Ахвяраў сталінскіх рэпрэсій паміналі ў Бельчыцах пад Полацкам
Ля Бельчыцкага крыжа ў Полацку адбылася жалобная ўрачыстасць у памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Штогод на Дзяды гэтае мерапрыемства праводзяць тут парафіяне мясцовай грэка-каталіцкай парафіі.
Вялікі металічны Крыж памяці стаіць на ўскрайку Бельчыцкіх могілкаў. Аповеды мясцовых жыхароў пра масавыя расстрэлы, якія тут ладзілі каты полацкай турмы, перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
Традыцыйныя малітву па памерлых і малебен за беларускі народ адслужыў настаяцель полацкай парафіі святога Язафата айцец Аляксандр Шаўцоў.
Прыканцы малітваў прысутныя разам праспявалі «Магутны Божа».
У працоўны дзень жалобную ўрачыстасць арганізатары мусілі наладзіць увечары, пасля 18-й гадзіны. Таму мерапрыемства праходзіла пры святле свечак і ліхтарыка, што надало яму яшчэ большую сэнсавую заглыбленасць і філасофскую разважлівасць.
[Not a valid template]
Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.
