папулярызацыі прыродаахоўнага руху будзе праводзіцца са студэнтамі, школьнікамі і мясцовымі жыхарамі, распавядае менэджэр праекту Кацярына Прысяжнюк.

– Спадзяемся, што у нас з’явіцца тысяча новых сябраў – 50 клубаў “Крылаты дазор”, 15 груп жыхароў, якія займаюцца прыродаахоўчай дзейнасцю, І яшчэ мы працуем з 3 ВНУ – Мазырскім універсітэтам, Магілёўскім універсітэтам і Горацкай Акадэміяй.

Праект, які павінен стварыць сетку па вывучэнні і ахове прыроды ў рэгіёнах, разлічаны на 2,5 гады. Фінансавую падтрымку Ахове птушак Бацькаўшчыны ў гэтай справе здзяйсняе Еўрапейскі Саюз.

Беларускае Радыё Рацыя