Ахове працы – асаблівы клопат



На Гарадзеншчыне з кожным годам павялічваецца колькасць загінулых на вытворчасці людзей па віне наймальнікаў. Паводле дадзеных абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, сярод 19-ці смяротных выпадкаў у мінулым годзе 13 чалавек страцілі жыццё ў сувязі з эксплуатацыяй сапсаванага абсталявання, парушэннямі тэхнікі бяспекі і недастатковым навучаннем персанала. Прадстаўнік прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці па Гарадзенскай вобласці Васіль Корабаў перакананы ў тым, што дзяржава не клапоціцца належным чынам аб бяспецы працоўных:

– У кожным раёне, у кожным горадзе ёсць інспекцыя аховы працы, якая павінна гэтым займацца. На жаль, не заўсёды яны гэтым займаюцца сур’ёзна, часам павярхоўна. Улічваючы тыя выпадкі, якія ёсць, яны з’яўляюцца тады, калі нешта ўжо адбылося. Трэба заўсёды працаваць на апярэджанне. Трэба рабіць так, каб нічога не адбылося, каб не было ні няшчасных выпадкаў, ні траўмаў на вытворчасці.

Парушэнні тэхнікі бяспекі на працоўных месцах сталі прычынай ў 2014 годзе 76 цяжкіх траўмаў на прадпрымемствах Гарадзеншчыны. Прычым, у суб’ектаў малога прадпрымальніцтва не зафіксавана ніводнага смяротнага выпадка, цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымалі 9 асобаў. Найбольш траўманебяспечнымі з’яўляюцца прафесіі слесара, электрагазазваршчыка, кіроўцы аўтамабіля і станочніка дрэваапрацоўчых станкоў.

Беларускае Радыё Рацыя